Творочы подзвіг сатырыка, драматурга, вучонага

Ёсць асобы, якія маюць быццам не адно жыццё, не адну біяграфію. Дзелячыся з мноствам людзей багаццем сваёй душы такія людзі не бяднеюць, а наадварот – узбагачаюцца сілай народа, яго ўдзячнасцю і любоўю. Сапраўдным сынам народа, як сцвярджае калега па пісьменніцкаму брацтву Янка Брыль, быў наш зямляк – народны пісьменнік Беларусі, акадэмік НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Кандрат Кандратавіч Атраховіч (Кандрат Крапіва).

З нагоды юбілейнай даты – 125-годдзя з дня нараджэння знакамітага пісьменніка – у Уздзенскай сярэдняй школе №2 імя К. Крапівы прайшоў шэраг мерапрыемстваў, аб’яднаных у Крапівінскі тыдзень.

Вучні сярэдніх класаў памераліся сіламі ў веданні роднай мовы на пазнавальным турніры “Любуюся словам”. Яны спрабавалі сябе ў складанні вершаў, успаміналі аўтараў вядомых твораў, у якіх гучалі словы прызнання роднай мове, перакладалі каларытныяпрыгожыя лексічныя адзінкі з рускай мовы на беларускую, адгадвалі загадкі. І ўсё гэта ў форме спаборніцтва, весела, без прымусу.

Дзяўчаты і хлопцы старшых класаў правялі пасяджэнне літаратурнай гасцёўні, прысвечанае жыццю і творчай дзейнасці К.Крапівы. згадваліся найбольш яркія эпізоды з жыцця вядомай асобы, гучалі яго сатырычныя вершы і байкі. Аповяд суправаджаўся фрагментамі з дакументальнага фільма пра К.Крапіву. А яшчэ на сустрэчу мы запрасілі члена Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Беларусь Нічыпаровіч Ганну Міхайлаўну, якая расказала пра сябе, пра тое, як прыйшла ў пісьменніцкае брацтва, пачытала свае гумарэскі і лірычныя мініяцюры.

Для дзетак малодшых класаў таленавітыя гурткаўцы аб’яднання па інтарэсах “Вітамін” падрыхтавалі вясёлую праграму пад назвай “Крапівінскі кірмаш”. Жартам, але ўсур’ёз нагадалі героі твораў К.Крапівы аб тым, чаго грамадству будучага трэба пазбаўляцца. Пасмяяліся разам з нядбайнасці, гультайства, пытлівасці.

Шматлюдна гэтымі днямі і ў школьным літаратурным музеі К. Карпівы. Вучні школы і госці пабывалі на экскурсіях “Чатыры вайны ў жыцці К.Крапівы”, “К. Карпіва. Пісьменнік. Вучоны. Асоба”, “Дарагія мае землякі…”

У школьнай бібліятэцы дзеткі зацікаўлена гартаюць кніжачкі беларускіх аўтараў з выставы “Беларуская кніга для вас”.

Чараўнік, якому прырода адкрыла запаветнае слова, здольнасць тварыць цуды, быў першай асобай і на ўроках літаратуры, дзе яшчэ і яшчэ раз згадваўся неўміручы талент як сведчанне глыбокага прызнання юнымі ўздзенцамі вялікіх заслуг самага вядомага выхадца Уздзеншчыны – Кандрата Крапівы.

 

cs-nsk

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить