Кандрат Крапiва - драматург

Ліпніцкая Юлія, 11 клас

Прыход К. Крапівы ў драматургію даследчыкі яго творчасці атэстуюць як з'яву абсалютна заканамерную (мастацкая эвалюцыя пісьменніка вяла менавіта да гэтага), хоць сам пісьменнік не выключае фактар пэўнай выпадковасці (запрашэнне да супрацоўніцтва з БДТ-І дзеля перакладу для гэтага тэатра на беларускую мову п'есу Д. Фанфізіна «Недоросль»).

Блізкае знаёмства з працай флагмана беларускага тэатральнага мастацтва пераканала К. Крапіву, што ў рэпертуары тэатраў бракуе п'ес маральна-этычнага зместу, таму ў першым сваім драматургічным творы «Канец дружбы» (1932), адзначаным, дарэчы, другой прэміяй на ўсебеларускім конкурсе 1933 г., асноўную ўвагу ўдзяліў як паказу пэўных сацыяльна значных падзей, так і мастацкаму даследаванню дыялектычна супярэчлівых стасункаў паміж пачуццём грамадскага абавязку і асабістымі амбіцыямі і прыхільнасцямі.

Пісьменнік увесь час падкрэсліваў, што сэнсавым ядром усіх яго п'ес, пачынаючы з самай першай, былі менавіта такія калізіі, і злёгку крыўдаваў на даследчыкаў яго творчасці, што яны не заўсёды заўважаюць гэту акалічнасць. «Канец дружбы» — адзін з самых загадкавых твораў К. Крапівы. Яму, як нікому іншаму, пашанцавала на самыя розныя, часам узаемавыключальныя, трактоўкі і ацэнкі. У гарачцы спрэчак многія даследчыкі не заўважалі, што п'еса ўсё ж не пра канец дружбы, што гісторыя ідэйнага разрыву двух сяброў — толькі сэнсавае ядро твора, а звышзадача аўтарскай задумы — паказаць трагічныя перыпетыі сацыяльна-палітычнага жыцця Беларусі пачатку 30-х гадоў. У пэўным сэнсе «Канец дружбы» можна разглядаць як другую частку рамана «Мядзведзічы». Тэма дружбы паслужыла прызмай, павелічальным шклом, праз якое ён больш ярка і пераканаўча паказаў праявы тагачаснай рэчаіснасці.

«Адлюстраваць, хоць у малой меры тую вялікую народную драму, якая разыгралася на прасторах Беларусі, — гэта было маёй задачай, калі я прыступіў да напісання п'есы» (Літ. і мастацтва. 1938. 1 мая), — так гаварыў К. Крапіва аб творчай задуме новага свайго драматычнага твора.

Драма «Партызаны» (1937) сваім з’яўленнем была прымеркавана да дваццатай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі. I калі «Канец дружбы» можна лічыць першаснай заяўкай на званне драматурга, дык «Партызаны» засведчылі, наколькі сур'ёзнай яна аказалася. Паказ барацьбы беларускага народа супраць белапольскіх акупантаў атрымаўся яркім, праўдзіва-пераканальным. Драматургу нічога не трэба было выдумляць: на старонкі свайго твора ён «запрасіў» людзей, з якімі сам перажыў акупацыйную навалу, якіх добра ведаў, якіх назіраў у непасрэдных жыццёвых сітуацыях. Але адна справа — добрае веданне матэрыялу, іншая — уменне пераплавіць яго ў мастацкія вобразы. I такога ўмення К. Крапіве было не пазычаць: большасць герояў п'есы, асабліва дзед Бадыль, бежанец Батура, партызанскі важак Даніла, яго сябар Рыгор, ваенком Скіба, кулак Маргун, яго дачка Кацярына, пані Яндрыхоўская, шляхціц Шмігельскі, атрымалі вельмі дакладную псіхалагічную характарыстыку. Сцэнічны лёс п'есы склаўся вельмі шчасліва. Прынамсі, ні адзін з драматургічных твораў К. Крапівы не мог пахваліцца такой ступенню грамадскай зацікаўленасці і запатрабаванасці. Спектакль БДТ-1, паказаны ўдзельнікам Народнага сходу Заходняй Беларусі ў Беластоку (1939), быў дзейсным аргументам на карысць уз'яднання. Ён паказваўся таксама на першай Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве (1940), быў адным з самых рэпертуарных у час Вялікай Айчыннай вайны. П'еса і сёння часта ставіцца самадзейнымі тэатральнымі калектывамі.

У творчым плане «Партызаны» адыгралі для К. Крапівы вельмі вялікую ролю: па напісанні гэтай п'есы ён адчуў сябе сапраўдным драматургам. Як ён сам прызнаваўся пазней, толькі пасля пастаноўкі гэтай п'есы яму ўдалося зусім пэўна спасцігнуць сакрэты творчасці для сцэны, без чаго было б нашмат цяжэй здзейсніць напісанне наступнай сваёй п'есы — сатырычнай камедыі «Хто смяецца апошнім» (1939). А здзяйсненне гэта іначай, як творчым грамадзянскім подзвігам, назваць нельга. Як і ўсякі выдатны твор, камедыя «Хто смяецца апошнім» была сустрэта неадназначна: адны горача віталі яе выхад, другія з няменшым запалам стараліся перашкодзіць трыумфальнаму яе шэсцю ў тэатры краіны. Высокія ідэйныя і мастацкія вартасці твора не маглі аспрэчыць нават самыя зацятыя яго праціўнікі. Апроч усяго іншага, гэтая камедыя — яркае сведчанне аб часе, калі яна была напісана, аб людзях, якія жылі ў той час, аб іх духоўным здароўі, маралі і праве. У 1941 г. спектакль па гэтай п'есе быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР. Камедыя па праву ўвайшла ў залаты фонд беларускай драматургіі.

У час Вялікай Айчыннай вайны К. Крапіва напісаў некалькі драматургічных твораў. З чэрвеня 1943 г. на сцэне БДТ-2, які знаходзіўся тады ва Уральску, адбылася прэм'ера спектакля «Проба агнём».

Меншы творчы поспех спаткаў драматурга пры напісанні аднаактовай драмы «Валодзеў гальштук» (1943), прысвечанай паказу барацьбы беларускіх падпольшчыкаў і партызан з нямецкімі акупантамі.

Затое сатырычная камедыя «Мілы чалавек» (1945) стала выдатнай з'явай не толькі беларускай, але і ўсёй савецкай камедыяграфіі. Выдатнай і нечаканай, калі ўлічыць, што менавіта на сярэдзіну — канец 1945 г. прыладае новы ўсплёск параднай літаратуры.

Менш плённымі аказаліся драматургічныя здзяйсненні К. Крапівы ў пасляваенны час. Прынамсі, сам пісьменнік да сваіх творчых няўдач адносіў драмы «З народам» (1948), «Зацікаўленая асоба» (1953), «Людзі і д'яблы» (1958). Сапраўды, ніводзін з гэтых твораў не дасягнуў мастацкага ўзроўню сатырычнай камедыі «Хто смяецца апошнім»: згубнае ўздзеянне тэорыі бесканфліктнасці адбілася на творчасці нават такога выдатнага майстра, якім быў К. Крапіва.

Выклікам тагачаснай драматургічнай практыцы была расцэнена драма «Людзі і д'яблы». Яе аўтару давялося выслухаць нямала папрокаў за тое, што цэнтральнае месца ў п'есе заняла фігура здрадніка Скробата-Нёманскага. Але былі і іншыя меркаванні, таму драма без асаблівых перашкод трапіла на сцэны тэатраў, заваяваўшы вялікую папулярнасць.

Менш пашанцавала драме «Зацікаўленая асоба». Сам аўтар прызнаваўся: «Мне не ўдалося звязаць усе падзеі ў п'есе ў адзін моцны сюжэтны вузел, паставіць дзейных асоб у такія ўзаемаадносіны, каб яны з найбольшай паўнатой і з розных бакоў раскрыліся ў працэсе ўзаемадзеяння. Адсюль некаторыя вобразы, паказаныя толькі адным бокам, атрымаліся схематычнымі» (II, 460).

Лірычная камедыя «Пяюць жаваранкі» (1950) з усіх пасляваенных твораў К. Крапівы прыцягнула да сябе найбольшую ўвагу. У 1951 г. яе адзначылі Дзяржаўнай прэміяй СССР, звыш 50 тэатраў СССР уключылі яе ў свой рэпертуар, ставілася яна таксама ў замежных тэатрах. Гэта адзін з самых светлых, жыццярадасных драматургічных твораў К. Крапівы, амаль цалкам пазбаўленых сатырычных фарбаў.

У 1972 г. К. Крапіва закончыў напісанне фантастычнай камедыі «Брама неўміручасці», якая стала вынікам усёй папярэдняй яго творчасці — і не толькі драматургічнай. Гэты твор сямідзесяцішасцігадовага пісьменніка не быў звычайнай сенсацыяй. Глыбінёй зместу вызначаліся і ранейшыя яго п'есы, а «Брама неўміручасці» ўразіла выразным касмізмам, глабальнасцю праблематыкі. Разам з тым гэта абсалютна беларускі твор, з беларускай ментальнасцю дзейных асоб, з цеснай прывязкай да айчынных клопатаў і праблем. Праблем канкрэтных, сённяшніх, надзённых. Тым больш што ў гэтай фантастычнай камедыі фантастычным з'яўляецца толькі адкрыццё вучоным-герантолагам Дабрыянам сакрэту неўміручасці, ва ўсім жа астатнім — поўная рэальнасць.

Апошнюю сваю п'есу — псіхалагічную драму «На вастрыі» К. Крапіва завяршыў у 1982 г. Як гэта звычайна было ў драматурга, твор атрымаўся шматпраблемным, з вострай інтрыгай, цікавымі вобразамі персанажаў. Прысвечаная адлюстраванню жыцця сучаснікаў з іх вялікімі і малымі клопатамі, п'еса прываблівае жывой увагай пісьменніка да ўнутранага свету герояў, уменнем аўтара разгледзець у хуткаплыннай хадзе часу нешта характэрнае, важнае.   Так што можна смела сцвярджаць: пачуццё сучаснасці, уменне разгледзець характэрнае, вызначальнае ў падзеях эпохі не пакідала К. Крапіву да самага канца яго жыцця.