Пачатак літаратурнай дзейнасці Кандрата Крапівы

Лыткина Вольга, 9 клас

Самым галоўным накірункам дзейнасці Кандрата Крапівы, безумоўна, з’яўляецца літаратурная дзейнасць, якая пачалася яшчэ ў Чырвонай Арміі з простай газетнай карэспандэнцыі, фельетонаў на бытавыя і палітычныя тэмы.                                                     

 Пісаў ён тады на рускай мове, але неўзабаве перайшоў на беларускую мову. Свае раннія агітацыйныя, сатырычныя і гумарыстычныя вершы друкаваў на старонках газеты "Савецкая Беларусь".  Пасля яны склалі яго першыя зборнікі баек "Асцё" і "Крапіва" (абодва 1925).

У 1925 г. паэт пераехаў у Мінск. Стаў членам літаратурнай арганізацыі "Маладняк", затым  - "Узвышша", працаваў інструктарам Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інстытуце беларускай культуры, потым - загадчыкам аддзела ў часопісе "Полымя рэвалюцыі". Ужо сталым чалавекам К. Крапіва паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта, якое скончыў у 1930 г.

У ранні перыяд сваёй літаратурнай дзейнасці К. Крапіва паспяхова працаваў і ў галіне мастацкай прозы. Першыя празаічныя творы пісьменніка - сатырычныя мініяцюры, гумарэскі і апавяданні - склалі яго зборнікі "Апавяданні" (1926), "Людзі-суседзі" (1928) і "Жывыя краявіды" (1930).

Але, як ужо адзначалася, літаратурная дзейнасць Кандрата Крапівы  не была абмежавана як жанрава, так і тэматычна. Пісьменнік пастаянна знаходзіўся у стане пошуку. Таму ў пачатку 30-х гг. К. Крапіва звярнуўся да новага для яго літаратурнага жанру: пачаў пісаць раман "Мядзведзічы" –пра жыццё і класавую барацьбу сялян. Але твор застаўся незакончаным. Пабачыла свет толькі яго першая частка, дзеянне ў якой даведзена да пярэдадня калектывізацыі. Раман цікавы тым, што жыццё дакалгаснай вёскі пісьменнік паказвае не ідэалізуючы яго, але і не згушчаючы чорных фарбаў.

Самым адметным і каштоўным для нас стала тое, што гэты няскончаны твор у  асноўным  аўтабіяграфічны. У ім ён апісаў жыхароў сваёй вёскі Нізок. І там галоўная гераіня – Алена Канстанцінаўна Махнач, жонка Кандрата Крапівы ў маладосці.  А таксама  прататыпам аднаго з герояў рамана з’яўляецца свяшчэннапакутнік Мінскай Епархіі, пратаіерэй Міхаіл Навіцкі, настаяцель царквы Святых Апосталаў Пятра і Паўла.

Калі параўнаць мову, якой напісаны гэты раман, і мову, якой ён пісаў пазней, – яны розныя. Ён пісаў «Мядзведзічаў» тады, калі яшчэ не меў літаратурнай адукацыі, і ўжываў дыялектычную мову, на якой гавораць у Нізку.

Асобнай старонкай яго дзейнасці з’яўляецца публіцыстычная і сатырычная.  З 1941 года, на пачатку Вялікай Айчыннай вайны,   кіраўніцтва рэспублікі даручыла Кандрату Крапіве  і групе літаратараў стварыць для партызан і насельніцтва акупаванай часткі Беларусі франтавую газету «За Савецкую Беларусь».  У 1943-1945 гг. быў галоўным рэдактарам сатырычнага ілюстраванага выдання – газеты-плаката “Раздавім фашысцкую гадзіну”.

На старонках выдання важнае месца займала самая разнастайная па тэматыцы палітычная карыкатура. Гэта і вострыя малюнкі, якія высмейвалі звар’яцелага Адольфа Гітлера, і шматфігурныя сюжэтныя кампазіцыі аб гора-заваёўніках, і, вядома, сатырычны плакат, што звычайна выконваўся ў дзве-тры фарбы і змяшчаўся на галоўнай паласе. Выданне тыражыравалася друкарскім спосабам і засылалася ў тыл ворага, у партызанскія атрады, распаўсюджвалася сярод насельніцтва на акупіраванай тэрыторыі. У верасні 1944 г. рэдакцыя пераехала ў Мінск. А неўзабаве пасля таго, як «фашысцкая гадзіна» была раздаўлена, у жніўні 1945 года ЦК КП(б)Б Беларусі прыняў рашэнне аб выданні сатырычнага часопіса, і з таго часу плакат-газета «Раздавім фашысцкую гадзіну» пачала выходзіць пад назвай «Вожык», адказным рэдактарам  якога да 1947 года быў Кандрат Крапіва.

Першы нумар "Вожыка" надрукаваны тыражом 13 тысяч экзэмпляраў у друкарні імя Сталіна (Мінск, вуліца Пушкіна, 55 (сённяшні Дом друку).