Пабываць быў бы рад тут сам дзядзька Кандрат

Пабываць быў бы рад тут сам дзядзька Кандрат

Прымераць плашч ці брыль слыннага беларускага пісьменніка, ураджэнца Уздзеншчыны Кандрата Крапівы, на жаль, не атрымаецца.

 Яны, як і іншыя яго асабістыя рэчы,  беражліва захоўваюцца за шклом. Затое можна зрабіць сэлфі з партрэтам байкапісца. Удала паяднаць старажытнасць з сучаснасцю атрымалася ў новым памяшканні музея, размешчаным у дзяржаунай установе адукацыi"Сярэдняя школа №2 iмя К.К.Крапiвы" горада Узда, у юбілейны год любімага многімі пакаленнямі дзядзькі Кандрата.

Ад вясковасці – да навуковасці

Калі ў 1992-ім годзе другой гарадской уздзенскай школе надалі імя ў гонар знакамітага земляка Кандрата Крапівы, калектыў вырашыў: трэба адпавядаць штодзённа і штохвілінна. Карпатлівая работа па пошуку асабістых рэчаў пісьменніка, адмысловых прадметаў таго часу – і вось 20 год таму тут адкрылі музейны пакой, дзе практычна ўсё зрабілі сваімі рукамі.

Памяшканне было невялікім, але гэта не паўплывала на ўспрыманне наведвальнікаў розных узростаў. Хутчэй наадварот: прыгадваліся цесныя сялянскія хаткі даваеннага часу. І мімаволі ўзнікалі думкі: як удалося простаму селяніну Кандрату Атраховічу, які абраў сабе трапны псеўданім – Крапіва, выбіцца ў людзі, развіць свой талент і пакінуць такі яскравы след у беларускай літаратуры і навуцы?!

Бадай, няма ў Беларусі таго чалавека, які б не мог працытаваць на памяць хаця б некалькі радкоў з яго баек – настолькі памятаюцца яны яшчэ з часоў вучобы ў школе... А трохтомны руска-беларускі слоўнік пад рэдакцыяй Якуба Коласа, Кандрата Крапівы і Пятра Глебкі і пагэтуль з’яўляецца руплівым дапаможнікам для многіх.

З цягам часу стала зразумелым, што музейны пакой патрабуе абнаўлення. І вось да 120-годдзя знакамітага земляка і на 20-ым годзе ўласнага існавання ён займеў вялікае памяшканне, іншае аблічча, атрымаў новае жыццё і развіццё.

Аформіць прасторны пакой па-сучаснаму - ідэя дырэктара школы Алены Іаргачовай . Работа ішла на працягу года,  затое зараз у памяшканни музея можна праводзіць урокі, мерапрыемствы, канферэнцыі. Асноўная экспазіцыя прысвечана Кандрату Крапіве. Але паколькі ў школе ёсць праект “Віртуальны музей “Залатыя імёны Рэспублікі Беларусь”, вырашылі дапоўніць памяшканне стэндамі ў гонар іншых знакамітых землякоў – мецэнаткі Марыі Магдалены Радзівіл, навукоўца Якава Наркевіча-Ёдкі, дыпламата Іосіфа Гашкевіча.

Музей пашырае адукацыйную прастору, дазваляе развіваць дзяцей, насычаць іх творчым патэнцыялам. Пакой ствараўся з любоўю. Увесь рамонт, ад падлогі да столі, зроблены сваімі рукамі. А тое, што набывалі, – мэблю, абсталяванне – падбіралі так, каб яны неслі сваю сэнсавую нагрузку.

Трэба сказаць, што задума гэтая атрымалася. Цяпер усе значныя мерапрыемствы, канферэнцыі, чытанні, звязаныя з краязнаўствам, знакамітымі землякамі, ладзяць тут. Шмат прыязных слоў яго стваральнікам выказалі ўдзельнікі абласнога свята гумару“Я – пякучка Крапіва”, прысвечанага 120-годдзю знакамітага байкапісца, які прайшоў на Уздзеншчыне.

Захапляе кожны экспанат

Экскурсаводы-дзевяцікласнікі Арына Коршун, Ганна Русак і Уладзімір Шымановіч маюць у музейным пакоі свае ўлюбёныя экспанаты, пра якія могуць расказваць з вялікім імпэтам.

Так, Аня ўпадабала барэльеф Кандрата Крапівы, зроблены народным скульптарам Беларусі Уладзімірам Летуном, бо гэта – ручная работа, у якую ўкладзена душа. Аматара матэматыкі і проста сур’ёзнага хлопца Валодзю бы магнітам прыцягваюць стэнды і дакументы, якія сведчаць пра дасягненні Крапівы-акадэміка. Арыне падабаюцца асабістыя рэчы пісьменніка – плашч, брыль... А сэрца яе аддадзена стэнду  і экспазіцыі ў гонар земляка Іосіфа Гашкевіча – дыпламата, консула, першага прадстаўніка Расійскай імперыі ў Японіі.

 “Мая любімая рэч – гэта абраз Міколы-цудатворцы, які захоўваўся ў вёсцы Нізок, адкуль родам Кандрат Крапіва, -- тлумачыць кіраўнік школьнага музея Андрэй Ярмольчык. – Яна такая народная, сялянская. А стэнд падабаецца пад назвай “Ад маленства да сталасці”. Бо лёс Кандрата Крапівы – гэта лёс нашай дзяржавы, нашага народа. Асабліва захапляе, што, апрача пісьменніцтва, ён здолеў і навукай заняцца. А колькі слоўнікаў было выпушчана пад яго кіраўніцтвам!”

Што датычыцца дырэктара школы Алены Іаргачовай, дык яна цэніць і шануе кожны экспанат. Асабліва кнігі з аўтографамі пісьменніка. А ў біяграфіі Кандрата Крапівы найбольш уразілася тым, што ён прайшоў чатыры вайны. Прычым не проста прайшоў, а пратаптаў тыя палі баёў, пра што красамоўна сведчаць узнагароды.

Асабіста мне вельмі спадабаўся макет хаты Кандрата Крапівы. Зроблены ён вучнямі школы яшчэ 20 год таму – для таго, першага музея. Па асацыяцыі крыху нагадвае кадр з любімага фільма “Сірата казанская”. А ўвогуле, дае прастору для ўяўлення. Пазіраеш на яго вокны – і пераносішся ў думках на шмат дзесяцігоддзяў таму. Уяўляеш сабе Кандрата Атраховіча маленькім хлопчыкам, але з вялікімі марамі і памкненнямі. І здаецца, што макет расце, расце... І ты ўжо не ў навуковым памяшканні, а ў простай сялянскай хаце. Вось такая дзіўная паяднанасць старажытнасці і сучаснасці пануе ў школьным музеі. Але проста так яе не адчуеш. Трэба ўмець настроіцца на адпаведны лад. І тады раптам захочацца перачытаць байкі Кандрата Крапівы, прадэкламаваць на памяць вывучанае яшчэ ў школе. І – хто ведае?! – можа нават паспрабаваць скласці штосьці сваё...

                                                   Па матэрыалам газеты “Мiнская прауда”