САВА, АСЁЛ ДЫ СОНЦА

Сава лятала паначы,
З сабою птушкам смерць насіла,
Хаўтурны спеў ім пеючы,—
Сама там драла іх, сама ж і галасіла,
Ды так не ўбачыла, як нахапіўся дзень,
I Сонца яркага прамень
Да рэшты асляпіў ёй вочы.
Сава ўцячы тут хоча,
Ды толькі вось ляцець не можа,
А поблізу няма дупла нідзе.
Заплакала Сава ў бядзе —
Ну, хто ж Саве паможа?
На шчасце ёй тут лёс паслаў
Знаёмага Асла.
I кажа ён: — Не плач, сястрыца,
Ды надта не бядуй,—
З бяды мы вырабімся самі,
I Сонцу нам не прыйдзецца скарыцца:
Я вушы доўгія на Сонца навяду
I засланю яго вушамі.
Як цемра ўсю пакрые галу,
Як згіне прыкрае святло,
Дык ты й ляці сабе ў дупло
Тады памалу.
I наш Асёл за працу ўзяўся шчыра:
Як можна вушы свае шырай
Ён растапырыў, распрастаў
I проці Сонца стаў.
Калі ж налева глянуў коса —
Святла там яркая палоса.
Ён — гоп у левы бок.
Пасля глядзіць — святло і справа;
Тады назад ён — скок.
Нарэшцо бачыць — дрэнна справа:
Скакаў, скакаў і ўжо насілу ходзіць,
А Сонцу ўсё ніяк не шкодзіць,—
Ні каплі не памог Саве,
А вочы пасляпіў сабе.
I вось Аслу нарэшцо ясна стала:
Каб Сонца засланіць — вушэй асліных мала.

Вось гэту праўду едкіх слоў
Нясу, абураны, я на фашысцкіх соў
I іх заступнікаў-аслоў.

1927

 

{jcomments on}