"Хто смяецца апошнім" - Поўны змест

ХТО СМЯЕЦЦА АПОШНІМ

Камедыя ў трох актах

Дзеючыя асобы

  • Г а р л а х в а ц к і   А л я к с а н д р   П я т р о в і ч — дырэктар інстытута геалогіі.
  • А н н а   П а ў л а ў н а — яго жонка.
  • Ч а р н а в у с   А л я к с а н д р   П я т р о в і ч — прафесар.
  • Т у л я га   М і к і т а   С ы м о н а в і ч— навуковы супрацоўнік.
  • Л е в а н о в і ч — сакратар парткома.
  • В е р а — малодшы навуковы супрацоўнік.
  • З ё л к і н — малодшы навуковы супрацоўнік.
  • З і н а   З ё л к і н а — яго жонка, сакратар.
  • Ц ё ц я   К а ц я — прыбіральшчыца.
  • Н і ч ы п а р — дворнік.
  • Н е з н а ё м а я    ж а н ч ы н а.
  • Ч а л а в е к   у   ф о р м е  НКВД.

АКТ ПЕРШЫ

Калідор — вестыбюль установы.

Ц ё ц я  К а ц я (выходзіць з дзвярэй дырэктаравага кабінета. За ёю Нічыпар). Фу!.. Добра, што ты якраз падышоў, я ж бы адна гэтаму сталу і рады не дала.

Н і ч ы п а р. Гэта, брат, стол! Каб некалі мне такі пляц зямлі, то я б гаспадаром быў.

Ц ё ц я  К а ц я. Новы поп, дык новае і маленне. У таго дырэктара, бывала, адзін столік, два крэслы і ўсё. А ў гэтага ж стол гэтакі, а на стале ж мартаплясаў усялякіх панастаўляна — таксама грошай каштуюць.

Н і ч ы п а р. А што яму — шкада казённых грошай? Не з свае ж кішэні плаціць.

Ц ё ц я  К а ц я. Дзве канапы скураныя, мяккія. I нашто яны? Хіба ён лежачы працаваць думае.

Н і ч ы п а р. Далікатнага, мусіць, заводу. Баіцца, каб на цвёрдьга мазалёў не панаседжваць.

Ц ё ц я  К а ц я. I вось, скажы ты... Зараз год, як я на гэтым месцы, а не магу ўцяміць, што тут людзі робяць. Такі ж каваль у кузні куе, то знак ёсць, настаўнік дзяцей вучыць, і то знак ёсць, а тут людзі нешта робяць, робяць, і работы гэтай не відаць.

Н і ч ы п а р. Кажаш, працуюць і смаку не чуюць.

Ц ё ц я  К а ц я. Яны, можа, і чуюць, але я не бачу, які тут смак. Нейкія ўсё каменні, косці перабіраюць, пясок перасыпаюць.

Н і ч ы п а р. Гэта яны зямлю вывучаюць.

Ц ё ц я  К а ц я. Як гэта зямлю?

Н і ч ы п а р. А так, што як паглядзяць на гэтыя косці, дык адразу скажуць, колькі зямлі год і як яна выглядала, калі маладою была.

Ц ё ц я  К а ц я. Пляцеш ты абы-што. Думаеш, калі я баба, дык ужо і паверу ўсякаму глупству.

Н і ч ы п а р. Запытайся ў Чарнавуса. Ён чалвек дарма што сур'ёзны, а калі разгаворыцца, дык люба слухаць. Раскажа, і дзе некалі мора было, і чаму яго цяпер там няма, і якія жывёлы былі мільёны год таму назад, і як яны елі адна другую. Так дакладна раскажа, нібы ён сам быў пры гэтым.

Ц ё ц я  К а ц я. А ў тым інстытуце, што на Шырокай, дык сабак поўна. Там з імі ўсялякія штукі вырабляюць, практыку здымаюць. Мая суседка там прыбіральшчыцай, дык расказвае, што не даюць, каб гэтыя сабакі ротам елі, а папракручвалі дзіркі ў баку ды ўліваюць ім яду туды.

Н і ч ы п а р. Ну, гэта хто да якой навукі здатны. Адны зямлю вывучаюць, а другія жывёлу.

Ц ё ц я  К а ц я. Але нашто ж дзіркі круціць?

Н і ч ы п а р. Чаму нашто? Трэба ж хоць адным вокам глянуць, што там усярэдзіне робіцца.

Ц ё ц я  К а ц я. Дык хіба ім не хапае гэтых дзірак, што сабаку бог даў?

Н і ч ы п а р. Гэта табе здаецца, што хапае, а ім, бачыш, мала... Загаварыўся тут з табой, а ў мяне яшчэ двор не прыбраны.

Ц ё ц я  К а ц я. Прыбярэш, дзе твой двор дзенецца.

Н і ч ы п а р. Дырэктар прыйдзе, нагонку дасць.

Ц ё ц я  К а ц я. Вельмі твой дырэктар на двор углядаецца. У яго другім галава занята. Учора адвячоркам з Зіначкай за горад імчаў на таксі, дык аж пыл курэў.

Н і ч ы п а р. З нашай Зіначкай?

Ц ё ц я  К а ц я. А то з якою ж?

Н і ч ы п а р. Глядзі ты! У яго ж і свая жонка гладкая.

Ц ё ц я  К а ц я. Гладкая, мусіць, прыелася, да шурпатай пацягнула.

Н і ч ы п а р. А Зёлкін як жа?

Ц ё ц я  К а ц я. А што Зёлкін... Толькі ходзіць на мяккіх лапах ды прыслухоўваецца, хто што гаворыць. Што дырэктар з яго жонкай забаўляецца, дык ён гэтага не бачыць.

Н і ч ы п а р. Бачыць, ды віду не паказвае. Што ж гэтакі пеўнік зробіць дырэктару? А таму раскоша тут, як шчупаку ў сажалцы. Усе так і выдыгаюць перад ім: «Таварыш Гарлахвацкі! Таварыш Гарлахвацкі!» А ў таго Гарлахвацкага крукам носа не дастаць. Адзін Чарнавус яго не баіцца. Гэты сам разумее ў навуцы не менш за яго.

Ц ё ц я  К а ц я. З'есць і Чарнавуса.

Н і ч ы п а р. Глядзі, каб не ўдавіўся.

Ц ё ц я  К а ц я. Папомніш маё слова. З'есць, як з'еў ужо Муравіцкага. Так падвядзе, што той не будзе і ведаць, адкуль што ўзялося.

Н і ч ы п а р. Чарнавуса таксама голымі рукамі не возьмеш. Моцна вучоны чалавек. Кніжкі друкуе свае, студэнтам лекцыі чытае, для піянераў у журнал піша. Напісаў, кажуць, нейкую кнігу важную, дык аж у Маскву паслаў. Гэта, брат, галава! (Бярэ мятлу і выходзіць. Цёця Каця канчае выціраць падлогу. Уваходзіць Вера.)

В е р а. Добры дзень, цёця Каця!

Ц ё ц я  К а ц я. Дзень добры, Вера Міхайлаўна. Вось ранняя птушка?! Заўсёды першая!

В е р а. Аляксандра Пятровіча няма яшчэ?

Ц ё ц я  К а ц я. Каторага вам? У нас жа іх два — дырэктар і Чарнавус.

В е р а. Мне Чарнавуса.

Ц ё ц я  К а ц я. Нешта вы жыць без яго не можаце?

В е р а. Жыць-то магу, а працаваць без яго мне цяжка было б.

Ц ё ц я  К а ц я. Гэта вы пры ім навуку праходзіце?

В е р а. Ага.

Ц ё ц я  К а ц я. Нашто вам, маладой дзяўчыне, гэтыя старыя косці спатрэбіліся?

В е р а. Косці ў яго старыя, але душа маладая.

Цёця  Каця. Хто ў боб, а хто ў гарох. Я пра тыя косці, што ў шафах.

В е р а (смяецца). А я думала, пра Аляксандра Пятровіча. Мы з Чарнавусам касцямі не займаемся, гэта Гарлахвацкі іх перабірае. А наша справа — мел, гліна, вапна, фасфарыты. Галоўны далакоп — Аляксандр Пятровіч, а я яму памагаю. (Уваходзіць Левановіч.)

В е р а (жартаўліва). Што, нагрузку нясеш?

Л е в а н о в і ч. Нясу.

В е р а. Я ж ведаю, што ты пра мяне не забудзеш. Гавары хутчэй, у чым справа?

Л е в а н о в і ч. Справа ў тым, што трэба ў падшэфнай часці лекцыю прачытаць.

В е р а. Аб чым?

Л е в а н о в і ч. Просяць расказаць ім аб мінулым нашай планеты.

В е р а. Дык гэта ты мне даручаеш?

Л е в а н о в і ч (жартуючы). Хацеў даручыць табе, ды баюся, што байцы больш будуць глядзець на цябе, чым слухаць.

В е р а. Калі ты навучыўся кампліменты гаварыць?

Л е в а н о в і ч. А гэта хіба камплімент?

В е р а. Самы сапраўдны. Сакратару парткома гэта як быццам і не да твару.

Л е в а н о в і ч. Даю слова надалей гаварыць з табою толькі дырэктывамі. Дык каго мы ўсё ж такі пашлём лекцыю прачытаць?

В е р а. Можа, Гарлахвацкага? Няхай бярэ сваіх мамантаў у мяшок ды ідзе расказвае.

Л е в а н о в і ч. Гаварыў з ім. Просіцца — кажа, вельмі заняты.

В е р а. Я б гэтага не сказала.

Л е в а н о в і ч. Можа, старога?

В е р а. Чарнавуса?

Л е в а н о в і ч. Ага. Хоць ён, здаецца, не вельмі любіць выступаць.

В е р а. З прамовамі... А пра зямлю расказаць — гэта ён з ахвотаю. У яго гэта выходзіць, як казка.

Л е в а н о в і ч. Дык ты перадай яму, што я прасіў, каб ён з'ездзіў у часць. Можа не адмовіцца?

В е р а. Пабурчыць крыху, што ад работы адарвалі, а пасля і сам будзе задаволены.

Л е в а н о в і ч. А аб часе я паведамлю. (Збіраецца адыходзіць.)

В е р а. Як твой торф?

Л е в а н о в і ч. Канчаю лабараторныя доследы.

В е р а. Кажуць, што ты з яго ледзь не торты збіраешся рабіць.

Л е в а н о в і ч. Торты што! Я вырабляю больш сур'ёзныя рэчы.

В е р а. Напрыклад?

Л е в а н о в і ч. Напрыклад — спірт і яшчэ шмат чаго.

В е р а. Спірт? Дык ты ж самагоншчык?

Л е в а н о в і ч. Прыходзь, пачастую. (Выходзіць.)

В е р а. Вось, цёця Каця, малады хлопец, а хутка прафесарам будзе.

Ц ё ц я  К а ц я. Цяпер жа ўсе маладыя — разумныя, на тое ж вас і вучаць.

В е р а. I на чым жа вырас! На торфе!

Ц ё ц я  К а ц я. Усюды растуць: на торфе, на гліне. На пяску і то растуць. Такі ўжо клімат у нас.

В е р а. Добры клімат, цёця Каця, савецкі!

Ц ё ц я  К а ц я. Я ж і кажу. А чаму гэта ён там працуе, а сюды распараджацца ходзіць?

В е р а. У нас адна партыйная арганізацыя, а ён сакратар, вось і ходзіць па партыйных справах.

Ц ё ц я  К а ц я. Вунь ідзе ваш далакоп. (Бярэ анучу і адыходзіць цбок.)

Уваходзіць Ч а р н а в у с.

В е р а (стаўшы ў позу, гаворыць урачыста-дураслівым тонам). Прывітанне галоўнаму далакопу, ахавальніку скарбаў старой бабулі-зямлі! Выгляд у вас бадзёры і натхнёны. Ці не ўдалося вам узламаць яшчэ адзін з куфраў старой бабулі?

Ч а р н а в у с. Раней для гэтага мне трэба выпрасіць у Гарлахвацкага пару тысяч рублёў.

В е р а. Ух, вядро халоднай вады! А што — не дасць, думаеце?

Ч а р н а в у с. Трэба, каб даў, іначай мы не закончым доследаў у раёне Рудні.

В е р а. З Масквы нічога не атрымалі?

Ч а р н а в у с. Не. (Да цёці Каці.) Кацярына Іванаўна, сёння пошты не было яшчэ?

Ц ё ц я  К а ц я. Не, не было.

В е р а. Ага, забрала за жывое! Правалілася ваша праца.

Ч а р н а в у с. Дражніцеся, а ў самой душа ў пятках.

В е р а. А мне што?

Ч а р н а в у с. Як гэта што? Ваша асоба тут таксама замешана як быццам.

В е р а. А я адмяжуюся. Скажу, што ніякага ўдзелу ў працы не прымала, што прафесар хоча схавацца за мае вузкія плечы малодшага супрацоўніка.

Ч а р н а в у с. Не, выбачайце! Разам працавалі, разам і адказваць будзем. Ад гэтага вам ніяк не выкруціцца.

В е р а. Ды ад вас-то цяжка выкруціцца. Учора Зёлкін круціўся, круціўся, і нічога не выйшла.

Ч а р н а в у с. Як ён сябе адчувае? Не бачылі яго сягоння?

В е р а. Не, яшчэ не бачыла. Думаю, што няважна.

Ч а р н а в у с. Выступаць з такім навуковым дакладам — гэта безабразіе. Адны траскучыя фразы і абсалютна нічога канкрэтнага. Не выкарыстаў нават таго матэрыялу, які яму быў дадзены амаль поўнасцю апрацаваным. I каго ён хацеў падмануць?

В е р а. Сам сябе.

Ч а р н а в у с. Мабыць, злы на мяне?

В е р а. Я думаю! Такую лазню вы яму далі...

Ч а р н а в у с. Яж яму дабра жадаю.

В е р а. Наўрад ці здольны ён ацаніць гэта.

Ч а р н а в у с. Можа, я занадта рэзка выступіў. Трэба будзе пагаварыць з ім.

В е р а. Я лічу, што вы вельмі добра выступілі, і няма чаго вам прабачэння прасіць.

Ч а р н а в у с. Не прабачэння, а растлумачыць яму ў больш спакойнай абстаноўцы.

В е р а (паказваючы на Тулягу, які ўвайшоў). А вось яшчэ адзін шаноўны далакоп. Што з вамі, Мікіта Сымонавіч? Чым вы так усхваляваны?

Т у л я г а. Мяне так напужалі, што я апамятацца не магу.

В е р а. Хто ж вас так напужаў?

Т у л я г а. Я ўжо і не ведаю, ці гаварыць.

В е р а. Калі вы нам не давяраеце, дык не гаварыце.

Т у л я г а. Не ў тым справа, што не давяраю.

В е р а. Дык у чым жа?

Т у л я г а. Скажаш, а пасля пойдзе гаворка, і нажывеш непрыемнасці.

В е р а. Ну то не гаварыце.

Т у л я г а. Але ж я хацеў бы параіцца з вамі, што рабіць.

В е р а. Дык парайцеся.

Т у л я г а. Але ж і раіцца небяспечна. Баюся, што пойдуць усялякія чуткі.

В е р а. I так страшна, і гэтак страшна. Заўсёды вам чаго-небудзь страшна, Мікіта Сымонавіч. Лепш не гаварыце, а то яшчэ больш будзеце баяцца. (Да Чарнавуса.) Пойдзем, Аляксандр Пятровіч.

Т у л я г а. Чакайце, таварышы! (Вера і Чарнавус спыняюцца.) Я ж не ведаю, што мне рабіць... Можа такі параіцца з вамі?

Ч а р н а в у с (з усмешкай). Гэта вы ўжо самі глядзіце.

Т у л я г а (адважыўся). Дзіўнае здарэнне, ведаеце... Іду гэта я па вуліцы, раптам абганяе мяне нейкі чалавек. Абганяе і... (Не адважваецца сказаць.)

В е р а. I... што?

Т у л я г а. Не ведаю, ці гаварыць.

Вера (смяецца). Дык вы хоць нас адпусціце, Мікіта Сымонавіч, калі не можаце. (Мерыцца адыходзіць.)

Т у л я г а. Хвіліначку, таварышы! Я зараз... Але я прашу, каб вы пра гэта нікому ні слова.

Ч а р н а в у с. Ды ладна ўжо, Мікіта Сымонавіч.

Т у л я г а. Дык вось... Абмінае і глядзіць мне проста ў твар.

В е р а (насмешліва). Ну, няўжо ў твар?

Т у л я г а. Не, вы ж паслухайце! Раз аглянуўся, другі раз аглянуўся і трэці раз аглянуўся. А пасля спыніўся і пытаецца: «Скажыце,— кажа,— ваша прозвішча не Падгаецкі?» Тут я ўвесь аж закалаціўся. «Не,— кажу,— я не Падгаецкі, я Туляга».

В е р а. А ён што?

Т у л я г а. «Выбачайце,— кажа,— вельмі ж падобны. Я некалі ў Варонежы,— кажа,— сустракаў такога тыпа»,— і пайшоў.

В е р а (іранічна). I пайшоў! Скажыце, калі ласка! Дык гэта ж сапраўды страшна!

Т у л я г а. Але ж гэта яшчэ не ўсё. Калі я ўваходзіў у інстытут, ён яшчэ раз аглянуўся на мяне.

В е р а. А калі і яшчэ раз, дык што ж тут страшнага?

Т у л я г а. Не, гэта такі страшна. У Варонежы сапраўды быў некалі Падгаецкі — дзянікінскі палкоўнік.

В е р а. Дык вы тут пры чым?

Т у л я г а. А я ў той час таксама быў у Варонежы.

В е р а. Палкоўнікам?

Т у л я г а. Не, я быў настаўнікам гімназіі.

В е р а. Дык мы ж гэта ведаем.

Т у л я г а. Але вы не ведаеце, што гэты палкоўнік быў падобны на мяне, як дзве кроплі вады.

В е р а. Ну і што?

Т у л я г а. Гэты чалавек можа сказаць, што ў інстытуце працуе дзянікінскі палкоўнік. (Чарнавус і Вера смяюцца.) Не, гэта зусім не смешна. Дакументаў у мяне з таго часу няма — чым я апраўдаюся?

Ч а р н а в у с. Ды кіньце вы! Гэта ўсё пустыя страхі.

Т у л я г а. Дык, па-вашаму, няма чаго баяцца?

В е р а. Ідзіце, Мікіта Сымонавіч, працуйце, і нікога не бойцеся.

Т у л я г а. Праўда, не баяцца?

В е р а. Не бойцеся. Я нікому не скажу, што вы — дзянікінскі палкоўнік.

Т у л я г а (аж прысеў). Тсс!.. звар'яцелі вы! Хіба гэтым можна жартаваць!

В е р а (смяецца). Ай, баязлівец вы, баязлівец!

Разыходзяцца па сваіх пакоях. Туляга варочаецца і падыходзіць да цёці Каці.

Т у л я г а. Кацярына Іванаўна! Вы, калі ласка, нікому не расказвайце пра гэту гаворку, а то яшчэ за праўду палічаць.

Ц ё ц я  К а ц я. Хіба гэтаму хто паверыць! Які ж вы палкоўнік?

Т у л я г а. Ай-ан! Не гаварыце гэтага слова! Я вас прашу.

Ц ё ц я  К а ц я. Выбачанце, Мікіта Сымонавіч! Больш не буду.

Т у л я г а выходзіць.

З і н а ч к а (уваходзіць). Аляксандра Пятровіча яшчэ няма?

Ц ё ц я  К а ц я. Вашага яшчэ няма.

З і н а ч к а. Чаму майго?

Ц ё ц я  К а ц я. У нас жа два Аляксандры Пятровічы, але ж з Чарнавусам вы ніякіх спраў не маеце, а падпісвае паперкі вам Гарлахвацкі.

З і н а ч к а. Ой, цёця Каця! Я не ведала, што вы такая злая.

Ц ё ц я  К а ц я. Якая ж тут злосць, таварыш Зёлкіна. Я ж праўду кажу: вы сакратар, а ён дырэктар, дык як жа вы без яго можаце абысціся альбо ён без вас?

З і н а ч к а (адыходзячы ў пакой, жартаўліва грозіць пальцам). Ладна, ладна, яхідная жанчына, я вам гэта прыпомню!

Ц ё ц я  К а ц я (адна). Хто парасё ўкраў, у таго ў вушах пішчыць. Я і не думала ёй шпільку падпускаць (Корпаецца нешта ў кутку. Нячутна ўваходзіць Зёлкін. Аглядае калідор, заўважае цёцю Кацю.)

З ё л к і н (знянацку). Добры дзень, цёця Каця!

Ц ё ц я  К а ц я (спалохана). Цьфу ты, нячысты дух! Выбачайце, таварыш Зёлкін. Гэта ж вы так мяне спалохалі!

З ё л к і н. Я ж толькі прывітаўся.

Ц ё ц я  К а ц я. Дзякую вам за такое вітанне. I чаму вы, таварыш Зёлкін, ходзіце так заўсёды, быццам у вас не ногі, а мяккія лапы?

З ё л к і н. Пра мае ногі вы не турбуйцеся.

Ц ё ц я  К а ц я. Я пра сябе турбуюся, а не пра вашы ногі.

З ё л к і н. Скажыце, Аляксандр Пятровіч прыйшоў?

Ц ё ц я  К а ц я. Таго, які вам трэба, няма.

З ё л к і н. А які ёсць?

Ц ё ц я  К а ц я. Чарнавус.

З ё л к і н. А хто яшчэ ёсць?

Ц ё ц я  К а ц я. Усе ёсць.

З ё л к і н. Верачка прыйшла?

Ц ё ц я  К а ц я. Прыйшла.

З ё л к і н. Мусіць, першая?

Ц ё ц я  К а ц я. Першая.

З ё л к і н. Сядзела на канапе і чакала Чарнавуса?

Ц ё ц я  К а ц я. Сядзела і чакала.

З ё л к і н (падміргвае). Ці не ўтрэскалася яна?

Ц ё ц я  К а ц я. Вы лепш глядзіце, каб ваша жонка не ўтрэскалася.

З ё л к і н. Вы за маю жонку не бойцеся, яна ў добрых руках.

Ц ё ц я  К а ц я. У чыіх гэта?

З ё л к і н. У маіх, вядома. Во, у гэтых.

Ц ё ц я  К а ц я. Ха-ха-ха...

З ё л к і н. Чаго вам смешна? Гэта нейкія непрыстойныя намёкі. Вы калі маеце што сказаць, дык кажыце проста.

Ц ё ц я  К а ц я. Ніякіх намёкаў. Я з вашых рук смяюся, што яны такія малыя.

З ё л к і н. Вы, можа, намякаеце на тое, што мая жонка ўчора з некім на машыне ехала? Дык гэта хлусня. Учора адвячоркам мая жонка была тут і працавала. I я прашу вас плётак не распускаць!

Ц ё ц я  К а ц я. А я пра машыну і не казала вам.

З ё л к і н. Адным словам, пакінем пра гэта гаварыць. Калі даведаецца пра вашу гаворку таварыш Гарлахвацкі, дык ён вас з работы прагоніць.

Ц ё ц я  К а ц я. За што? Я ж нічога не кажу, гэта вы самі.

З ё л к і н. А пра што яны гаварылі?

Ц ё ц я  К а ц я. Што ж я ведаю? Машына толькі мігнулася.

З ё л к і н. Ды я не пра тое. Вера з Чарнавусам што гаварылі?

Ц ё ц я  К а ц я. Я не прыслухоўвалася.

З ё л к і н. Нядобра так, цёця Каця. Мы ж з вамі заўсёды прыяцелямі былі.

Ц ё ц я  К а ц я. Праўда, я добра не чула, што яны гаварылі.

З ё л к і н. Пра дырэктара нічога не гаварылі?

Ц ё ц я  К а ц я. Не.

З ё л к і н. А пра мяне?

Ц ё ц я  К а ц я. I пра вас нічога.

З ё л к і н. Няўжо ж яны больш нічога і не гаварылі?

Ц ё ц я  К а ц я. Кажу ж вам, што нічога. Толькі Туляга расказаў, як у яго на вуліцы нейкі чалавек запытаўся, ці не Падгаецкі яго прозвішча.

З ё л к і н. Дык ён што? Спужаўся?

Ц ё ц я  К а ц я. Страшэнна перапужаўся. Кажа, што быў дзянікінскі палкоўнік Падгаецкі, вельмі падобны на яго.

З ё л к і н. А можа, ён і сапраўды які палкоўнік?

Ц ё ц я  К а ц я. Хто?

З ё л к і н. Туляга.

Ц ё ц я  К а ц я. Ды кіньце вы! Я ж яго ведаю даўно, яшчэ да таго, як ён у Варонеж выехаў быў. Ён і ў войску не быў ніколі.

З ё л к і н (заняты нейкімі сваімі думкамі). Цікава, цікава... Вы мне, цёця Каця, заўсёды расказвайце што-небудзь такое... свежанькае... Я вельмі люблю слухаць. (Адыходзіць.)

Ц ё ц я  К а ц я (адна). Бач, ласы які да бабскіх плётак! У самога вушы вялікія, хадзі да выслухоўвай!

Уваходзіць Н і ч ы п а р.

Н і ч ы п а р. Ідзе.

Ц ё ц я  К а ц я. Няхай ідзе.

Н і ч ы п а р. Я зайшоў, каб часамі беспарадку ў цябе якога не было.

Ц ё ц я К а ц я. А які ў мяне беспарадак можа быць? Падмецена, выцерта... Чаго яшчэ трэба?

Н і ч ы п а р. Ды ты баба спраўная. Ну, я пайшоў...

Уваходзіць Г а р л а х в а ц к і. Знімае паліто і капялюш і аддае цёці Каці.

Г а р л а х в а ц к і. Як жывём, цёця Каця?

Ц ё ц я  К а ц я. Нічога, жывём памаленьку.

Г а р л а х в а ц к і. Чаму памаленьку?

Ц ё ц я  К а ц я. Ну, так гаворыцца.

Г а р л а х в а ц к і. Трэба шпарка жыць.

Ц ё ц я  К а ц я. А як гэта — шпарка?

Г а р л а х в а ц к і. А так, каб аж вецер свістаў ля вушэй. Працаваць трэба заўзята. Вось як я, напрыклад,— адпачыць хвіліну часу няма.

Ц ё ц я  К а ц я (убок). Спрацаваўся, бедны! (Гарлахвацкаму.) Ну, учора ж вы, мусіць, адпачылі крыху?

Г а р л а х в а ц к і. Адкуль вы ведаеце?

Ц ё ц я  К а ц я. Я бачыла, як вы з жонкай за горад ехалі на машыне.

Г а р л а х в а ц к і. Жонка сілай ад стала адарвала, каб крыху праветрыўся.

Ц ё ц я  К а ц я. Мне здавалася раней, што ваша жонка чарнявая, адно ж яна бландынка.

Г а р л а х в а ц к і (збянтэжана). Бландынка? Як бландынка?

Ц ё ц я  К а ц я. Ну, бландынка, я ж бачыла ўчора.

Г а р л а х в а ц к і. А можа, і праўда — бландынка. Значыць, яна гэтае самае (круціць рукой каля валасоў) пабландынілася, а я і не заўважыў. (Рагоча.) Так улёг у работу, што нават не заўважыў, калі жонка валасы пафарбавала. Аж смешна! (Рагоча.)

Ц ё ц я  К а ц я. Сапраўды, смешна. Вы думалі, чорныя, а яны светлыя, як у нашай Зіначкі. (Рагочуць абое, разумеючы адзін другога.)

Г а р л а х в а ц к і. Вы толькі не кажыце нікому, што я валасы жончыны пераблытаў, а то смяяцца будуць.

Ц ё ц я  К а ц я. А мне што? Блытайце сабе.

Г а р л а х в а ц к і (супакоіўшыся). Па-мойму, цёця Каця, вы лішнюю плошчу падмятаеце... звыш нормы.

Ц ё ц я  К а ц я. Няхай бы памералі, можа і лішняя.

Г а р л а х в а ц к і. I не мераючы відаць. Напішыце маленькую заяўку, а я налажу рэзалюцыю, каб вам прыбавілі зарплаты.

Ц ё ц я  К а ц я. Дзякую... Я за сакрэты грошай не бяру.

Г а р л а х в а ц к і. Вось як! (Мацае ў кішэнях.) А папяросы забыўся. Як жа я працаваць буду?.. Цёця Каця, вось вам грошы, прынясіце мне два пачкі папярос.

Ц ё ц я  К а ц я. Добра. (Бярэ грошы і выходзіць.)

Г а р л а х в а ц к і (прычэсваецца перад люстэркам). Ну і шэльма баба! Так адсекла!

Уваходзіць ч а л а в е к   у  ф о р м е  НКВД.

Ч а л а в е к   у  ф о р м е. Скажыце, як мне пабачыць Валодзю Пракаповіча?

Г а р л а х в а ц к і. Валодзю Пракаповіча? А хто ён такі?

Ч а л а в е к   у  ф о р м е. Мой брат. Перадайце яму, калі ласка, што брат з раёна прыехаў — няхай ён сюды выйдзе.

Г а р л а х в а ц к і. У нас такога няма.

Ч а л а в е к   у  ф о р м е. Чакайце! Гэта ж інстытут біялогіі?

Г а р л а х в а ц к і. Вы памыліліся: гэта інстытут геалогіі, а інстытут біялогіі знаходзіцца на Шырокай вуліцы. Нумар дома я вам не магу сказаць. (У адных дзвярах паказваецца галава Зёлкіна.)

Ч а л а в е к   у  ф о р м е. Значыць, на Шырокай? Ну, дзякую. Цяпер я ўжо яго знайду. (Выходзіць.)

З ё л к і н (падыходзіць да Гарлахвацкага). Чаго ён прыходзіў?

Г а р л а х в а ц к і (як бы нехаця). Цікавяцца некаторымі асобамі.

З ё л к і н. Кім, калі не сакрэт?

Г а р л а х в а ц к і. Не толькі сакрэт, а дзяржаўная тайна. (Ідзе ў свой кабінет.)

З ё л к і н (адзін). За каго ж гэта бяруцца?.. Называлася Шырокая вуліца... Хто ж там жыве з нашых? (Наморшчыўшы лоб, стараецца прыпомніць, потым дастае з кішэні блакнот і паспешна гартае.) Аляксандр Пятровіч Чарнавус — Шырокая, 2З. Вось табе і выдатны вучоны! Даскакаўся, галубок! Шкада толькі, што гэта здарылася не перад маім дакладам. (Да цёці Каці, што ўвайшла з папяросамі.) Цёця Каця, чулі навіну?

Ц ё ц я  К а ц я. Не, не чула. А што такое?

З ё л к і н. Няможна казаць.

Ц ё ц я  К а ц я. Я нікому не скажу.

З ё л к і н (агледзеўшыся кругом, шэпча). Нашага Чарнавуса... (Далей шэпча нешта ў самае вуха.) Прыходзілі нядаўна.

Ц ё ц я  К а ц я (здзіўлена). Што вы кажаце!

З ё л к і н. Маўчок. Пра гэта ведаю толькі я ды яшчэ адзін чалавек.

Ц ё ц я  К а ц я. А-я-яй! Хто ж бы гэта мог падумаць. Гэткі, здаецца, чалавек! Проста аж не верыцца. (Ідзе з папяросамі ў кабінет дырэктара.)

З ё л к і н (адзін, бярэ тэлефонную трубку). Пеця... ты яшчэ нічога не чуў пра нашага Чарнавуса? Амба... Яшчэ не, але сёння ці заўтра напэўна... Ага, пыталіся адраса. Гэта пакуль што паміж намі... бывай... (Набірае другі нумар.) Саша, гэта ты? Скажу табе навіну... Наш Чарнавус пляснуўся. Не, ён яшчэ на рабоце, але ўжо ўсё роўна, як і там. Каб не ведаў, дык бы не гаварыў. (Вешае трубку. Прыадчыняе адны дзверы, што выходзяць у калідор.) Зіна! Выйдзі сюды на хвіліну. (Выходзіць Зіна.) Ты гэта дзе была ўчора з Гарлахвацкім?

З і н а. Ты ж ведаеш дзе.

З ё л к і н. Я-то ведаю... На машыне раскатвалася...

З і н а. Хто табе казаў?

З ё л к і н. Той, хто бачыў.

З і н а. Глупства! Бабскія плёткі!

З ё л к і н. Зінка, помні! Калі што якое, дык я цябе задушу вось гэтымі сваімі рукамі. Я зараз пайду да Гарлахвацкага і зраблю скандал. (Накіроўваецца да дзвярэй.)

З і н а. Пайдзі, пайдзі, ён табе ўстроіць, што і з работы паляціш.

З ё л к і н (спыняецца). Хацеў табе сказаць навіну цікавую, але калі ты такая — не скажу.

З і н а. Зёлачка, скажы, міленькі!

З ё л к і н. Дзяржаўная тайна.

З і н а. Магіла — нікому не скажу.

З ё л к і н. Нашага Чарнавуса (аглядаецца кругом і шэпча на вуха).

З і н а (робіць вялікія вочы). Ну?!

З ё л к і н. Гэта ведаю толькі я і яшчэ адзін чалавек.

З і н а. Ай! Трэба ж Лідзе пазваніць. Яна ж з Чарнавусавай дачкой дружыць.

З ё л к і н (каб чула Зіна). А Гарлахвацкаму я ўсё-такі зраблю скандал. (Нібы накіроўваецца да дзвярэй кабінета.)

З і н а (махае рукой). Ідзі, ідзі. Я пагляджу, як ты будзеш вылятаць адтуль.

Далей дзея працягваецца ў кабінеце Гарлахвацкага.

Г а р л а х в а ц к і (закурыўшы папяросу, гаворыць да цёці Каці, якая трымаецца за ручку дзвярэй). Вы мне што-небудзь сказаць хочаце, цёця Каця?

Ц ё ц я  К а ц я. Я хацела запытацца, ды не адважуся.

Г а р л а х в а ц к і. Пра што ж вы хацелі запытацца?

Ц ё ц я  К а ц я. Ці праўда гэта, Аляксандр Пятровіч, што пра нашага Чарнавуса гавораць?

Г а р л а х в а ц к і. А што пра яго гавораць?

Ц ё ц я  К а ц я. Ну... вы ж ведаеце. Кажуць, што яго хутка ў нас не будзе...

Г а р л а х в а ц к і. А хто вам казаў?

Ц ё ц я  К а ц я. Таварыш Зёлкін. Кажа, ужо прыходзілі па яго.

Г а р л а х в а ц к і. Зёлкін? (Паўза.) Мусіць, ён ведае, калі казаў.

Ц ё ц я  К а ц я. Вы ж лепш ведаеце?

Г а р л а х в а ц к і. Каб я што і ведаў, дык вам бы не сказаў. Пра гэта гаварыць няможна.

Ц ё ц я  К а ц я. Ага! Дык такі праўда. (Выходзіць.)

Г а р л а х в а ц к і (адзін). Пайшло пісаць! (Паўза.) Цікава панаглядаць, як гэты шаноўны вучоны трапятацца будзе. (Устаў, прайшоўся па пакоі, падышоў да стала, узяў у рукі адну з костак маманта.) Маслы праклятыя! Што я з вамі рабіць буду? Дажыўся таварыш Гарлахвацкі, няма чаго сказаць! Косткамі абклаўся, палеантолагам стаў. А было ж раней — Гарлахвацкаму банкеты, Гарлахвацкаму авацыі, Гарлахвацкі мог любога ў бараноў рог скруціць. I раптам — косткі! Скруці яе, праклятую, калі хочаш! Запхпулі мяне прыяцелі ў гэту дзіру. Далей ад небяспекі. I спецыяльнасць такую ўдружылі, з якой нікуды не паткнешся,— палеанталогія. Гэта значыць, сядзі, Гарлахвацкі, і не рыпайся, а то можаш і нас аскандаліць. Сядзі ціха, а калі спатрэбіцца — пазавём. Сядзець-то тут зацішна... Але Гарлахвацкі сядзець не прывык — вось у чым уся бяда. (Стук у дзверы.) Што ж, зробім выгляд, што мы займаемся навукован працай. (Раскладае на стале косткі, разгортвае кнігі і садзіцца за стол.)

Уваходзіць З ё л к і н.

З ё л к і н. Выбачайце, Аляксандр Пятровіч, што я вам думаць перашкодзіў.

Г а р л а х в а ц к і (нібы з намаганнем адрываецца ад работы). Я вас слухаю, таварыш Зёлкін.

З ё л к і н. Праваронілі, Аляксандр Пятровіч! Ах, як мы праваронілі! Нам даўно трэба было яго прашчупаць.

Г а р л а х в а ц к і. Выбачайце, я нешта не разумею... Што праваронілі? Каго прашчупаць?

З ё л к і н. Вы мяне добра разумееце, Аляксандр Пятровіч, і ведаеце, пра каго я гавару. Ад мяне цяжка схаваць што-небудзь. Досыць мне было пачуць адно слова, як я адразу здагадаўся, пра каго ідзе гутарка.

Г а р л а х в а ц к і. Я вам нічога не гаварыў.

З ё л к і н. Мне і гаварыць нічога не трэба, я і так усё ведаю. Я нават ведаю прычыны.

Г а р л а х в а ц к і. Якія ж прычыны?

З ё л к і н. Брат за граніцай — раз. (Загінае палец.)

Г а р л а х в а ц к і. Брат?

З ё л к і н. Так, родны брат.

Г а р л а х в а ц к і. А яшчэ што?

З ё л к і н. Геалагічную здымку збіраецца рабіць у прыгранічным раёне — два. (Загінае другі палец.) Да брата цягне — разумееце?

Г а р л а х в а ц к і. Усё?

З ё л к і н. Не, не ўсё. Кніга яго шкодніцкая — тры. (Загінае трэці палец.)

Г а р л а х в а ц к і. Якая кніга?

З ё л к і н. А вось гэта, якую ён у выдавецтва здаў.

Г а р л а х в а ц к і. Чым яна шкодніцкая?

З ё л к і н. Залежы фасфарытаў паказаны там, дзе іх вельмі мала, і не паказаны самыя багатыя. Хавае для некага — разумееце?

Г а р л а х в а ц к і. I вы можаце гэта даказаць?

З ё л к і н. Няхай ён раней паспрабуе даказаць, што гэта няпраўда.

Г а р л а х в а ц к і. Гм... Як жа вы — ведаеце такія важныя факты і маўчыце? Хочаце, каб і вас пацягнулі разам з ім?

З ё л к і н. Баяўся раней. А цяпер, калі за яго ўзяліся, я ўжо маўчаць не буду. Пра брата — у мяне ёсць чалавек, які напіша. Пра фасфарыты і пра здымку ў пагранічным раёне я сам шапну ў выдавецтве і на геафаку, дзе ён лекцыі чытае. У Маскву ж паслаў нейкую сваю працу. Чакае адказу, а таго не ведае, што зараз яму дадуць адказ... А што ён пра вас гаворыць, каб вы ведалі... Тулягу як вучонага ён ставіць вышэй вас.

Г а р л а х в а ц к і. Што ж, можа, гэты Туляга і сапраўды вялікія веды мае.

З ё л к і н. Веды-то ён мае, але што за карысць! За ўсё жыццё ніводнага радка не надрукаваў. Баіцца. Усяго ён баіцца. Ходзіць і калоціцца. Кажуць, што ён быў у Дзянікіна палкоўнікам.

Г а р л а х в а ц к і. Ну, дзе ўжо яму!

З ё л к і н. Праўда, праўда! Сёння на вуліцы адзін чалавек пазнаў яго. Дык ён цяпер ні жывы ні мёртвы ходзіць.

Г а р л а х в а ц к і (смяецца). Баязлівы ён, гэта праўда. Палкоўнік! Ха-ха-ха...

У кабінет з ахапкам усялякіх пакупак увальваецца А н н а П а ў-л а ў н а, З ё л к і н знікае.

А н н а  П а ў л а ў н а. Вось палюбуйся, ірад, на сваю жонку! Што я табе — грузавічок, каб гэта ўсё цягаць на сабе?

Г а р л а х в а ц к і. Хто ж цябе прымушае?

А н н а  П а ў л а ў н а. Ці чулі вы! Яшчэ трэба, каб мяне прымушалі дзяцей сваіх адзяваць. (Перабірае пакупкі і кладзе іх на стол.) Жоржыку паліто трэба? Трэба. Штаны яму трэба? Таксама трэба. Славіку коўдру трэба? Ну, і без гэтага не абыдзешся. (Ставіць на стол медны таз.)

Г а р л а х в а ц к і. Што ты, звар'яцела?

А н н а  П а ў л а ў н а. Як гэта — звар'яцела! А што ж, я варэнне ў капелюшы ў тваім буду варыць?

Г а р л а х в а ц к і. Дык хіба ж на стол? Тут жа працаваць трэба. Я проста не разумею, нашто ты ўсё гэта сюды прынесла?

А н н а  П а ў л а ў н а. I яшчэ прынясу. I ванначку прынясу, і прьмус, і пасуду кухонную. Не павалаку ж на сабе дадому.

Г а р л а х в а ц к і. Дык ты б рамізніка ўзяла.

А н н а  П а ў л а ў н а. Дзякую табе за ласку! Вядома ж, ты тры тысячы ў месяц бярэш, што я на рамізніках буду раз'язджаць. Не хворы і сам занесці.

Г а р л а х в а ц к і. Каб ты ведала, Нюрачка, як ты мне перашкаджаеш!

А н н а  П а ў л а ў н а. I заўсёды буду перашкаджаць. Я табе даўно кажу — у цябе павінна быць машына.

Г а р л а х в а ц к і. Дзе ж я яе вазьму?

А н н а  П а ў л а ў н а. Дзе хочаш. Вунь Соня Спевак па ўсім Кіеве раз'язджае на мужавай машыне.

Г а р л а х в а ц к і. Нюрачка, прашу цябе, пе ўспамінай ты мне пра Кіеў! Я і так рад, што сухім з вады выйшаў. Я ж табе казаў, што ва ўсёй гэтай установе ніводнай машыны няма.

А н н а  П а ў л а ў н а. Значыць, такая твая ўстанова. Чаго ты лез сюды? Займі такую пасаду, каб можна было жыць, як людзі жывуць.

Г а р л а х в а ц к і. Чаго лез... Прыпрэ, дык нехаця палезеш.

А н н а П а ў л а ў н а. Але ж цяпер ужо не прыпірае? Усё абышлося добра.

Г а р л а х в а ц к і. Трэба абдумаць, за што раней узяцца.

А н н а  П а ў л а ў н а. За розум вазьміся. У цябе ж нейкае пасведчанне ёсць, што ты вучоны. Дык і дабівайся па вучонай лініі.

Г а р л а х в а ц к і. Пасведчанне... Ты ж ведаеш, як мне гэта паперка прыйшлася?

А н н а  П а ў л а ў н а. На паперцы не напісана, як яна табе прыйшлася.

Г а р л а х в а ц к і. Каб чаго-небудзь дабіцца, як ты кажаш, па вучонай лініі, трэба навуковую працу мець, а не паперку.

А н н а  П а ў л а ў н а. Дык напішы працу. Хто ж табе не дае?

Г а р л а х в а ц к і. Падумай, Нюра, што ты гаворыш. Вазьму я, напрыклад, костку хоць бы гэтага маманта. (Паказвае на костку.) Напішу якое-небудзь глупства, дык жа Чарнавус мне слова выгаварыць не дасць, ён мяне на смех падыме. Тады страціш і гэту пасаду, якую маеш.

А н н а  П а ў л а ў н а. Што там у цябе за Чарнавус такі?

Г а р л а х в а ц к і. Гэта такі Чарнавус, што ўсе гэтыя косці, мабыць, ведае, як свае пяць пальцаў. Тут трэба асцярожна дзейнічаць, з розумам.

Уваходзіць З і н а.

З і н а. Гэта трэба адаслаць, Аляксандр Пятровіч. Падпішыце, калі ласка. (Падае паперу.)

Г а р л а х в а ц к і. Давайце. (Падпісвае.)

З і н а зняважліва аглядао пакупкі, пасля бярэ паперу і выходзіць. Гарлахвацкі з-за жончыных плячэй пасылае ёй пацалунак.

А н н а  П а ў л а ў н а. Гэта што за краля такая?

Г а р л а х в а ц к і. Так, дробязь... сакратар, Зіна Зёлкіна.

А н н а  П а ў л а ў н а. Нешта ты паглядаеш на гэту дробязь, як кот на сала!

Г а р л а х в а ц к і. Што табе здалося?

А н н а  П а ў л а ў н а. Глядзі, каб не збылося! Я не пагляджу, што ты вучоны.

Г а р л а х в а ц к і. Кінь, Нюра! Хіба ж я адважуся што-небудзь такое? Я ж твой характар ведаю.

А н н а  П а ў л а ў н а. Не адважваешся, не адважваешся, а пасля і адважышся. Я цябе ведаю. Нашто табе наогул трымаць яе каля сябе?

Г а р л а х в а ц к і. Як жа каля сябе? Проста яна працуе ва ўстанове, як і ўсе.

А н н а  П а ў л а ў н а. Мужчын табе мала?

Г а р л а х в а ц к і. А дзе ж жанчынам падзецца?

А н н а  П а ў л а ў н а. Дзе хочуць. Няма чаго ім ацірацца каля чужых мужоў.

Г а р л а х в а ц к і. Дзіўна ты разважаеш, Нюра. Няўжо ж усіх жанчын з працы прагнаць?

А н н а  П а ў л а ў н а. У другім месцы як сабе хочуць, а тут я не пацярплю.

Г а р л а х в а ц к і. Так ты мяне можаш аскандаліць.

А н н а  П а ў л а ў н а. I аскандалю. Я наконт гэтага баба шалёная. Як скажу, што ты ў Кіеве вырабляў... Няхай не будзе ні мне, ні другой.

Г а р л а х в а ц к і. Ціха ты! (Азіраецца баязліва.) Я скажу лепш прыбіральшчыцы, каб яна табе памагла занесці. (Прыадчыняе дзверы.) Цёця Каця, хадзіце сюды! (Уваходзіць цёця Каця з пакетамі ў руках.) Пошту прынеслі? Палажыце на стол. Зараз памажыце занесці ка мне на кватэру гэтыя рэчы. (Анна Паўлаўна і цёця Каця выходзяць.)

Г а р л а х в а ц к і (адзін. Бярэ канверт і разрывае). Зноў напамінак. (Чытае.) «Напамінаем вам трэці раз аб неабходнасці даць аб сабе наступныя весткі: 1. Ваша на-вуковая спецыяльнасць. 2. Якія надрукаваныя працы вы маеце? З. Над чым працуеце ў

сучасны момант?..» Ах, чорт!.. Выходзіць, што трэба пісаць навуковую працу... Якую? Адкрыць, скажам, новы від дагістарычнай жывёлы.

Гэта было б цікава... Зрабіць так, каб Туляга і нават сам Чарнавус былі тут у мяне на паслугах... на іх спінах у вялікія вучоныя ўехаць. Хрыбеціны ў іх моцныя, галовы разумныя,— няхай стараюцца, калі хочуць на свеце жыць... (Паўза.) У манастыр мяне сюды саслалі, на пакаянне. Не апраўдаў давер'я. Не, даражэнькі, рана вы Гарлахвацкага ў манастыр саслалі!.. Я дакажу, на што я здатны... Я ў гэтым манастыры так зблытаю карты, што свой свайго не пазнае. Тады вы ўбачыце, чаго варт Гарлахвацкі. (Тэлефонны званок. Гарлахвацкі ў трубку.) Слухаю... Гарлахвацкі... Пра Чарнавуса? А хто гэта пытаецца... З геафака?.. Я вам нічога пэўнага не маю права сказаць... Зёлкін званіў?.. Ён мае нюх на такія справы... Пацікаўлюся... Гэта Зёлкін ведае лепш за мяне. Праверу... Бывайце. (Палажыўшы трубку.) Трэба падліць масла ў агонь. (Набірае нумар.) Выдавецтва? Хто пры тэлефоне?.. Перадайце трубку самому дырэктару. Драчык? Здароў, Ваня... Гарлахвацкі гаворыць... У цябе там у пакоі, здаецца, людзі ёсць... Папрасі ўсіх выйсці. Так, размова будзе сакрэтная. Гатова? Дык вось у чым справа... Вы, здаецца, друкуеце кніжку Чарнавуса? А ты ведаеш, што ён шкоднік? Так, мой супрацоўнік Зёлкін устанавіў, што кніга напісана па-шкодніцку... Зёлкін раскажа табе ўсё падрабязна. За ім і яшчэ тое-сёе лічыцца. З Чарнавусам гаварыць не варта. Пытацца ў ворага, ці праўда, што ён вораг,— гэта смешна... Так, гэта паміж намі, пакуль што... Бывай... (Кладзе трубку.) Ну, пасеяў, дай божа ўраджай сабраць. А калі што якое — Зёлкін адкажа. (Пачынае разбіраць пошту, разрывае канверты, прабягае вачыма. Узяўшы чарговы канверт, чытае ўслых.) «Аляксандру Пятровічу Чарнавусу...» З Масквы... Мусіць, водзыў на яго працу... Цікава, цікава... (Раздзірае канверт і глядзіць на подпіс.) Так і ёсць, прафесар Анікееў піша... (Чытае.) «Паважаны Аляксандр Пятровіч! Папярэдняе азнаямленне з Вашай працай дае нам падставу заявіць, што яна мае не толькі навуковае, але і глыбокае практычнае значэнне. (Углыбіўшыся ў пісьмо, прачытвае ўголас асобныя фразы з яго.) Гэтыя нашы меркаванні апраўдаліся Вашай працай...» Гм... Бачыш ты!.. (Думае.) Паважаны Аляксандр Пятровіч... А чым жа я не Аляксандр Пятровіч? Самы сапраўдпы Аляксандр Пятровіч, хоць у пашпарт паглядзі... Паважаны? Паважаны, дык паважаны — супроць гэтага я таксама не буду пярэчыць. Навуковай працы, праўда, у мяне яшчэ няма... але яна будзе... Так, хутка будзе... (Рашуча згортвае паперку.) Вельмі дзякую вам, паважаны прафесар Анікееў. Такая паперка мне патрэбна. А Чарнавусу яна, як мёртваму кадзіла. (Стук у дзверы. Гарлахвацкі паспешна хавае пісьмо.) Зайдзіце. (Уваходзіць Чарнавус. Гарлахвацкі з шырокім жэстам.) А, міласці просім, Аляксандр Пятровіч!

Ч а р н а в у с. Вы адзін? А мне паказалася, што вы гаварылі з некім.

Г а р л а х в а ц к і. А гэта, ведаеце, такая ў мяне прывычка. З маленства... Люблю дэкламаваць, калі адзін астануся. «Брожу ли я вдоль улиц шумных, вхожу ль во многолюдный храм...» Помніце? Здорава. Дэкламую вось так сам сабе, і пад гэту дэкламацыю такія ўсякія харошыя ідэі прыходзяць у галаву, так лёгка працуецца... Сядайце, расказвайце, што новенькага. Як жывём, працуем?

Ч а р н а в у с (садзіцца). Добра жывём, Аляксандр Пятровіч.

Г а р л а х в а ц к і. Чуў, чуў. У Маскву паслалі, а мне не паказалі. Ах, які вы нядобры!

Ч а р н а в у с. Прабачце, Аляксандр Пятровіч, неяк так яно выйшла, сапраўды нядобра. Аж мне сорамна перад вамі.

Г а р л а х в а ц к і. Я не крыўджуся. Там, вядома, лепш за мяне здолеюць ацаніць вашу працу.

Ч а р н а в у с. Ды нешта адказу доўга няма. Я пачынаю непакоіцца.

Г а р л а х в а ц к і. Чаго вам непакоіцца? Вашы веды і вашы здольнасці даволі вядомы. Я

ўпэўнены, што ваша праца атрымае найвышэйшую ацэнку.

Ч а р н а в у с. Папрацаваў-то я нямала.

Г а р л а х в а ц к і. Працуем мы, трэба сказаць, проста як коні, выбачайце за грубае параўнанне. Часамі дзівішся, як чалавек можа вынесці столькі працы. Навокал жыццё такое прыгожае, столькі радасці, а мы не маем часу імі карыстацца. А старасць не жджэ. Яна, подлая, памаленьку, нячутна падкрадваецца. Вунь і ў вас серабро на скронях.

Ч а р н а в у с. Ёсць такі.

Г а р л а х в а ц к і. Ахвяравалі б вы, Аляксандр Пятровіч, адзін вечарок, ды пайшлі б мы з вамі ў рэстаранчык, выпілі б там па малюсенькай і пагаварылі б, як людзі. Часамі так хочацца пачуць цёплае слова друга.

Ч а р н а в у с. Дзе там рэстаранчык! Часу няма. Там універсітэт, там для дзяцей пішы. Ну, і свая асноўная даследчая работа. Збіраюся маленькую экспедыцыю зрабіць. Хачу ў вас грошай прасіць.

Г а р л а х в а ц к і. Цэлую экспедыцыю?

Ч а р н а в у с. Не пужайцеся. Гэта экспедыцыя будзе складацца з мяне і яшчэ адной асобы.

Г а р л а х в а ц к і. Ну, гэта можна будзе. Вы дайце заявачку, колькі гэта будзе каштаваць, а я пагляджу, што ў нас там ёсць.

Ч а р н а в у с. Каштаваць нямнога будзе.

Г а р л а х в а ц к і. Ды вы не скромнічайце. А то я вас ведаю, вы гатовы пяшком ісці пятнаццаць кіламетраў, каб толькі на рамізніку сэканоміць.

Ч а р н а в у с. А я баяўся, што вы адмовіце.

Г а р л а х в а ц к і. Ну што вы!.. I Вера з вамі едзе?

Ч а р н а в у с. Без яе мне, як без рук.

Г а р л а х в а ц к і. Харошая дзяўчына гэта Верачка.

Ч а р н а в у с. Слаўная дзяўчына. Я проста рад, што маю такую памочніцу.

Г а р л а х в а ц к і. Глядзіце, Аляксандр Пятровіч, не закахайцеся. А то вы — цаца-цаца, ды ў кішэнь.

Ч а р н а в у с. Што вы, баценька! Куды мне, старому!

Г а р л а х в а ц к і. Я ведаю такіх старэнькіх, якім дзяўчаты на шыю вешаюцца.

Ч а р н а в у с. У мяне ўжо дачка такая, як яна.

Г а р л а х в а ц к і. У вас хіба дачка дарослая ёсць?

Ч а р н а в у с. Педінстытут канчае.

Г а р л а х в а ц к і. Вось як!

Ч а р н а в у с. Так. Выдатніца.

Г а р л а х в а ц к і. У папу ўдалася.

Ч а р н а в у с. Слаўная дзяўчурка.

Г а р л а х в а ц к і. Як зваць вашу дачку?

Ч а р н а в у с. Тамара.

Г а р л а х в а ц к і. Харошае імя — Тамара. Мне адразу Лерыантаў успамінаецца. А я, Аляксандр Пятровіч, таксама працу пішу... Хутка канчаю.

Ч а р н а в у с. Вялікая праца?

Г а р л а х в а ц к і. Не так яна вялікая, як цікавая. Вельмі ж мне матэрыял удзячны трапіўся... Думаю нешта новенькае сказаць у сваёй галіне.

Ч а р н а в у с. У палеанталогіі?

Г а р л а х в а ц к і. Так. Думаю арганізаваць пры інстытуце сектар палеанталогіі. Як вы глядзіце на гэта?

Ч а р н а в у с. Што ж, у добры час!

Г а р л а х в а ц к і. Думаю, што вы не адмовіцеся прыняць удзел?

Ч а р н а в у с. Змілуйцеся! Я ж, можна сказаць, прафан у гэтай галіне.

Г а р л а х в а ц к і. Як прафан? Гэты ж, напрыклад, матэрыял вам знаёмы?

Ч а р н а в у с. Ну, гэта косці маманта. А пакажыце мне што-небудзь іншае, дык я і не разбяруся.

Г а р л а х в а ц к і. А хто тут спецыяліст у гэтай галіне?

Ч а р н а в у с. Я такіх не ведаю. Спецыяльнасць гэта даволі рэдкая.

Г а р л а х в а ц к і. Каго б вы мне ўсё-такі параілі з працаўнікоў інстытута?

Ч а р н а в у с. Цяжка мне вам сказаць. Вось хіба Туляга. Раней ён захапляўся палеанталогіяй.

Г а р л а х в а ц к і. Шкада. Але ад свайго намеру я не адступлюся. Прыйдзецца запрасіць сюды на працу вядомых мне палеантолагаў з іншых рэспублік. Праца, якую я рыхтую, будзе першай цаглінкай у гэтай справе. Так і папрашу яе разглядаць як першую спробу.

Ч а р н а в у с. Вы мяне проста заінтрыгавалі. Калі не сакрэт — на якую тэму?

Г а р л а х в а ц к і. А вось гэтага я і не скажу... вам на злосць. Не люблю, ведаеце, афішыравацца. Хутка скончу, зачытаю на савеце, тады крытыкуйце, калі ласка. У вашай асобе спадзяюся бачыць суддзю строгага і справядлівага.

Ч а р н а в у с. Вельмі рад буду пазнаёміцца з вашай працай.

Г а р л а х в а ц к і. Мы з вамі яшчэ пакажам сябе, Аляксандр Пятровіч. Галовы ў нас здаровыя, рукі дужыя, сцяг навукі можам моцна трымаць.

Ч а р н а в у с (устае). Я пра многае не мару, Аляксандр Пятровіч. Хоць нямнога зрабіць, але каштоўнага.

Г а р л а х в а ц к і. Скромнічаеце, скромнічаеце, даражэнькі. А самі ў знамянітасці мерыцеся... Дык заходзьце калі-небудзь.

Ч а р н а в у с. Дзякую.

Г а р л а х в а ц к і. А грошы будуць. Для вас з-пад зямлі дастану.

Ч а р н а в у с. Вельмі дзякую. (Выходзіць.)

Г а р л а х в а ц к і (адзін). А наконт дзяўчуркі трэба ўсё-такі пазваніць. (Бярэ трубку.) Педінстытут? Каго-небудзь з прафкома... Сакратар? Вельмі добра. Я хачу папярэдзіць вас. Тамы у вас вучыцца Тамара Чарнавус?.. Справа ў тым, што яе папа заблытаўся ў варожых справах... Як гэта — яна пры чым? Мусіць жа пры чым, калі я гавару... Так... гавораць з інстытута геалогіі... у нас ёсць пэўныя даныя. Наш супрацоўнік Зёлкін раскажа вам усё падрабязна. Ён зойдзе да вас... Калі ласка... (Кладзе трубку.) Ну вось. Чарнавуса ўпарадкаваў збольшага. Кніга яго свету не ўбачыць, з работы яго, трэба думаць, таксама знімуць адусюль. Адзіны паратунак ён будзе бачыць ва мне. А Гарлахвацкі не толькі з работы яго не зніме, а наадварот — найлепшы яго прыяцель, чулы і велікадушны. Павінен быць мне ўдзячны за гэта? Павінен. Не адважыцца стаць мне поперак дарогі? Думаю, што не адважыцца. Які б ён вучоны ні быў, а і яму свая скура дорага. Цяпер возьмемся за Тулягу. (Адчыняе дзверы ў калідор.) Хто тут ёсць? Нічыпар! Скажыце таварышу Тулягу, што я прашу яго зайсці да мяне. (Зачыняе дзверы.) Зараз мы дадзім ход яго ведам.

Т у л я г а (уваходзіць нясмела). Вы мяне клікалі, Аляксандр Пятровіч?

Г а р л а х в а ц к і. Я, Мікіта Сымонавіч, хацеў сказаць вам адну рэч, ды не ведаю, ці варта. Уласна кажучы, і гаварыць я не маю права.

Т у л я г а (спужаны). Што-небудзь для мяне непрыемнае?

Г а р л а х в а ц к і. Не скажу, каб гэта было вельмі прыемна для вас.

Т у л я г а (калоцячыся). Аляксандр Пятровіч, родненькі! Што ж такое?

Г а р л а х в а ц к і. Прыходзілі, пыталіся пра вас.

Т у л я г а. Пра мяне?

Г а р л а х в а ц к і. Так. Кажуць, у вас працуе тут нейкі Туляга. Чалавек нявысветлены.

Т у л я г а (са страхам). Нявысветлены?

Г а р л а х в а ц к і. Ціне вядзе ён, кажуць, тут якой-небудзь падрыўной работы і ці праўда гэта, што ён дзянікінскі палкоўнік?

Т у л я г а. Палкоўнік?

Г а р л а х в а ц к і. Так. I прозвішча палкоўніка называлі, але я забыўся.

Т у л я г а. Не Падгаецкі?

Г а р л а х в а ц к і. Здаецца, Падгаецкі.

Т у л я г а (хапаецца за галаву). Ай, ай! Дайшло-такі! Каб яна правалілася з сваім языком! Прасіў жа не гаварыць нікому.

Г а р л а х в а ц к і. А вы каму-небудзь расказвалі па сакрэту сваю біяграфію?

Т у л я г а. Паверце, Аляксандр Пятровіч, што ўсё гэта выдумка ад пачатку да канца. Я палкоўнікам ніколі не быў.

Г а р л а х в а ц к і. Ну, можа, падпалкоўнікам. Справа ж не ў гэтым.

Т у л я г а. I падпалкоўнікам не быў.

Г а р л а х в а ц к і. А чаго ж вы былі ў Дзянікіна?

Т у л я г а. Я не ў Дзянікіна, а ў варонежскай гімназіі настаўнікам быў.

Г а р л а х в а ц к і. А я вас, помніцца, бачыў недзе на фатаграфіі... у палкоўніцкай форме.

Т у л я г а. Вы, мусіць, бачылі палкоўніка Падгаецкага. Ён быў падобны на мяне.

Г а р л а х в а ц к і. Іначай кажучы, ваша сапраўднае прозвішча Падгаецкі? Вы тут пад чужым прозвішчаы?

Т у л я г а. Што вы, Аляксандр Пятровіч! Я і на свет нарадзіўся Тулягам. I дзяды і прадзеды мае былі Тулягі.

Г а р л а х в а ц к і. Значыць, вы ў Дзянікіна былі пад чужым прозвішчам?..

Т у л я г а. I там я быў Туляга. Я ж кажу,— настаўнікам быў.

Г а р л а х в а ц к і. Як жа вы з Беларусі аж там апынуліся?

Т у л я г а. Ад немца ўцякаў. Як немцы ў 1915 годзе Баранавічы ўзялі, дык я і пераехаў.

Г а р л а х в а ц к і. Ну, гэтыя казкі вы расказвайце сваёй бабулі. Ніхто ім не паверыць.

Т у л я г а. Як жа мне гэта даказаць? Да каго звярнуцца? Навучыце, Аляксандр Пятровіч.

Г а р л а х в а ц к і. Дакажыце сваёю працай.

Т у л я г а. А як жа з палкоўнікам быць?

Г а р л а х в а ц к і. Гэта мы без вас высветлім.

Т у л я г а. Значыць, толькі працаю?

Г а р л а х в а ц к і. Працаю і паводзінамі. Што да працы, дык я прапаную вам заняцца палеанталогіяй.

Т у л я г а. Палеапталогіяй? Чаму палеанталогіяй?

Г а р л а х в а ц к і. Я хачу, каб вы працавалі пад маім непасрэдным наглядам.

Т у л я г а. Што ж я буду рабіць пад вашым наглядам?

Г а р л а х в а ц к і. Мы з вамі будзем пісаць навуковую працу.

Т у л я г а. Мы з вамі? Удвух?

Г а р л а х в а ц к і. Так. Вы папішаце, а я прачытаю, праверу. Пасля мы яе зачытаем на савеце, апублікуем.

Т у л я г а. За нашымі подпісамі?

Г а р л а х в а ц к і. Не. Вы ж разумееце, што ставіць сваё прозвішча побач з вашым мне нязручна.

Т у л я г а. Значыць, толькі за маім подпісам?

Г а р л а х в а ц к і. Не, толькі за маім.

Т у л я г а. Значыць, напішу працу я, а яна будзе лічыцца вашай?

Г а р л а х в а ц к і. Гэта зусім не важна, чыёй яна будзе лічыцца. Важна тое, каб гэта праца не прапала для грамадства. Прозвішча ваша можа яе скампраметаваць.

Т у л я г а. Ага, разумею... Толькі я хацеў запытацца ў вас, ці не будзе гэта... подласцю?

Г а р л а х в а ц к і. Вы забываецеся, гаспадзін палкоўнік!

Т у л я г а. Выбачайце, я не вас меў на ўвазе. Я кажу, ці не будзе гэта подласцю з майго боку?

Г а р л а х в а ц к і. Ну, ваш бок мяне мала цікавіць. Скажыце, вы згодны так працаваць?

Т у л я г а. Дазвольце мне падумаць.

Г а р л а х в а ц к і. Дзве мінуты. (Прайшоўся па пакоі.) Я ведаю, што вы думаеце. Вы думаеце, а што, калі расказаць пра гэта сакратару парткома Левановічу альбо Веры? Праўда, думаеце так?

Т у л я г а. Прызнаюся, прыходзіла мне ў галаву такая думка.

Г а р л а х в а ц к і. Дык выкіньце яе з галавы. Яна вас загубіць. Сведак у вас няма, ніхто вам не паверыць, а павераць мне. I мне няцяжка будзе даказаць, што гэта паклёп, вылазка дзянікінца. Тады трымайцеся! Варта мне толькі зняць трубку, пазваніць — і ваша песенька спета. (Туляга сядзіць прыгнечаны.) Ну дык як? Згодны?

Т у л я г а. (прыгнечаны) Згодзен.

Г а р л а х в а ц к і. Даўно б так. А цяпер наконт працы... Я думаю, што нам гэта дрэнь не падыдзе. (Паказвае на косці маманта.) Маманты цяпер сталі чуць не хатняц жывёлай. Трэба знайсці нешта новае.

Т у л я г а. Новае тут цяжка знайсці.

Г а р л а х в а ц к і. Знойдзеце, вы толькі пашукайце добра. А я аб'яўлю, што пішу працу на тэму: «Новы від дагістарычнай жывёлы». Дагаварыліся?

Т у л я г а (слабым голасам). Дагаварыліся. (Выходзіць прыгнечаны.)

Г а р л а х в а ц к і (адзін). Гатоў. Цяпер хоць ты з яго вяроўкі ві.

З а с л о н а


АКТ ДРУГІ

Вестыбюль. Ч а р н а в у с ходзіць ускудлачаны. Ён часамі жэстыкуліруе, нібы разважаючы сам з сабою.

Ч а р н а в у с (спыніўшыся ля цёці Каці). А ён не казаў, хутка прыйдзе?

Ц ё ц я  К а ц я. Не казаў. (Да Нічыпара, калі Чарнавус адышоўся.) Глядзець не магу, як ён мучыцца.

Н і ч ы п а р. Дзіва што мучыцца! Кожны б мучыўся. (Выходзіць.)

Цёця Каця моцна ўздыхае.

Ч а р н а в у с (спыніўшыся супроць цёці Каці). Што з вамі, Кацярына Іванаўна? Чаго вы так уздыхаеце? Няшчасце якое здарылася?

Ц ё ц я  К а ц я. Вас мне шкада, Аляксандр Пятровіч.

Ч а р н а в у с. Чаго ж па мне ўздыхаць? Я ж не памёр.

Ц ё ц я  К а ц я. Памёр чалавек, дык ужо адзін канец. Усе памром. А гэтага ж не дай бог нікому добраму.

Ч а р н а в у с. Ды нічога ж такога са мною не здарылася. Я ж вось і на працу прыйшоў.

Ц ё ц я  К а ц я. Не на ўме вам праца. Я ж бачу, не сляпая.

Ч а р н а в у с. Гэта ўсё ліхія людзі мне зрабілі. (Зноў ходзіць. З адных дзвярэй выходзіць Зіна і натыкаецца на Чарнавуса.)

Зіна (адскочыўшы ўбок). Вой. Выбачайце, Аляксандр Пятровіч.

Ч а р н а в у с. Чаго ж выбачаць? Вы ні ў чым не вінаваты.

З і н а. Не, я... Проста я спужалася... Я не думала, што сустрэну вас тут.

Ч а р н а в у с. Вы думалі, што больш мяне не сустрэнеце? Разумею... (Зноў ходзіць.)

З і н а. Усё роўна як нябожчыка сустрэла. Брр. (Прыкалола на дошку аб'яву.)

З ё л к і н (уваходзіць). Што гэта за аб'ява?

З і н а. Прачытай.

З ё л к і н (чытае). «...адбудзецца даклад дырэктара інстытута геалогіі А. П. Гарлахвацкага на тэму: «Новы від выкапня-жывёліны». Вось гэта вучоны! Адразу значны ўклад. Не тое што Чарнавус: дзесяць год усё нейкія гліны ды фасфарыты даследуе.

З і н а. Сланяецца вунь, як цень.

З ё л к і н. Не разумею, чаго Гарлахвацкі ліберальнічае. Даўно пара з ім развітацца.

З і н а. Шкадуе... Чулая душа ў Аляксандра Пятровіча.

З ё л к і н (раўніва). Асабліва да цябе.

З і н а. Зёлачка, ты зноў раўнуеш? Вось я скажу Аляксандру Пятровічу, дык ён цябе адвучыць.

З ё л к і н (грозна). Жарты гэтыя ты на сваёй спіне адчуеш.

З і н а захлопвае дзверы перад яго носам. Зёлкін падыходзіць да тэлефона, бярэ трубку і гаворыць, як бы нічога і не было.

З ё л к і н. Пеця?.. У нас хутка даклад цікавы... Пра новы від выкапня-жывёліны. Наш дырэктар Гарлахвацкі... Не ведаю добра... Нешта цікавае выкапаў... Чалавек ён салідны, ужо калі выкапае, дык выкапае... Вельмі цікава... Бывай... (Выходзіць.)

В е р а (уваходзіць). Ну як, Аляксандр Пятровіч, дасталі грошы на экспедыцыю?

Ч а р н а в у с. Мне не да экспедыцыі, Вера Міхайлаўна.

В е р а (здзіўлена). Чаму?

Ч а р н а в у с. Мяне, здаецца, у ворагі залічылі.

В е р а. Што ж гэта значыць? Як гэта сталася?

Ч а р н а в у с. Я і сам не ведаю, як гэта сталася. Учора лёг як чэсны савецкі грамадзянін, а сягоння ўстаў, бачу — нешта няладнае. Некаторыя знаёмыя не пазнаюць мяне, на другі бок вуліцы пераходзяць, калі сустрэнуцца.

В е р а. Можа, гэта ўсё вам здаецца?

Ч а р н а в у с. Сёння мне не дазволілі чытаць лекцыі на геафаку. Гэта ж мне напэўна не здаецца. Дэкан, які меў ласку гэта паведаміць, быў не здань, а самы рэальны дэкан, паважаны Міхаіл Дзянісавіч.

В е р а. Ды не можа быць!

Ч а р н а в у с. Можа быць, Вера Міхайлаўна. Я сёння ў гэтым пераканаўся. Кніжку маю не пусцілі ў друк. Таксама скажаце — не можа быць?

В е р а. Слухайце — гэта ж не жарты!

Ч а р н а в у с. Я думаю... Якія ж тут жарты?

В е р а. А прычыны? Вы спрабавалі даведацца, якія прычыны?"

Ч а р н а в у с. Спрабаваў... Нічога не выйшла. Пыкаюць, мыкаюць, вочы ўбок адводзяць... Нічога не разбяру. Адно мне выразна сказаў дырэктар выдавецтва: «Забярыце рукапіс, ён нам не патрэбен».

В е р а (стаіць разгубленая). Але ж вы за сабою ніякай віны не адчуваеце?

Ч а р н а в у с. Якая ж віна? Вось тут я сам, тут мая і праца ва ўсіх на віду.

В е р а. I сувязей у вас якіх-небудзь такіх ніякіх не было раней?

Ч а р н а в у с. Я ўжо сам стараўся ўспомніць. Не было...

В е р а. Чорт ведае, што такое! З гэтым жа трэба змагацца. Трэба знайсці вінаватага.

Ч а р н а в у с. А ён, падлюга, хітры — маўчыць і не адгукаецца. Як тут яго знайсці?

В е р а. А знайсці трэба.

Ч а р н а в у с. О, каб знайшоў! Я б яму, нягодніку, у вочы плюнуў.

В е р а. А ён бы ўцёрся ды зноў за сваё. Не, мы расправімся з ім больш жорстка.

Ч а р н а в у с. Але гэта ж трэба кінуць працу і заняцца гэтымі бруднымі плёткамі, траціць час, трапаць нервы. Мне гэта страшна пепрыемна!

В е р а. Праўда, я пра гэта не падумала. Вам трэба працаваць... Я сама за гэта вазьмуся, а вы працуйце.

Ч а р н а в у с. Вы?

В е р а. Так, я. Думаю, што вы дасце на гэта сваю згоду?

Ч а р н а в у с. Не дам.

В е р а. Чаму? Вам прыемна быць у такім становішчы?

Ч а р н а в у с. Непрыемна, але я не хачу, каб і вы трапілі ў такое становішча.

В е р а. Як гэта?

Ч а р н а в у с. Вас могуць абвінаваціць у сувязі з ворагам і выключыць з партыі.

В е р а. Дык вы ж не вораг.

Ч а р н а в у с. Але ж гэта, бачыце, трэба даказаць.

В е р а. Дык выходзіць, што, пакуль вы будзеце даказваць, я павінна стаяць убаку і спакойна глядзець, як чэснага савецкага чалавека топяць нягоднікі. Не, выбачайце!

Ч а р н а в у с (расчулены). Вельмі ўдзячны вам! Я рад, што каля мяне блізкі чалавек, які гатоў мне памагчы. Гэта мне вялікае маральнае падтрыманне. Бо я хоць і стараюся быць бадзёрым, а мне ўсё ж такі цяжка, Вера Міхайлаўна. Я вам яшчэ не ўсё сказаў. Вораг знайшоў самае балючае месца ў маім сэрцы — ён хоча з дачкою мяне разлучыць.

В е р а. А што такое з Тамарай?

Ч а р н а в у с. Прыйшла сёння з інстытута...

В е р а. Выключылі?

Ч а р н а в у с. Не выключылі, але, мусіць, нейкая размова была. Прыйшла ў слязах. Пытаецца, у якіх гэта я варожых справах заблытаўся. А гэта ж дачка, Вера Міхайлаўна. Паверце, што гэта не пустое слова. Нябожчыца пакінула яе маленькую ў голад і разруху. Я на руках яе насіў. Яе дзіцячы лепет жальбу маю разганяў. Я цешыўся, як яна расла, разумнела, станавілася свядомым чалавекам... (Змоўк узрушаны. Зёлкін высоўвае з дзвярэй галаву і падслухоўяае).

В е р а (кладзе Чарнавусу руку на плячо). Супакойцеся, Аляксандр Пятровіч. Супакойцеся, не гаруйце. Я пайду да Тамары, я ёй растлумачу ўсё. Я да вас буду часта прыходзіць. Вы не толькі не страціце дачкі, а ў вас будзе іх дзве: дазвольце і мне лічыцца вашай дачкой.

З ё л к і н (сам сабе). Палюбоўніцай.

Ч а р н а в у с. Вы даўно мне, як дачка.

В е р а. Працуючы разам з вамі два гады я прывыкла да вас, як да роднага, палюбіла вас.

З ё л к і н (сам сабе). Чэснага чалавека не знайшла палюбіць.

Ч а р н а в у с. Дзякую вам за сяброўскае слова.

Вера (жартаўліва). Дык прымаеце мяне за дачку?

Ч а р н а в у с. Ад усяе душы.

В е р а. Дык вашу руку, Аляксандр Пятровіч, і не будзем сумаваць.

Ч а р н а в у с. Вашу чэсную руку. (Горача паціскае і нечакана цалуе ёй руку. Вера сканфузілася.) Выбачайце, па шчырасці.

З ё л к і н (сам сабе). Стары распуснік!

В е р а. Дык вы куды цяпер?

Ч а р н а в у с. Думаю дачакацца Гарлахвацкага і з ім пагаварыць — можа, ён што ведае.

В е р а. Пачакайце, я сягоння пагавару з Левановічам, вось толькі ў лабараторыю зайду. Гэтага нельга адкладваць. Да Тамары зайду вечарам... гадзін у восем...

Ч а р н а в у с ідзе ў пакой, а В е р а да выхаду.

З ё л к і н (наўмысля трапляецца ёй насустрач). Добры дзень, Вера.

В е р а. Добры дзень. (Пайшла міма.)

З ё л к і н. Што ж вы... не хочаце, каб я паціснуў (падкрэслена) вашу чэсную руку?

В е р а (спыняецца). Падслухоўвалі?

З ё л к і н. А хіба ў вас сакрэты якія-небудзь з Чарнавусам? Я і не ведаў, што вы выбралі сабе такую давераную асобу.

В е р а. Ці не параіце мне вас выбраць!

З ё л к і н. Гэта справа вашага густу і... партыйнага сумлення.

В е р а. Вось як!

З ё л к і н. А як жа вы думалі?

В е р а. Добра. Мы яшчэ пагаворым аб гэтым. (Пайшла.)

З ё л к і н (адзін). Дзіва што пагаворым. Вылеціш з партыі, тады пагаворыш. Да Тамары яна пойдзе! Бачыў я, з якой Тамарай ты цалавалася.

З ё л к і н ідзе ў свой пакой. Уваходзіць Т у л я г а і спыняецца ля аб'явы.

Т у л я г а. Назначаны дзень мае ганьбы... Адзін падлец будзе публічна прысвойваць сабе працу другога, а другі падлец, праклінаючы ў душы, будзе яму апладзіраваць. Ганьба, ганьба!

Г а р л а х в а ц к і (уваходзіць). Ну, як мая праца?

Т у л я г а. Ваша праца пасоўваецца, Аляксандр Пятровіч.

Г а р л а х в а ц к і. А іменна?

Т у л я г а. Матэрыялы падбіраю.

Г а р л а х в а ц к і. Доўга капаецеся. Я ўжо дзень вызначыў. К гэтаму тэрміну павінна быць гатова.

Т у л я г а. Пастараюся. Толькі гэта ці не занадта смела: новы від выкапня?

Г а р л а х в а ц к і. Аб гэтым вы не турбуйцбся. Смеласць — гэта ўжо мая справа, а не ваша. Вы толькі зачэпку знайдзіце.

Т у л я г а выходзіць.

З ё л к і н (уваходзіць). Аляксандр Пятровіч, навіна!

Г а р л а х в а ц к і. Плётка ці праўда — прызнавайцеся.

З ё л к і н. За каго вы мяне лічыце?

Г а р л а х в а ц к і. За Зёлкіна.

З ё л к і н. Мне гэта нават крыўдна.

Г а р л а х в а ц к і. I цікавая навіна?

З ё л к і н. Пальчыкі абліжаце.

Г а р л а х в а ц к і. Ну, выкладвайце. Толькі хутка, бо часу няма.

З ё л к і н. Вера жыве з Чарнавусам.

Г а р л а х в а ц к і. Як гэта «жыве»? Я ведаю, што яна не памерла.

З ё л к і н. Ну, як вам сказаць...

Г а р л а х в а ц к і. Ды скажыце, як-небудзь...

З ё л к і н. Ну, скажам, як я з Зінай.

Г а р л а х в а ц к і. Гэта яшчэ не страшна.

З ё л к і н. Як гэта не страшна? Вы хочаце сказаць, што я... што мы...

Г а р л а х в а ц к і. Я хацеў сказаць, што гэта, мусіць, няпраўда.

З ё л к і н. Як гэта няпраўда? Я сам бачыў...

Г а р л а х в а ц к і. Дзе ж вы бачылі?

З ё л к і н. Тут у калідоры. Цалаваліся. Спатканне прызначылі ў яго на кватэры сёння ў восем гадзін, як Тамары не будзе дома.

Г а р л а х в а ц к і. Што, дык гэта праўда?

З ё л к і н. Праўда. Я лічу, што ёй у партыі не месца.

Г а р л а х в а ц к і. Строгі ж вы чалавек... А сам беспартыйны.

З ё л к і н. Выбачайце, тут цесная сувязь з ворагам, бытавое разлажэнне, распуста.

Уваходзіць Ч а р н а в у с, З ё л к і н знікае.

Ч а р н а в у с. Я вас даўно чакаю, Аляксандр Пятровіч.

Г а р л а х в а ц к і. Чым магу служыць, дарагі Аляксандр Пятровіч? Вельмі шкадую, што прымусіў вас чакаць. Важная нарада была, я не мог пакінуць.

Ч а р н а в у с. Я да вас з просьбай... Дапамажыце выйсці з цяжкага становішча, у якое я трапіў з нечае ласкі.

Г а р л а х в а ц к і. А што такое з вамі здарылася? Усё, што ад мяне залежыць, я зраблю.

Ч а р н а в у с. Я больш не чытаю лекцый на геафаку.

Г а р л а х в а ц к і. Чаму?

Ч а р н а в у с. Знялі, не давяраюць.

Г а р л а х в а ц к і. Ха-ха-ха... Жартуеце, калега.

Ч а р н а в у с. Мне зусім не да жартаў.

Г а р л а х в а ц к і. Значыць, вы сур'ёзна?

Ч а р н а в у с. Зусім сур'ёзна.

Г а р л а х в а ц к і. Дык гэта ж безабразіе!

Ч а р н а в у с. Я з вамі згодзен. Толькі гэта яшчэ не ўсё безабразіе: кніжку маю таксама не пусцілі ў друк.

Г а р л а х в а ц к і. Гэта ўжо зусім свінства. Якая ж прычына?

Ч а р н а в у с. У тым вось і справа, што я нічога не магу дабіцца. Усё гэта абкружана такой таямніцай, што яны і самі не ведаюць, у чым я вінаваты.

Гарлахвацкі. Дарагі мой, дык чаго ж вы маўчыце? Ганьбяць ваша чэснае імя, а вы маўчыце! Не, так нікуды не варта. Гэта сацыяльнае зло, з якім трэба змагацца. Так жа сёння вас, а заўтра мяне могуць ашальмаваць і вывесці са строю.

Ч а р н а в у с. Могуць.

Г а р л а х в а ц к і. I якая ж, выбачайце, сволач магла вам такую штуку ўстроіць?

Ч а р н а в у с. Сапраўды. Паглядзіш вакол, здаецца, усе людзі такія сумленныя, свядомыя... Няма на каго і падумаць.

Г а р л а х в а ц к і. А можа... Вы, Аляксандр Пятровіч, праверылі сябе як мае быць? Ва ўсім?

Ч а р н а в у с. Як гэта? Я не разумею.

Г а р л а х в а ц к і. Я ў тым сэнсе, што, можа, у вашай біяграфіі ёсць якая-небудзь зачэпка, ну самая такая пусцяковіна, якая магла паслужыць повадам для плётак. Вы мне

прабачце, Аляксандр Пятровіч, я проста па-сяброўску кажу.

Ч а р н а в у с. Дзесяць разоў перадумаў я ўсё сваё жыццё і магу сказаць, палажыўшы руку на сэрца, ні ў чым не вінаваты.

Г а р л а х в а ц к і. Я ў гэтым і не сумняваўся. Цяпер я зусім спакойны за вас і... за сябе. Бо вы самі разумееце, што і я тут рызыкую чым-нічым. Каб я быў такі самастрахоўшчык, як і іншыя, дык мог бы прапанаваць вам падаць заяву аб вызваленні ад працы. Але я далёка ад гэтай думкі. Мы з вамі будзем працаваць, нягледзячы ні на якія плёткі.

Ч а р н а в у с. Я высока цаню вашу велікадушнасць.

Г а р л а х в а ц к і (спыняецца ля аб'явы). Вось чакаю, што вы на гэта скажаце (паказвае на аб'яву). Спадзяюся, што вы мяне не ўгробіце.

Ч а р н а в у с. Думаю, што для гэтага не будзе ніякіх падстаў.

Г а р л а х в а ц к і. Ну, як ваша экспедыцыя, Аляксандр Пятровіч?

Ч а р н а в у с. Дык вось, бачыце, замінка выйшла.

Г а р л а х в а ц к і. А вы не звяртайце ўвагі. Непрыемна гэта ўсё, я сам разумею, але ж за працай і непрыемнасці забываюцца. Тым больш што ў вас такі мілы памочнік, вы з ёю ўсё гора забудзеце.

Ч а р н а в у с. Ёй, беднай, таксама непрыемна гэта ўсё, але трымаецца яна геройскі і мяне падбадзёрвае. Слаўная дзяўчына. Ну, дзякуй вам за падтрыманне. (Адыходзіць.)

Г а р л а х в а ц к і (адзін). Слаўная! Бач ты, стары чорт! Губа не дура. Ды цяпер табе не да дзяўчат будзе, даражэнькі.

Выходзіць. Уваходзіць Л е в а н о в і ч.

Л е в а н о в і ч (да цёці Каці). У якім пакоі Вера Міхайлаўна?

Ц ё ц я  К а ц я. Ідзіце вунь у тыя дзверы.

Л е в а н о в і ч. Яна там не адна?

Ц ё ц я  К а ц я. Не, там яшчэ ёсць людзі.

Л е в а н о в і ч. Вызавіце яе сюды. Скажыце, што сакратар парткома Левановіч просіць на хвілінку.

Ц ё ц я  К а ц я. Таварыш Левановіч, заступіцеся вы за нашага Чарнавуса. Шкада чалавека. Чуе мая душа, што дарэмна ўзвялі на яго гэту напасць. Не можа быць, каб гэтакі людскі чалавек ды супроць народа. Гэта нехта набрахаў на яго.

Л е в а н о в і ч. Будзьце спакойны, цёця Каця, чэсных людзей мы ў крыўду не дадзім. Разбяромся, у чым тут справа.

Ц ё ц я  К а ц я. Дык пазваць Веру Міхайлаўну сюды?

Л е в а н о в і ч. Ага, пазавіце.

Ц ё ц я К а ц я ідзе па Веру. Левановіч чытае аб'яву аб дакладзе. Уваходзіць В е р а.

Л е в а н о в і ч (паказвае на аб'яву). Што гэта за даклад? Ты не знаёма?

В е р а. Не. Ён яшчэ трымае ў сакрэце.

Л е в а н о в і ч. Не шкодзіла б пазнаёміцца.

В е р а. Ты для гэтага мяне і паклікаў?

Л е в а н о в і ч. Не, я хацеў запытацца, ці чула ты што-небудзь пра Чарнавуса?

В е р а. Чула, што на яго ўзвялі нейкі паклёп, і збіралася да цябе ісці.

Л е в а н о в і ч. Добра, калі паклёп.

В е р а. Што ж тут добрага?

Л е в а н о в і ч. Я хачу сказаць — добра, калі гэта ўсё — няпраўда.

В е р а. Што «гэта ўсё»? Яму ж нічога не гавораць.

Л е в а н о в і ч. Ходзяць чуткі, што нейкае шкодніцтва знайшлі ў яго працах.

В е р а. У якіх працах?

Л е в а н о в і ч. Мабыць, у апошніх.

В е р а. Я гэтыя працы ведаю. Яны напісаны на падставе тых матэрыялаў, у збіранні якіх я сама прымала непасрэдны ўдзел.

Л е в а н о в і ч. А калі ён і цябе вакол пальца абвёў?

В е р а. Што ж я, па-твойму, палена бярозавае? Ні цэ, ні бэ не разумею?

Л е в а н о в і ч. Якую ацэнку ў Маскве атрымала яго праца?

В е р а. Яшчэ няма адказу.

Л е в а н о в і ч. Можа, там знайшлі што-небудзь?

В е р а. А я табе дакажу, што ўсё гэта брахня. Заўтра ж паеду ў Маскву і прывязу водзыў.

Л е в а н о в і ч. Я цябе не пасылаю пакуль што.

В е р а. Сама паеду. (Запальчыва.) Што, не давяраеш? I мяне ў шкодніцтве падазраеш?

Л е в а н о в і ч. Ды не кіпяціся ты!

В е р а. Буду кіпяціцца. Абвінавачванне ў шкодніцтве — гэта не пусцяковіна.

Л е в а н о в і ч. Вось таму, што гэта справа сур'ёзная, трэба ў ёй спакойна разабрацца.

В е р а. Па-мойму — ты не з таго канца пачаў разбірацца. Трэба пацікавіцца, адкуль ідуць гэтыя плёткі.

Л е в а н о в і ч. Я хачу з двух канцоў адразу — хутчэй будзе. Вось даведаўся, што ты прымала ў гэтай працы ўдзел, і мне ўжо лягчэй стала. А чуткі адкуль ідуць — таксама даведаемся. У Маскву каму-небудзь сапраўды прыйдзецца паехаць. Аб гэтым мы яшчэ пагаворым. (Уваходзіць Чарнавус.) Добры дзень, Аляксандр Пятровіч. (Вітаецца за руку.) А мы з Верай Міхайлаўнай толькі што гаварылі пра вас. Значыць, і кніжку вашу не пусцілі ў друк?

Ч а р н а в у с. Не пусцілі.

Л е в а н о в і ч. Гэта аб чым ваша кніжка?

Ч а р н а в у с. Аб фасфарытах.

Л е в а н о в і ч. Вы можаце мне даць рукапіс на пару дзён? Я хацеў бы азнаёміцца.

Ч а р н а в у с. Калі ласка.

Л е в а н о в і ч. Вы, кажуць, і ў Маскву паслалі нейкую працу?

Ч а р н а в у с. Паслаў. Аб карысных выкапнях на тэрыторыі БССР.

Л е в а н о в і ч. Адказу яшчэ не атрымалі?

Ч а р н а в у с. Не. Даўно чакаю.

Л е в а н о в і ч. Дык вы і не ведаеце, адкуль на вас такая напасць?

Ч а р н а в у с. Не ведаю. Усё роўна, як снег на галаву.

Л е в а н о в і ч. А ў інстытуце вам працаваць не перашкаджаюць?

Ч а р н а в у с. Не, не магу паскардзіцца.

Л е в а н о в і ч. Якія ў вас адносіны з Гарлахвацкім?

Ч а р н а в у с. Самыя найлепшыя.

Л е в а н о в і ч Што ж, працуйце... Я думаю, што хутка гэтыя хмары рассеюцца. Высветлім, у чым тут рэч. А рукапіс, калі вам не цяжка будзе, прышліце мне заўтра ў суседні корпус, у шаснаццаты пакой.

Ч а р н а в у с. Я прашу, таварыш Левановіч, прыняць меры, каб гэта непаразуменне як найхутчэй было развязана. Справа ў тым, што на падставе маіх даных дзяржплан праекціруе пабудову новых заводаў. Калі праца астанецца скампраметаванай, будаўніцтва можа сарвацца.

Л е в а н о в і ч. Я гэта ведаю. Я буду прасіць, каб назначылі аўтарытэтную камісію, якая можа ўстанавіць каштоўнасць вашай працы і высветліць усялякія іншыя акалічнасці.

Ч а р н а в у с. Гэта лепш за ўсё.

Л е в а н о в і ч выходзіць на двор. Ч а р н а в у с і В е р а — у пакой. Уваходзіць н е з н амё м а я ж а н ч ы н а.

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а (да цёці Каці). Скажыце, дырэктар інстытута ёсць?

Ц ё ц я  К а ц я. У кабінеце.

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а. Кажуць, у вас ёсць халтурка для машыністкі?

Ц ё ц я  К а ц я. Запытайцеся, можа, і ёсць.

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а (ахарошваецца перад люстэркам). Ён у вас не вельмі строгі? Нічога, што я патрывожу?

Ц ё ц я  К а ц я. Нічога.

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а. Я-то крыху чула пра яго. (Падыходзіць да кабінета і намерваецца пастукаць. Дзверы адчыняюцца і высоўваецца Гарлахвацкі.) Можна, таварыш дырэктар? У вас, казалі, для машыністкі работа ёсць?

Г а р л а х в а ц к і. Выбачайце, у мяне неадкладная справа. Зайдзіце праз паўгадзіны. Цёця Каця, скажыце Зёлкінай, каб яна прыйшла да мяне з паперамі.

Ц ё ц я  К а ц я. Зараз. (Ідзе па Зёлкіну.)

Н е з н а ё м а я  жан ч ы н а. Зёлкіна... Гэта тая, Зіначка. Паглядзім, што за яна!

З ё л к і н а з паперамі праходзіць у кабінет дырэктара.

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а. Нічога асаблівага на ёй няма. Толькі слава, што Зёлкіна.

Да дзвярэй кабінета падыходзіць З ё л к і н.

З ё л к і н (цягне за ручку дзвярэй). Замкнёна.

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а. Ён заняты.

З ё л к і н. З кім жа ён заняты?

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а. З Зёлкінай. Не скора, відаць, вызваліцца.

З ё л к і н. Чаму вы так думаеце?

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а. Папер шмат панесла.

З ё л к і н. А вы ўпэўнены, што гэта Зёлкіна?

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а. Яе гэтак называлі. А так я не знаю. Чула крыху...

З ё л к і н. Што ж вы пра яе чулі?

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а. Глупства, не варта пераказваць.

З ё л к і н. Гавораць, мусіць, што яна з Гарлахвацкім гуляе?

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а. Можа, гэта і няпраўда. Ці мала што гавораць.

З ё л к і н. А муж тут працуе і нічога не ведае.

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а. Чаму не ведае. Ён, кажуць, такі шаптун і пляткар, што без яго ні адна плётка не абыходзіцца. Ведае, але зрабіць нічога не можа.

З ё л к і н. Гэта няпраўда. Каб ведаў, дык ён бы тут разнёс усё на свеце. Я ж яго знаю... Чым яны там заняты так доўга? (Нагінаецца і хоча паглядзець у замочную шчыліну.)

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а. Ну, ну! Вось гэтага я ад вас не чакала.

З ё л к і н (агрызаючыся). Чаго вы не чакалі?

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а. Каб вы ў шчыліну падглядалі!

З ё л к і н. А вам што да таго?

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а. Непрыгожа.

З ё л к і н. Цьфу ты, назола! Вось прыстала! (Адыходзіць.)

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а. А яшчэ мужчына! Трэба мець вытрымку, грамадзянін!

Уваходзіць А н н а П а ў л а ў н а і накіроўваецца да дзвярэй кабінета.

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а. Заняты, не прымае.

А н н а  П а ў л а ў н а. З кім жа ён так заняты?

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а. З Зёлкінай.

А н н а  П а ў л а ў н а. З Зёлкінай?

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а. Так.

А н н а  П а ў л а ў н а. I даўно ён заняты?

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а. Я мінут дваццаць ужо сяджу.

А н н а  П а ў л а ў н а. А што яна за асоба такая, што ён пры ёй не прымае?

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а. А вы хіба яе не ведаеце?

А н н а  П а ў л а ў н а. Адкуль мне ведаць? Я тут не працую.

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а. Жанчына, кажуць, прыемная.

А н н а  П а ў л а ў н а. Дык і што ж, што прыемная?

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а. А з прыемнай жанчынай прыемна час правесці.

А н н а  П а ў л а ў н а. Дазвольце! Але ж ён жанаты.

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а. Дык і што ж?

А н н а  П а ў л а ў н а. Дык у яго ж ёсць жонка. Нашто ж яму нейкая Зёлкіна.

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а. А жонка, кажуць, страшэнная ведзьма.

А н н а  П а ў л а ў н а. Гэта хлусня! Я чула, што яна досыць прыгожая жанчына.

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а. Кажуць, дзень і ноч яго пілуе. А ён як вырвецца, дык і шукае з другімі ўцехі.

А н н а  П а ў л а ў н а. Ах, паскуднік! Я яму такую ўцеху дам, што ён век не забудзе! (Кідаецца да дзвярэй.)

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а (усхопліваецца). Ай, што я нарабіла! Гэта ж жонка! (Выбягае.)

А н н а  П а ў л а ў н а (стукае кулакамі ў дзверы). Адчыні! Адчыні! Адчыні, сабачыя твае вочы! Усё роўна ж я да цябе дабяруся. (Стукае.) Дабяруся, ірад, нідзе ты не дзенешся! (Стукае ў дзверы з усяе сілы.)

Прыбягаюць ц ё ц я К а ц я, З ё л к і н і і н ш ы я с у п р а ц о ў н і к і.

Г а л а с ы. Што такое? Што здарылася?

А н н а  П а ў л а ў н а. Дайце ключ хутчэй! Няшчасце здарылася.

З ё л к і н. Цёця Каця, ключ ад французскага замка! Хутчэй ключ давайце!

Кабінет Гарлахвацкага.

Г а р л а х в а ц к і (мітусіцца па кабінеце). Ах чорт! Уліплі мы што называецца. Чуеце, як бушуе мая ведзьма?

З і н а. Можа, лепш адчыніць?

Г а р л а х в а ц к і. Баюся, што ад вашай завіўкі нічога не астанецца.

З і н а. Няўжо біцца будзе?

Г а р л а х в а ц к і. Можаце не сумнявацца. На гэта я ўжо маю практыку.

З і н а. Дык што ж рабіць?

Г а р л а х в а ц к і. А я, думаеце, ведаю? (Падыходзіць да акна.) У двары нікога няма... Паспрабаваць у акно выскачыць...

З і н а. Зімою ў акно?

Г а р л а х в а ц к і. У часе стыхійнага бедства людзі не разбіраюць, зіма ці лета, а ратуюцца, як хто можа.

З і н а. А я што буду рабіць?

Г а р л а х в а ц к і. І вы таксама.

З і н а (з жахам). У акно? Ні за што не палезу.

Г а р л а х в а ц к і. Дык аставайцеся, я адзін палезу. (Бярэ партфель і накіроўваецца да акна.)

З і н а (з жахам). Ні за што не астануся! Яна мяне з'есць. (Плача.)

Г а р л а х в а ц к і. Кіньце вы скуголіць. I без вас моташна. (Глядзіць у акно.) Чакайце! Вунь Туляга ідзе з лабараторыі. Мы, здаецца, выратаваны. (Адчыняе акно і крычыць.) Таварыш Туляга!.. Таварыш Туляга! Мікіта Сымонавіч! Сюды на хвілінку! Лезьце на падаконнік. Лезьце, лезьце, не саромейцеся! (Паказваецца галава Тулягі.)

Т у л я г а. У чым справа, Аляксандр Пятровіч?

Г а р л а х в а ц к і. Вы мне патрэбны, лезьце сюды ў пакой.

Т у л я г а. Дык нашто ж? Я ж магу праз дзверы.

Г а р л а х в а ц к і. Лезьце, я вам кажу.

Т у л я г а. Неяк няёмка, людзі глядзяць.

Г а р л а х в а ц к і. Я вам загадваю, гаспадзін палкоўнік! (Туляга паслушна ўлазіць у пакой.) Пабудзьце з гэтай жанчынай — вось і ўсё, што ад вас патрабуецца.

Т у л я г а (калоцячыся). Нічога не разумею, Аляксандр Пятровіч. Хоць зарэжце...

Г а р л а х в а ц к і. Вы былі з ёю. Мяне тут зусім не было. Зачыніце за мною акно. Цяпер разумееце?

Т у л я г а. Прызнацца, не зусім.

Г а р л а х в а ц к і (шыпіць). Гаспадзін палкоўнік!.. Не прыкідвайцеся дурнем!

Т у л я г а. Разумею, Аляксандр Пятровіч! Усё разумею.

Г а р л а х в а ц к і. Даўно б так. (Вылазіць праз акно на вуліцу. Туляга зачыняе за ім акно.)

Т у л я г а (разводзіць рукамі). Нічога не разумею. Растлумачце хоць вы, таварыш Зёлкіна.

З і н а (выціраючы слёзы). Зараз вас біць будуць.

Т у л я г а. Мяне? За што ж мяне біць?

З і н а. Вунь ужо дзверы адмыкаюць.

Шырока расчыняюцца дзверы. У кабінет урываецца А н н а П а ў-л а ў н а, за ёю а с т а т н і я. Усе на момант аслупянелі, убачыўшы Тулягу з Зінай. Потым гнеў Анны Паўлаўны змяніўся прыступам рогату.

З ё л к і н (да Зіны). Дык вось ты з кім, нягодніца!

З і н а. Адстань! (Адштурхоўвае яго і, лавіруючы між натоўпу, выходзіць.)

З ё л к і н. А з вамі, даражэнькі, я зараз расквітаюся! (Падступае з кулакамі да Тулягі.)

Т у л я г а (засланяе твар рукамі). Што вы да мяне маеце, таварыш Зёлкін?!

З ё л к і н. Я табе пакажу, стары распуснік! (Хоча ўдарыць. Уваходзіць Гарлахвацкі з партфелем.)

Г а р л а х в а ц к і. Што тут робіцца такое? У чым справа?

А н н а  П а ў л а ў н а (падбягае да яго). Ой, Шура, каб ты бачыў, што тут было!

Г а р л а х в а ц к і. Дык тут і цяпер безабразіе.

А н н а  П а ў л а ў н а. Зёлкіну вось з гэтым (паказвае на Тулягу) засталі тут.

Г а р л а х в а ц к і. Ах, якая брыдота! Другога месца но знайшлі.

А н н а  П а ў л а ў н а. А жанчына тут нейкая была ў калідоры ды выдумала, што гэта ты з Зёлкінай.

Г а р л а х в а ц к і. Што яшчэ за жанчына?

А н н а   П а ў л а ў н а. Ліха яе ведае, незнаёмая. Такая языкастая баба. Ды яна тут недзе. (Аглядаецца.) Не, уцякла ўжо.

Г а р л а х в а ц к і. Нічыпар, лаві яе там! Чорт знае што! З вуліцы зброд усялякі лезе ў кабінет. Пляткараць, распуснічаюць. (Да Тулягі.) Ну і вы таксама... Стары чалавек! Пасаромеўся б. Ва ўстанове, ды яшчэ ў маім кабінеце, дазваляць сабе такія рэчы!

Т у л я г а. Аляксандр Пятровіч... Гэта бязлітасна... Вы ж самі ведаеце...

Г а р л а х в а ц к і (грозна). Нічога я не ведаю, таварыш Туляга! Хаця мне і трэба было б ведаць, адкуль у вас такія прывычкі. (Туляга часта моргае вачыма і кусае губы.) Ды ладна, таварышы. Я думаю, што мы будзем велікадушнымі і даруем яму на гэты раз, узяўшы слова, што больш нічога падобнага ён сабе не дазволіць. Спадзяюся, што смецця з хаты выносіць вы не будзеце, каб гэта не лягло бруднай плямай на нашу ўстанову. Прашу спакойна разысціся і працаваць. (Крадком ад жонкі гаворыць Тулягу, які выходзіць апошнім). Спадзяюся, што ў вас хопіць розуму не балбатаць пра гэта. (Усе разыходзяцца. Астаюцца толькі Гарлахвацкі і Анна Паўлаўна.)

Г а р л а х в а ц к і (да жонкі, калі Туляга выйшаў). Ну што ты скажаш на гэта? Ха-ха-ха... (Рагоча ўсё больш і больш, паддаючы сабе ахвоты.)

А н н а  П а ў л а ў н а. Такі ціхоня, размазня! Хто б гэта мог падумаць!.. Ха-ха-ха.

Г а р л а х в а ц к і. Сівізна ў бараду, а чорт у рабрыну.

А н н а  П а ў л а ў н а. А тая пляткарка сказала, што гэта ты з Зёлкінай зачыніўся. Я чуць дом не разбурыла.

Г а р л а х в а ц к і. Ах, ах, ах! Як гэта нядобра! I заўсёды ж так. Напляце табе якая-небудзь баба, а ты, не праверыўшы, з кіпцюрамі на мяне кідаешся.

А н н а  П а ў л а ў н а. Ну, годзе, мір! (Абнімае яго за шыю і цалуе.)

Г а р л а х в а ц к і (ляпае яе па плячах). Бядовая ты ў мяне, Нюра.

А н н а  П а ў л а ў н а. Як твая навуковая праца?

Г а р л а х в а ц к і. Праца амаль што гатова. Вунь, глядзі, які ў мяне тут навуковы апарат.

А н н а  П а ў л а ў н а (пяшчотна). А як машына? Хутка будзе?

Г а р л а х в а ц к і. Чакай, пацярпі крыху. Будзе табе белка, будзе і свісток. (Стук у дзверы.) Зайдзіце!

Уваходзіць Л е в а н о в і ч.

Г а р л а х в а ц к і. А-а! Нарэшце і партыйнае кіраўніцтва ўспомніла пра нас, грэшных. Пара, даўно пара, а то мы без кіраўніцтва можам тут памылак парабіць. (Анна Паўлаўна выходзіць.) Ты чуў, якую штуку адмачыў Туляга?

Л е в а н о в і ч. Туляга? Па-мойму, ён не здольны ні на якія штукі.

Г а р л а х в а ц к і. І я так думаў. Адно ж сапраўды — у ціхім балоце чэрці вядуцца. Некалькі хвілін назад яго накрылі з Зёлкінай у маім кабінеце.

Л е в а н о в і ч. Ды што ты!

Г а р л а х в а ц к і. Вось табе і што ты!

Л е в а н о в і ч. Ні за што не паверу.

Г а р л а х в а ц к і. Запытай у людзей. Я тут яму пры ўсіх праборку даваў, а ён стаіць ды толькі вачыма моргае.

Л е в а н о в і ч. Не падазраваў у яго такіх здольнасцей.

Г а р л а х в а ц к і. У нас тут розных талентаў хапае.

Л е в а н о в і ч. Скажы, ты не ведаеш, што такое з Чарнавусам?

Г а р л а х в а ц к і. А я хацеў у цябе запытацца, што з ім такое.

Л е в а н о в і ч. Але ж ты чуў што-небудзь?

Г а р л а х в а ц к і. Ходзяць нейкія чуткі. Быццам шкодніцтва нейкае ў яго працах выявілі, зноў жа сувязі нейкія.

Л е в а н о в і ч. Ты не правяраў, адкуль гэтыя чуткі?

Г а р л а х в а ц к і. Гэта нічога не рабі, толькі правярай. А працу за мяне хто будзе пісаць? Туляга?

Л е в а н о в і ч. Дзіўная бесклапотнасць! Таго ўсюды з працы знялі, а яму хоць бы што.

Г а р л а х в а ц к і. Загадаеш і мне яго зняць? Я не самастрахоўшчык. Праверым, тады будзе відаць.

Л е в а н о в і ч. Як ты мысліш сабе гэту праверку?

Г а р л а х в а ц к і. Трэба назначыць аўтарытэтную камісію, якая павінна выехаць на месца, дзе ён рабіў геалагічныя доследы.

Л е в а н о в і ч. Хто, па-твойму, у гэту камісію павінен увайсці?

Г а р л а х в а ц к і. Баюся, што мне, як дырэктару інстытута, ад гэтага не выкруціцца. Ты ж мяне не вызваліш?

Л е в а н о в і ч. Дапусцім, што не. А яшчэ хто?

Г а р л а х в а ц к і. Можна яшчэ Зёлкіна. Ну і Тулягу.

Л е в а н о в і ч. I колькі ж часу зойме гэта праверка?

Г а р л а х в а ц к і. Каля года.

Л е в а н о в і ч. Што?!

Г а р л а х в а ц к і. У зімніх умовах рабіць нічога нельга, а за лета хаця б нам управіцца. Прыйдзецца ж бурэнне рабіць нанова.

Л е в а н о в і ч. Гэта значыць сарваць увесь план работы інстытута і трымаць цэлы год пад падазрэннем Чарнавуса.

Г а р л а х в а ц к і. Што ж ты зробіш! Давяраць яму асабліва не прыходзіцца. Няхай корпаецца тут пад маім наглядам.

Л е в а н о в і ч. Я гаварыў з Верай. Яна галавой ручаецца, што гэта паклёп.

Г а р л а х в а ц к і. На гэта яна мае свае прычыны.

Л е в а н о в і ч. Яна з ім разам працуе.

Г а р л а х в а ц к і. Больш таго — кажуць, што яна з ім жыве.

Л е в а н о в і ч (недаверліва глядзіць на Гарлахвацкага). Ты гэта праверыў?

Г а р л а х в а ц к і (смяецца). Вось дзівак! Як жа я магу праверыць?

Л е в а н о в і ч (дапытліва). А можа, гэта няпраўда?

Г а р л а х в а ц к і. Можа, і няпраўда. За правільнасць чутак не ручаюся. Урэшце, ты сам можаш пераканацца: сягоння ў восем гадзін вечара ў іх спатканне ў Чарнавуса на кватэры.

Л е в а н о в і ч. Адкуль у цябе такія весткі?

Г а р л а х в а ц к і. Весткі пэўныя, можаш не сумнявацца.

Л е в а н о в і ч. Тут у цябе такое творыцца, што сам чорт не разбярэ. Натыкаешся на сюрпрызы, дзе іх зусім не чакаеш.

Г а р л а х в а ц к і. Такую спадчыну я атрымаў. Чыстка патрэбна. З некаторымі работнікамі прыйдзецца развітацца.

Л е в а н о в і ч. А замяніць кім?

Г а р л а х в а ц к і. Заменім. У мяне ёсць на ўвазе добрыя работнікі, якія ахвотна пойдуць да мяне працаваць, калі ім забяспечыць належныя ўмовы. Вось я толькі ад працы крыху вызвалюся, тады мы з табой навядзём тут парадак. Мне не ўпершыню гэтым займацца.

Л е в а н о в і ч (у роздуме). Парадак тут сапраўды прыйдзецца навесці.

Г а р л а х в а ц к і. Між іншым, дваццаць другога я даклад чытаю на вучоным савеце. Прыходзь паслухаць.

Л е в а н о в і ч. Я ў тваіх мамантах нічога не разумею.

Г а р л а х в а ц к і. Я пішу, каб усім было зразумела. Для мас жа пішу. Гэта будзе пробны камень і для Чарнавуса. Магчыма, што ён паспрабуе зганьбіць маю працу і скампраметаваць мяне як савецкага вучонага. Тады мы яго і выкрыем.

Л е в а н о в і ч (убок). Вось ты куды гнеш! (Да Гарлахвацкага.) Думаеш, што ён асмеліцца на гэта?

Г а р л а х в а ц к і. Калі ён сапраўды вораг, дык прарвецца,— быць не можа.

Л е в а н о в і ч. А мы яго, шэльму, за вушка ды на сонейка!

Г а р л а х в а ц к і. Як міленькага!

Л е в а н о в і ч. А калі ён не прарвецца, а пахваліць твой даклад?

Г а р л а х в а ц к і. Ды я не сцвярджаю, што ён абавязкова вораг. Можа, і пахваліць.

Л е в а н о в і ч. А здорава ты прыдумаў! Гэта ж можа вельмі хораша выйсці. Цікава! Прыйдзецца прыйсці.

Г а р л а х в а ц к і. Дык прыйдзеш?

Л е в а н о в і ч. Абавязкова. Бывай! (Выходзіць.)

Г а р л а х в а ц к і (адзін). Правяральшчык знайшоўся! Я, брат, такія акуляры настаўлю, што табе і чорнае белым пакажацца. Не такіх за нос вадзілі!

З а с л о н а


АКТ ТРЭЦІ

Карціна першая

Калідор. Уваходзяць Ч а р н а в у с і В е р а з «Правдой» у руцэ.

В е р а. Чыталі сёння «Праўду»?

Ч а р н а в у с. Яшчэ не чытаў.

В е р а. Тут вам дапамога.

Ч а р н а в у с. Мне? Якая дапамога?

В е р а. Пра вас гаворыцца.

Ч а р н а в у с. Пра мяне? Пакажыце.

В е р а. Вось тут.

Ч а р н а в у с (чытае). «О6 ошибках парторганизаций при исключении коммунистов из партии...» (Бегла праглядае.)

В е р а. Прачытайце вось гэты абзац.

Ч а р н а в у с (чытае). «Известно, далее, немало фактов, когда замаскированные враги народа, вредители-двурушники в провокационных целях организуют подачу клеветническнх заявленнй на членов партии и под видом «развертывания бдительности» добиваются исключения нз рядов ВКП(б) честных и преданных коммунистов, отводя тем самым от себя удар и сохраняя себя в рядах партии».

В е р а. Цяпер зразумелі?

Ч а р н а в у с. Тут гаворыцца пра няправільныя выключэнні з партыі камуністаў, а я, як вам вядома, беспартыйны.

В е р а. Чэсны і адданы. А такіх беспартыйных ворагі народа таксама стараюцца ашэльмаваць.

Ч а р н а в у с. Гэта праўда.

В е р а. Ну, давайце далей пачытаем. Я таксама яшчэ не ўсё чытала. (Садзяцца і ўглыбляюцца ў газету.)

Ч а р н а в у с (прачытаўшы). Здорава!.. (Чытае моўчкі.) Правільна! (Чытае ўслых.)

«...стремящегося путем проведения мер репрессий перебить наши большевистские кадры, сеять неуверенность и излишнюю подозрительность в наших рядах». Іменна, яны ж так і робяць! Як гэта адразу становіцца зразумелым!

Уваходзіць З ё л к і н. Ён ступае нячутна, каб падысці і што-небудзь падслухаць.

В е р а (не аглядаючыся). Не турбуйцеся, таварыш Зёлкін, у нас ніякіх сакрэтаў няма.

З ё л к і н. Я і не турбуюся. Дарэмна вам здалося.

В е р а. Не здалося, а я ў люстэрка бачу. Ідзіце лепш пачытайце, што тут пра вас пішуць.

З ё л к і н. Пра мяне? Дзе гэта?

В е р а. Ды вось, хоць бы гэты абзац прачытайце.

З ё л к і п (прачытаўшы, зморшчыўся). Жарты жартамі, а ў нас таксама ёсць паклёпнікі.

В е р а. Вы кажаце шчырую праўду.

З ё л к і н. Напрыклад, наша цёця Каця вельмі любіць языком патрапаць.

В е р а. «А он украдкою кивает на Петра».

Г а р л а х в а ц к і ўваходзіць і здалёк яшчэ размахвае газетай.

Г а р л а х в а ц к і. Вітаю, таварышы! Вітаю з выдатным дакуыентам! Чыталі?

В е р а. Чытаем.

Г а р л а х в а ц к і. Гэта дакумент! Проста пальцам паказваюць на ворагаў, двурушнікаў, здраднікаў, усялякіх прахвостаў. Нам астаецца толькі руку працягнуць і за каўнер схапіць. Тут ён увесь як на далоні! А ўявіце цяпер становішча гэтага самага подлага двурушніка! Ён жа ідзе па вуліцы, і яму здаецца, што ўсе на яго пальцам паказваюць — вось кар'ерыст! вось двурушнік! вось паклёпнік! Ён стараецца надзець маску чэснага савецкага чалавека, але грозная рука адплаты ўжо ўзнята над ім. Вось-вось сарве маску і выставіць яго на суд, на ганьбу, на ўсеагульную знявагу. Кола вакол яго звужаецца ўсё больш і больш. Тыя людзі, якія раней перад ім баяліся слова пікнуць, цяпер узнімаюць галаву і гатовы на ўвесь свет крыкнуць, што ён за чалавек. Яго мізэрная душа апынулася ў пятках. Ён шукае сабе шчыліны, каб схавацца, а грозны голас грыміць над самым яго вухам: «Дудкі, грамадзянін Зёлкін! Нідзе ты ад нас не схаваешся!»

З ё л к і н (спужаўся). Што вы, Аляксандр Пятровіч!

Г а р л а х в а ц к і. Ха-ха-ха... Не пужайцеся, я жартую.

Ч а р н а в у с. Ды вы проста артыст, Аляксандр Пятровіч.

Г а р л а х в а ц к і. Закінуў цяпер, а некалі я іграў у драматычным гуртку.

В е р а. Вы так па-майстэрску разыгрываеце, як быццам і нарадзіліся для гэтай ролі.

Г а р л а х в а ц к і (пераходзячы на сур'ёзны тон). Так, таварышы, за двурушнікаў і паклёпнікаў мы цяпер возьмемся па-сапраўднаму. Калі прыгледзецца, дык і ў сваім асяроддзі мы знойдзем такіх. Ім цяпер пе паздаровіцца. (Накіроўваецца да дзвярэй кабінета, потым спыняецца.) Аляксандр Пятровіч, можна вас на хвілінку?

Чарнавус падыходзіць да Гарлахвацкага, той адводзіць яго ўбок.

Ч а р н а в у с. Чым магу служыць?

Г а р л а х в а ц к і. Я проста хацеў запытацца, як вашы справы, ды пры ўсіх нязручна.

Ч а р н а в у с. Усё так жа.

Г а р л а х в а ц к і. Нічога, не падайце духам. Вось я толькі крыху ад працы вызвалюся, даклад прачытаю, а тады сам займуся вашай справай.

Ч а р н а в у с. Я вам буду вельмі ўдзячны.

Г а р л а х в а ц к і. А працу сваю я ўжо скончыў, Аляксандр Пятровіч.

Ч а р н а в ус. Ну, вітаю вас!

Г а р л а х в а ц к і. Дзякую. Думаю, што вы гэтым не абмяжуецеся, а прыйдзеце паслухаць.

Ч а р н а в у с. З вялікай прыемнасцю.

Г а р л а х в а ц к і. I пакрытыкуеце мяне як належыць. Прызнацца, я вас пабойваюся крыху.

Ч а р н а в у с. У мяне да вас самыя найлепшыя пачуцці.

Г а р л а х в а ц к і. Дык падтрымаеце? Ваша слова для мяне многа значыць, хоць я і атрымаў ужо водзыў з Масквы ад Анікеева.

Ч а р н а в у с. Атрымалі ўжо?

Г а р л а х в а ц к і. Так. Скончыў я працу даўно, але не гаварыў аб гэтым, чакаў, што мне Масква скажа.

Ч а р н а в у с. Ну, калі вы маеце водзыў Анікеева, тады мая ацэнка для вас мала значыць.

Г а р л а х в а ц к і. Не скажыце. Вашу думку я вельмі высока цаню. Дык так, Аляксандр Пятровіч,— дружба і ўзаемная дапамога.

Ч а р н а в у с. Дзякую за давер'е. У такі момант для мяне гэта многа значыць.

Г а р л а х в а ц к і. Між іншым, вы цяпер мала зарабляеце. Можа, вы адчуваеце нястачу ў чым?

Ч а р н а в у с. Дзякую... Я да раскошы не прывык.

Г а р л а х в а ц к і. Вы мне даруйце, я пытаюся на правах друга. Можа, вам грошы патрэбны?

Ч а р н а в у с. Вельмі дзякую, Аляксандр Пятровіч. Пакуль што я магу абысціся, а калі трэба будзе, тады я звярнуся да вас.

Г а р л а х в а ц к і. А то я мог бы вам забяспечыць паўтысячы якой-небудзь.

Ч а р н а в у с. Шчыра дзякую.

Г а р л а х в а ц к і. Глядзіце. Калі што якое, дык звяртайцеся проста да мяне. Я заўсёды буду рад. (Ідзе ў свой кабінет.)

Ч а р н а в у с (падыходзячы да Веры). Цудоўны чалавек!

В е р а. Хто? Гарлахвацкі?

Ч а р н а в у с. Так. Ён сапраўды ўмее паклапаціцца аб жывым чалавеку.

В е р а. Я таксама была аб ім добрай думкі.

Ч а р н а в у с. А цяпер хіба не?

В е р а. А цяпер ён мне здаецца крыху загадачны. Быў адзін такі выпадак, што я не ведаю, што і думаць пра яго.

Ч а р н а в у с. Вы занадта строгая да людзей. Можа, вас хто ў падман увёў наконт яго.

В е р а. Баюся, каб ён сам не ўвёў нас у падман.

Ч а р н а в у с. Ну што вы! Я такой і думкі не дапускаю.

Праходзіць Т у л я г а з «Правдой» у руках.

В е р а. А вось запытаемся ў Тулягі. Мікіта Сымонавіч!

Т у л я г а. Я вас прасіў бы забыцца аб маім існаванні.

В е р а. Я гэтага не заслужыла, Мікіта Сымонавіч. Выбачайце, калі так. А мы тут гаварылі з Аляксандрам Пятровічам пра Гарлахвацкага і хацелі запытацца, што вы думаеце пра яго?

Т у л я г а. Што я пра яго думаю? Цудоўны чалавек!

Ч а р н а в у с (да Веры). Вось бачыце!

Т у л я г а. Свет прайдзіце, другога такога не знойдзеце.

Ч а р н а в у с. Я ж ёй таксама кажу, што ён надзвычайны чалавек!

Т у л я г а. Вось іменна — надзвычайны. Шчыры, душэўны. Гатоў з чалавекам апошнім падзяліцца.

В е р а. Нават?

Т у л я г а. Больш таго, нават каханую жанчыну гатоў уступіць другому.

В е р а. Ці не занадта ўжо?

Т у л я г а. Шчырую праўду кажу вам, паверце майму вопыту.

В е р а (здзіўлена). Вашаму вопыту?

Т у л я г а. Так, майму вопыту.

В е р а. Расшыфруйце, Мікіта Сымонавіч, што гэта значыць.

Т у л я г а. Потым, другім разам.

В е р а. А скажыце, што вы думаеце аб ім як аб вучоным?

Т у л я г а. А чаму гэта мне першаму трэба аб ім думаць? Дзякую за ласку, думайце самі.

В е р а. Як першаму? Мы ж у чаргу не становімся, каб думаць.

Т у л я г а (паказвае на аб'яву). Вось паслухаеце даклад, тады будзеце думаць, што сабе хочаце.

В е р а. Вы гаворыце, як быццам нешта ведаеце пра гэты даклад.

Т у л я г а. Нічога не ведаю. (Пайшоў).

В е р а (іранічна). Страшэнна засакрэчаны чалавек!

Т у л я г а (варочаецца. Гаворыць шчыра). Ведаеце што... Лепш бы я памёр на той час, калі будзе чытацца гэты даклад.

Ч а р н а в у с. Дзіўнае жаданне, Мікіта Сымонавіч!

Т у л я г а. Выступаць жа прыйдзецца. А гэта для мяне горай смерці.

Ч а р н а в у с. То не выступайце. Ніхто ж вас не прымусіць.

Т у л я г а. Не выступіш — ён гэтага не даруе.

В е р а (насмешліва). Становішча ў вас, сапраўды, бязвыхаднае. Астаецца толькі тут жа, пад гэтай аб'явай, легчы і памерці.

Т у л я г а. Ёсць яшчэ адзін выхад.

В е р а. Які?

Т у л я г а. Але на гэта смеласць патрэбна, а яе ў мяне зроду не было.

Ч а р н а в у с. Чаго вы загадзя мучыцеся, Мікіта Сымонавіч? А можа, даклад якраз будзе такі, што мы выслухаем яго з прыемнасцю?

Т у л я г а. Які б ён ні быў, я прыемнасці ад яго не буду мець.

Ч а р н а в у с. Якія ж прычыны вашага адчаю?

Т у л я г а. Прычыны ёсць, Аляксандр Пятровіч! Паверце мне на слова!

В е р а. Ведаеце, што я вам сур'ёзна параю, таварыш Туляга?

Т у л я г а. Што вы мне сур'ёзнае параіце?

В е р а. Плюньце вы на ўсе гэтыя страхі і будзьце савецкім чалавекам.

Т у л я г а. Кажаце, плюнуць на страхі?

В е р а. Плюньце!

Т у л я г а. А скажыце, вы былі калі-небудзь дзянікінскім палкоўнікам?

В е р а. Не, не прыходзілася.

Т у л я г а. Гэта і відаць... (Пайшоў.)

В е р а (наўздагон). Мікіта Сымонавіч!

Т у л я г а (спыняецца, не паварочваючыся). Я. Што вы хацелі яшчэ сказаць?

В е р а. Я ж не веру, што гэта вы былі з Зіначкай.

Т у л я г а (шпарка паварочваецца). Як гэта вы не верыце? Гэта ўсе бачылі.

В е р а. А я ўсё-такі не веру. Не магу паверыць.

Т у л я г а (падыходзіць да яе). I не верце, Вера Міхайлаўна!.. Я заўсёды думаў, што ў вас вельмі чулая і добрая душа. (Расчулены, паціскае руку Веры.) Дзякую, дзякую!

В е р а (здзіўленая). За што ж, Мікіта Сымонавіч?

Т у л я г а. За чыстыя думкі, за чэснасць. (Яшчэ раз паціскае ёй руку і шпарка выходзіць.)

В е р а (гледзячы ўслед яму). Дзіўна!

Ч а р н а в у с. Гэта гісторыя з Зёлкінай — сапраўды дзіўная гісторыя!

В е р а. Вельмі дзіўная. Я думаю, ці не шантаж тут які-небудзь?

Ч а р н а в у с. На вачах ва ўсіх. Які тут можа быць шантаж?

В е р а. I ўсё-такі тут нейкая загадка. Гэта відаць і з яго слоў. Аднак жа трэба ісці збірацца. Сягоння я еду ў Маскву.

Ч а р н а в у с. Такім чынам, вы і на дакладзе Гарлахвацкага не будзеце?

В е р а. Можа, паспею вярнуцца.

Ч а р н а в у с. Шкада, калі спозніцеся. Даклад абяцае быць цікавым.

В е р а. Пасля пазнаёмлюся. Ну, пажадайце мне ўсяго найлепшага.

Ч а р н а в у с. Ад душы жадаю...

В е р а. Чакайце мяне з радаснай весткай... Бывайце! (Выходзіць.)

Ч а р н а в у с (адзін). Гэта мне была б падтрымка. (Выходзіць.)

Т у л я г а (уваходзіць з газетай у руках). Вера Міхайлаўна!.. Яе ўжо няма. Што ж мне рабіць? Я ж павінен каму-небудзь сказаць пра гэта. Гэта ж ён вораг, а не я, дык няхай яму і страшна будзе.

Уваходзіць Л е в а н о в і ч.

Л е в а н о в і ч. Дзень добры, таварыш Туляга! (Вітаецца за руку.) Як жывём?

Т у л я г а. Пахваліцца не магу, таварыш Левановіч. Жыву і сам сябе не паважаю.

Л е в а н о в і ч. Што так?

Т у л я г а. Прачытаў вось я (паказвае газету) пастанову Пленума, і мне сорамна стала.

Л е в а н о в і ч. Чаго ж вам сорамыа?

Т у л я г а. Што я такі баязлівы, нікчэмны чалавек, маладушны да нізасці.

Л е в а н о в і ч. Ці не занадта жорстка вы бічуеце сябе?

Т у л я г а. Не, не занадта. Вы яшчэ не ведаеце, у чым справа.

Л е в а н о в і ч. Я дагадваюся, што вы хочаце мне сказаць, у чым гэта справа.

Т у л я г а. Іменна хачу, ды баюся, што не паверыце.

Л е в а н о в і ч. Гаварыце, паверу.

Т у л я г а. Калі я, напрыклад, скажу, што ведаю аднаго такога двурушніка...

Л е в а н о в і ч. У чым жа справа? Вы можаце ведаць такога.

Т у л я г а. Што ён ілжэвучоны, ашуквае партыю і савецкую грамадскасць, што ён шальмуе чэсных работнікаў.

Л е в а н о в і ч. Бываюць і такія. Аб іх жа і гаворыцца ў пастанове Пленума.

Т у л я г а. А калі я, напрыклад, скажу, што ён арудуе ў нашай установе?

Л е в а н о в і ч. Магчыма, што я дрэнна ведаю людзей.

Т у л я г а. А калі я скажу, напрыклад, што гэта наш паважаны дырэктар Аляксандр Пятровіч Гарлахвацкі?

Л е в а н о в і ч. Гм... У яго, вядома, ёсць недахопы, але баюся, што вы тут крыху перавялічваеце.

Т у л я г а. Ну вось, я ж казаў, што вы не паверыце? Яшчэ мяне паклёпнікам палічыце.

Л е в а н о в і ч. Вы самі разумееце, таварыш Туляга, што гэта цяжкае абвінавачанне. У вас, напэўна, ёсць якія-небудзь доказы?

Т у л я г а. Канкрэтных доказаў няма. Я толькі ведаю, што ён невук, у палеанталогіі нічога не разумее і не можа адрозніць косці выкапня ад звычайнай кароўяй косткі.

Л е в а н о в і ч. А як жа ён працу піша?

Т у л я г а. Не піша ён ніякай працы.

Л е в а н о в і ч. Вось жа аб'ява.

Т у л я г а. Батрака ён сабе знайшоў, той яму піша.

Л е в а н о в і ч. Не разумею.

Т у л я г а. Я пішу яму працу.

Л е в а н о в і ч. Чаму ж вы гэта робіце?

Т у л я г а. Таму, што ён мяне прымусіў пагрозамі, а я спужаўся. Пры якіх абставінах, я вам потым раскажу. Цяпер мне прыходзіцца альбо ісці на подласць, альбо праявіць мужнасць і выкрыць яго.

Л е в а н о в і ч. Калі так, дык мы яго зараз жа можам выкрыць. Я паклічу яго сюды, і ўсё высветліцца.

Т у л я г а. Э, не! Ён адапрэцца і вокам не маргне. Я зноў астануся вінаватым.

Л е в а н о в і ч. Але ж вы павінны даказаць ваша абвінавачанне.

Т у л я г а. Вось што я вас папрашу, таварыш Левановіч. Дайце мне слова, што вы не патрывожыце яго яшчэ некалькі дзён. Няхай ён зробіць даклад, які я для яго пішу, тады адразу ўсё стане ясным.

Л е в а н о в і ч (у задуменні). Гм... Так... Так... ІПто ж, няхай чытае даклад... А я тым часам з свайго боку праверу некаторыя факты. (Выходзіць.)

Т у л я г а (адзін. Звяртаеццца да дзвярэй кабінета). Цяпер жа я табе напішу навуковую працу! Насмяяўся ты з мяне, абняславіў перад людзьмі, пасмяюся ж і я з цябе. Якую ж яму выдумаць дапатопную жывёліну... каб падобна была на яго?.. (Адчыняе ўваходныя дзверы.) Таварыш Нічыпар! Зайдзіце сюды на хвілінку. (Нічыпар уваходзіць) У мяне да вас просьба.

Н і ч ы п а р. Якая?

Т у л я г а. Знайдзіце мне якую-небудзь костку.

Н і ч ы п а р. Якую ж вам костку?

Т у л я г а. Абы-якую — свіную, кароўю, толькі вялікую і не вельмі свежую.

Н і ч ы п а р. А нашто гэта вам?

Т у л я г а. Дырэктар прасіў мяне дастаць... для параўнання. Ён піша навуковую працу.

Н і ч ы п а р. То можа аднае мала? Я магу і больш прынесці.

Т у л я г а. Хопіць аднае. Ён такі вялікі вучоны, што толькі паглядзіць на гэту костку — і яму ўсё ясна.

Н і ч ы п а р. Бачыце! А я думаў, ён так сабе, як і ўсе. То я пайду пашукаю. (Выходзіць.)

Т у л я г а (да дзвярэй кабінета). Атрымаеш ты ў мяне навуковую ступень.

Дзверы адчыняюцца. Туляга адскаквае ўбок і прымае звычайны баязлівы выгляд. Уваходзіць Г а р л а х в а ц к і.

Г а р л а х в а ц к і. Ну, як?

Т у л я г а. Усё добра, Аляксандр Пятровіч. У дадатак да майго матэрыялу прыслаў мне прыяцель костачку, якая вельмі дапамагла. Дзякуючы ёй мне ўдалося канчаткова ўстанавіць новы від выкапня.

Г а р л а х в а ц к і. Што ж гэта за выкапень?

Т у л я г а. Гэта далёкі продак аднае нашай хатняй жывёліны.

Г а р л а х в а ц к і. Ну вось! А вы казалі, што нічога новага нельга знайсці. Пад маім кіраўніцтвам вы яшчэ і не тое знойдзеце.

Т у л я г а. Аднак я павінен папярэдзіць, што некаторыя нашы палажэнні, напэўна, будуць аспрэчвацца.

Г а р л а х в а ц к і. Кім?

Т у л я г а. Чарнавусам, Левановічам і іншымі.

Г а р л а х в а ц к і. Чарнавус мне сам прызнаўся, што ён прафан у гэтай галіне. А Леванов і ч тым больш: ён жа тарфавік.

Т у л я г а. Вось якраз таму, што яны з палеанталогіяй мала знаёмы, ім і будуць здавацца дзіўнымі некаторыя рэчы.

Г а р л а х в а ц к і. Не страшна, мы ім растлумачым. Вы выступіце ў спрэчках і рассееце ўсе іх сумненні. А што да даклада, дык ад яго якасці залежыць ваш лёс у першую чаргу.

Т у л я г а. Мне напамінаць аб гэтым няма патрэбы, Алярсандр Пятровіч.

Г а р л а х в а ц к і. Тым лепш. Хутчэй канчайце, некалькі дзён асталося. (Выходзіць.)

Т у л я г а (адзін). Некалькі дзён да твае пагібелі.

 

Карціна другая

Кабінет Гарлахвацкага. За сталом Г а р л а х в а ц к і, Л е в а н о в і ч, З ё л к і н а (піша пратакол), Ч а р н а в у с, Т у л я г а, З ё л к і н і інш.

Г а р л а х в а ц к і (працягвае даклад). Зямныя нетры нямала хаваюць у сабе такіх астаткаў ранейшай флоры і фауны. Гэта жывая кніга прыроды. Прыведзеныя ў сістэму, гэтыя астаткі абазначаюць сабою тую цудоўную, ні з чым не параўнальную лесвіцу Дарвіна, па якой на працягу соцень мільёнаў год зямное жыццё ўзбіралася крок за крокам усё вышэй і вышэй, аж пакуль не дасягнула вянца тварэння, якім з'яўляецца сучасны чалавек. Праўда, лесвіца гэта не такая стройная, як уяўляюць сабе людзі, не дасведчаныя ў гэтай галіне. Часамі ў гэтай лесвіцы не хапае цэлай ступенькі альбо нават двух-трох адразу. Калі якому-небудзь вучонаму ўдаецца знайсці і цвёрда ўстанавіць такую ступеньку, дык гэта з'яўляецца цэлай падзеяй у палеанталогіі. Мне, скромнаму работніку ў гэтай галіне, таксама пашчаслівілася, калі не ўстанавіць, дык, па крайняй меры, замацаваць адну з такіх ступенек. Справа ў тым, што ў Нью-Йоркскім музеі прыродазнаўства знаходзіцца сківіца невядомага выкапня. Паводле велізарных памераў гэтай сківіцы і паводле клыкоў, падобных на біўні маманта, гэту жывёліну можна было б аднесці да сям'і слановых, але гэтаму перашкаджае дасканала развітая поўная сістэма зубоў, чаго сярод слановых не сустракаецца. Вучоныя заспрачаліся. Адны з іх залічаюць жывёліну да слановых, а другія, грунтуючыся на сістэме зубоў, залічаюць яе ў разрад няжвачных парнакапытных. Але пазіцыя апошніх была досыць хісткай, бо нікому да гэтага часу не ўдавалася знайсці другія часткі шкілета і перш за ўсё косці канечнасцей, якія б пацвердзілі іх вывады. I вось, таварышы, гэта скромная костка, якую вы тут бачыце, канчаткова вырашае спрэчку вучоных палеантолагаў. Костку гэту даставіў нам адзін знаёмы натураліст, а адначасова з ёю і апісанне тых костак, якія былі знойдзены разам з гэтай.

Н і ч ы п а р (прасунуўшы ў дзверы галаву). Можна паслухаць?

Л е в а н о в і ч. Можна.

Н і ч ы п а р  і  ц ё ц я  К а ц я ўваходзяць, садзяцца ля дзвярэй.

Г а р л а х в а ц к і (працягвае). Нам удалося ўстанавіць, што гэта костка з'яўляецца адным суставам пальца пярэдняй канечнасці тае жывёліны, аб якой спрачаюцца вучоныя. Будова нагі гэтага выкапня вельмі падобна да тае, якую мы бачым у нашай свінні. Толькі апіралася гэта жывёліна пры хадзе не на два пальцы, а на ўсе чатыры, з якіх два крайнія былі крыху меншыя за два сярэднія. Такой моцнай апоры вымагала вялікая вага масіўнага тулава. З часам, калі пад уплывам неспрыяючых кліматычных умоў корму станавілася ўсё менш і менш, буйнейшыя экземпляры пачалі выміраць ад бяскорміцы, выжывалі толькі

самыя дробныя, якім менш трэба было яды. Вага тулава з пакалення ў пакаленне змяншалася, і нарэшце яно страціла столькі ў вазе, што для яго падтрымання досыць было толькі двух сярэдніх пальцаў на кожнай назе: два крайнія сталі паступова атрафіравацца. Так утварыліся канечнасці нашай сучаснай свінні, у якіх два пальцы недаразвіты. Велізарная гэта жывёліна была ўсяеднай, як аб тым сведчаць яе зубы. Яна харчавалася травой, карэннямі, пладамі, якія ёй няцяжка было даставаць з дрэў, дзякуючы свайму велізарнаму росту. А калі ёй трапляліся жывыя істоты, яна ахвотна ласавалася і імі.

Ц ё ц я  К а ц я. Можа, яна і людзей ела?

Г а р л а х в а ц к і. Калі яны былі не досыць пільныя...

Л е в а н о в і ч. Тады яна абыходзілася з імі па-свінску.

Г а р л а х в а ц к і. Зусім правільна.

Л е в а н о в і ч. Так робяць, між іншым, не толькі дапатопныя свінні, але і некаторыя жывёліны пазнейшага перыяду.

Г а р л а х в а ц к і. Гэта тэма для спецыяльных доследаў.

Л е в а н о в і ч. Такія доследы дзе-нідзе вядуцца, наколькі мне вядома.

Г а р л а х в а ц к і. Магчыма. Я не ў курсе справы... Такім чынам, гэта костка (падымае костку і зноў кладзе на стол. Чарнавус бярэ яе і разглядае) і іншыя матэрыялы даюць нам падставу меркаваць, што гэта велізарная жывёліна часткова падобна была на нашу свінню, а часткова на маманта, з якім, відавочна, была ў блізкім сваяцтве.

Л е в а н о в і ч (насмешліва). Дваюраднай сястрой яму даводзілася.

Г а р л а х в а ц к і (яму ў тон). Магчыма... Дзякуючы гэтаму яе з поўным правам можна назваць іспалінскай альбо мамантавай свіннёй.

Ч а р н а в у с. Як, як вы сказалі?

Г а р л а х в а ц к і. Мамантавай свіннёй.

Ч а р н а в у с. Цікава, цікава. (Кладзе костку на стол.)

Г а р л а х в а ц к і (насцярожана). Што цікава?

Ч а р н а в у с. Усё цікава, ад пачатку да канца.

Г а р л а х в а ц к і. На тое і палеанталогія... Дык вось, таварышы, да якога вываду я прыйшоў пасля ўсебаковага і дакладнага вывучэшш гэтай косткі. (Паўза. Да Левановіча.) Вядзі сход, мне самому нязручна.

Л е в а н о в і ч. У каго будуць запытанні дакладчыку?

Маўчанне.

Н і ч ы п а р. Можна мне глянуць на гэту костку?

Л е в а н о в і ч. Калі ласка. (Падае костку Нічыпару.)

З ё л к і н. Скажыце, Аляксандр Пятровіч, дзе вы такі каштоўны матэрыял знайшлі для свае працы?

Г а р л а х в а ц к і. Я ўжо казаў, костку гэту даставіў мне адзін знаёмы натураліст.

Маўчанне.

Л е в а н о в і ч. Яшчэ хто мае запытанні?

Ч а р н а в у с. Скажыце, Аляксандр Пятровіч, да якога перыяду вы адносіце сваю знаходку?

Г а р л а х в а ц к і (гіпнатызуе вачыма Тулягу, чакаючы ад яго паратунку). Да гэтага... як яго... вось вылецела з галавы. Горад яшчэ такі ёсць... Да пензенскага.

Ч а р н а в у с. Выбачайце, да якога?

Г а р л а х в а ц к і. Да пензенскага.

Ч а р н а в у с. Такога перыяду ў геалогіі я не ведаю. Вы, мабыць, хацелі сказаць да пермскага?

Г а р л а х в а ц к і (крыху сканфужаны). Бачыце, я лічу, што пензенскі ці пермскі — гэта ўсё роўна.

Л е в а н о в і ч (іранічна). Вядома, Перм ад Пензы не так ужо і далёка.

З ё л к і н (не зразумеўшы іроніі). Гэта проста прыдзірка да слова.

Ч а р н а в у с. У такім выпадку дакладчыку вельмі пашанцавала.

Г а р л а х в а ц к і. Сапраўды, мне трапілася вельмі каштоўная знаходка.

Ч а р н а в у с. Я ў тым сэнсе, што да гэтага часу ніводнай свінні ў пермскі перыяд пранікаць не ўдавалася.

Г а р л а х в а ц к і. Гэта сведчыць толькі аб тым, што даследаваная мною жывёліна вельмі старадаўняга паходжання.

Ч а р н а в у с. Для пермскага перыяду, калі я не памыляюся, характэрны амфібіі — жывёліны, якія маглі жыць на сушы і ў вадзе, часта мелі жабры і размнажаліся яйцамі.

Г а р л а х в а ц к і. Вы, напэўна, самі не раз наглядалі, як нашы свінні ахвотна валяюцца ў брудных лужынах. Гэта не што іншае як цяга да тае самае стыхіі, у якой жылі іх даўнейшыя продкі. Я цалкам дапускаю, што ў гэтых продкаў маглі быць і жабры і што яны маглі...

Л е в а н о в і ч (іранічна). Несці яйца.

Г а р л а х в а ц к і. А табе смешна? Адразу відаць, што тарфавік, які глыбей як на два метры ніколі ў нетры зямлі не заглядваў.

Л е в а н о в і ч (з усмешкай). Ты памыляешся. Я часамі так глыбока заглядваю, што магу дакапацца аж да мамантавых свіней.

Ч а р н а в у с. Вы яшчэ сказалі, што ваша свіння харчавалася людзьмі.

Г а р л а х в а ц к і. Я сказаў, магчыма, што і ласавалася.

Ч а р н а в у с. У тым жа і справа, што немагчыма, паважаны Аляксандр Пятровіч. Немагчыма па той простай прычыне, што чалавек з'явіўся значна пазней. Сляды яго мы знаходзім толькі ў пачатку чацвярцічнага перыяду. Гэта на многа мільёнаў год пазней, чым жыла ваша свіння.

Г а р л а х в а ц к і. На гэта запытанне я адкажу вам у заключным слове... Наогул, я бачу, што Аляксандр Пятровіч адносіцца да маіх вывадаў з недавер'ем. Ён знаходзіцца яшчэ ў палоне ўстарэлых тэорый у галіне палеанталогіі. Але ёсць заслужаныя людзі навукі, хоць і старыя вучоныя, але з маладой душой, якія не ўсміхаюцца іранічна, гледзячы на нашы поспехі, а радасна ім апладзіруюць. Вось я маю водзыў аб сваёй працы ўсім вядомага прафесара Анікеева. Прашу азнаёміцца. (Вымае з партфеля паперку і кладзе на стол. Левановіч прачытвае яе ўважліва пару разоў, пакручвае ў руках і кладзе на стол. Паперку бярэ Зёлкін.)

З ё л к і н (чытае). «Паважаны Аляксандр Пятровіч! Папярэдняе азнаямленне з Вашай працай дае нам падставу заявіць, што яна мае не толькі навуковае, але і глыбокае практычнае значэнне. У нас саміх былі падобныя меркаванні, але мы не мелі неабходных фактычных даных. Тым больш прыемна канстатаваць, што гэтыя нашы меркаванні апраўдаліся Вашай выдатнай працай. Ёсць, праўда, некаторыя прабелы, якія, відавочна, тлумачацца тым, што яшчэ не ўвесь патрэбны матэрыял Вамі сабраны. Пасля дэтальнага азнаямлення і супастаўлення Вашых даных з нашымі мы прышлём вам падрабязную рэцэнзію на Вашу працу. З павагай да Вас праф. А н і к е е ў».

Ч а р н а в у с. Пакажыце, калі ласка. (Прачытвае сам сабе.) Практычнае азначэнне... Не разумею. Нічога не разумею.

З ё л к і н. Тым горш для вас.

Л е в а н о в і ч (іранічна). Можа, прафесар мае на ўвазе ў калгасах разводзіць такіх свіней?

Г а р л а х в а ц к і. Ну што ты!

Л е в а н о в і ч. А што, хіба нельга?

Г а р л а х в а ц к і. Яны ж даўно вымерлі!

Л е в а н о в і ч (іранічна). Вымерлі? Ах, чорт вазьмі, гэта шкада! А можа, іх можна як-небудзь зноў адрадзіць?

Г а р л а х в а ц к і. Не думаю.

Л е в а н о в і ч. Ты ў Кіеве не спрабаваў гэтым заняцца?

Г а р л а х в а ц к і (збянтэжыўся). У Кіеве?.. Не... Я там у іншым разрэзе...

Ч а р н а в у с. Дзіўная праблема...

Л е в а н о в і ч. Ды падумайце ж, свіння якая! Большая за слана, з жабрамі, яйца нясе.

Ц ё ц я  К а ц я. I людзей есць. .

Л е в а н о в і ч. Людзей есці-то мы ёй не дазволім...

Ч а р н а в у с. Тут альбо я вар'ят, альбо хто-небудзь іншы.

З ё л к і н. У такіх выпадках трэба быць самдкрытычным. (Да Левановіча.) Дазвольце мне слова.

Л е в а н о в і ч. Калі ласка.

З ё л к і н. Павінен проста сказаць, таварышы, што ад даклада паважанага Аляксандра Пятровіча я ў вялікім захапленні. Які палёт думкі! Якое смелае пранікненне ў глыбіню сівых вякоў праз алювіі, дылювіі, пліяцэны, міяцэны і ўсякія іншыя напластаванні. Якая сіла канструктыўнага розуму ў Аляксандра Пятровіча, што дала яму магчымасць толькі на падставе аднае невялікай косткі намаляваць нам яркі вобраз дапатопнай жывёліны. Праўда, асталося яшчэ не высветленым, размнажалася яна яйцамі ці чым-небудзь іншым. Але ж хіба гэта самае важнае? Самае важнае тое, што чым бы там ні было, але яна ўсё-такі размнажалася і жыла і дажыла да нашага часу, і сягоння мы яе бачым, як жывую, у вобразе Аляксандра... выбачайце, вобраз яе мы бачым у Аляксандры... выбачайце, у дакладзе Аляксандра Пятровіча. А што датычыцца пазіцыі, якую намерваецца заняць прафесар Чарнавус, дык яна нам зусім зразумелая. Мы ведаем карэнні гэтых настрояў, і гэтыя выпады для нас не з'яўляюцца печаканымі. Я лічу, што даклад Аляксандра Пятровіча — гэта вялікі ўклад у нашу навуку. Да даклада ў мяне ёсць толькі адна невялікая заўвага: мне думаецца, паколькі гэта жывёліна сваім выглядам знаходзіцца пасярэдзіне паміж мамантам і свіннёй, а ростам усё ж набліжаецца да маманта, дык яе лепш было б назваць не мамантавай свіннёй, а свінячым мамантам.

Г а р л а х в а ц к і. Гэта пытанне спрэчнае.

З ё л к і н. У заключэнне я хачу ад душы падзякаваць — і думаю, што да мяне далучацца ўсе прысутныя,— падзякаваць Аляксандру Пятровічу за тую вялікую прыемнасць, якую ён даставіў нам сваім дакладам. (Пляскае ў далоні.)

Л е в а н о в і ч. Хто яшчэ хоча выказацца?

Маўчанне.

Н і ч ы п а р. Можа мне можна, таварышы?

Г а р л а х в а ц к і (недаверліва). Хіба ты тут што-небудзь разумееш?

Н і ч ы п а р. Чаму, я сёе-тое магу сказаць.

Л е в а н о в і ч. Няхай гаворыць. (Да Нічыпара.) Гаварыце.

Н і ч ы п а р. Слухаў я, таварышы, дый думаю — якуго галаву мае наш дырэктар! Я ж каб сто год думаў, дык бы гэтак не выдумаў. Мая б галава не знесла. Гэта ж узяць тую звычайную костку, што пад нагамі валяецца, паглядзець на яе і ўгадаць, якія свінні былі мільёны год назад! На гэта сапраўды трэба розум. Я ж, калі мне за абедам костка трапіцца, дык абгрызу яе як мае быць ды ў памыйніцу. Мне і не ў галаве, што, пасядзеўшы над гэтай косткай, можна вялікім вучоным стаць.

З ё л к і н (павучальна). Не ўсякая ж костка для гэтага падыходзіць.

Н і ч ы п а р. Я гэта разумею: і костку трэба выбраць з розумам. Вось гэту ж костку (паказвае пальцам) я таксама бачыў і хацеў у смецце выкінуць.

Л е в а н о в і ч. Дзе вы яе маглі бачыць?

З ё л к і н. Глупства вярзе.

Н і ч ы п а р. Не глупства, таварыш Зёлкін, а сапраўды бачыў. Тут таварыш Гарлахвацкі сказаў, што гэту костку даставіў яму адзін знаёмы. Але гэтага знаёмага і я знаю добра. Гэта Цюлік яе прывалок у калідор.

Г а л а с ы:— Што?!

 —Цюлік?!

 —Які Цюлік?

  —Што ён такое гаворыць?

Н і ч ы п а р. Сабака так завецца...

Г а р л а х в а ц к і. Ды ён п'яны, таварышы. Хіба вы не бачыце? Ідзі лепш выспіся, Нічыпар.

З ё л к і н. Безабразіе! Ледзь на нагах трымаецца!

Н і ч ы п а р (страшна пакрыўджаны). Хто, я п'яны?

Г а р л а х в а ц к і. Вядома ж, не я.

Н і ч ы п а р. Таварыш дырэктар! Каб я так заўтра вас бачыў, як бачыў сягоння паўлітра. Эх! Ладна! (Ідзе на месца.)

Л е в а н о в і ч. Што ж вы... Больш не хочаце гаварыць?

Н і ч ы п а р. А... (Махнуў рукой.) Не з маім розумам лезці ў гэту навуку. I так ужо аблаялі.

Л е в а н о в і ч. Хто наступны?

Маўчанне.

Г а р л а х в а ц к і. А вы, таварыш Туляга, хіба не жадаеце выказаць сваю думку?

Т у л я г а (няёмка ўстае). Я... не... я... уласна кажучы... Можа... Аляксандр Пятровіч раней?

Л е в а н о в і ч. А вы незалежна ад Аляксандра Пятровіча.

Т у л я г а. Што ж, калі так... Я павінен сказаць, што даклад Аляксандра Пятровіча я выслухаў з вялікай цікавасцю. Вельмі, вельмі арыгінальны даклад. I метад даследавання зусім новы, нікім дагэтуль не ўжываны, і смеласць. Вось што самае галоўнае тут... смеласць. Гэтай заслугі ў Аляксандра Пятровіча ніхто не адбярэ. А што да назвы, дык я лічу, што спрэчкі тут зусім лішнія. На маю думку, лепш за ўсё карыстацца агульнапрынятымі латынскімі тэрмінамі. Паколькі вучоныя, як паведаміў нам дакладчык, ужо спрачаліся аб гэтай жывёліне, дык адпаведны тэрмін, напэўна, існуе.

Г а р л а х в а ц к і. Па-латыні, яе таксама называюць — іспалінская свіння.

Л е в а н о в і ч (насмешліва). Гэта яшчэ не зусім па-латыні.

Г а р л а х в а ц к і. У перакладзе.

Л е в а н о в і ч. Не, ты дай нам сапраўдную латынь. Цікава, як гэта гучыць.

Г а р л а х в а ц к і (адгортвае старонку даклада і чытае). Свінтус грандыёзус.

Чарнавус рагоча. Схаваўшыся за яго плечы, рагоча і Туляга.

Г а р л а х в а ц к і. Што за смех! Я вас не разумею, Аляксандр Пятровіч!

Ч а р н а в у с. А я вас, Аляксандр Пятровіч, цяпер ужо зусім разумею. Да гэтага дня я думаў, што маю справу калі не з салідным вучоным, дык, па крайняй меры, з сумленным чалавекам.

Г а р л а х в а ц к і. Што вы хочаце гэтым сказаць?

Ч а р н а в у с. Я хачу сказаць, што вы — прайдзісвет!

Г а р л а х в а ц к і. Хто? Я?

Ч а р н а в у с. Так, вы.

Г а р л а х в а ц к і. Я, дырэктар навуковай установы,— прайдзісвет?

Ч а р н а в у с. Гэта непаразуменне, што вы дырэктар установы. Вы — прайдзісвет і авантурыст!

Г а р л а х в а ц к і (стукае кулаком па стале). Я не дазволю!

Л е в а н о в і ч (бярэ яго за руку і садзіць у крэсла). Супакойся, дазволіш. А вы, прафесар, спакайней гаварыце. Вашых доказаў мы яшчэ не чулі.

Ч а р н а в у с. Выбачайце, я не магу спакойна гаварыць. Тут хіба доказы патрэбны, таварыш Левановіч? Гляньце ж вы на гэту костку! Гэта ж костка самай звычайнай свінні, зарэзанай месяц таму назад. Раскопкі нашым шаноўным дакладчыкам рабіліся не далей, як на заднім дварэ рэстарана «Еўропа». Асістэнтам пры гэтым быў не хто іншы, як той самы Цюлік, пра якога тут гаварыў Нічыпар.

Г а р л а х в а ц к і. Гэта вы і падвучылі Нічыпара, яшчэ і напаілі для смеласці. Таварышы, я прашу звярнуць увагу на гэту акалічнасць! Так дзейнічае вораг.

Ч а р н а в у с. Як бы вы мяне ні абзывалі, я вам не дазволю апашляць савецкую навуку.

Г а р л а х в а ц к і. Ого, які тон!

Ч а р н а в у с. Так, не дазволю. Я ёй лепшыя гады свайго жыцця аддаў... і ніякія шарлатаны мяне не запужаюць.

Г а р л а х в а ц к і (да Левановіча). Ну, не гаварыў я табе, што вораг не вытрымае, прарвецца? Скажы, гаварыў?

Л е в а н о в і ч. Гаварыў.

Г а р л а х в а ц к і. Дык што ты цяпер скажаш?

Л е в а н о в і ч. А мы яго зараз за вушка ды на сонейка.

Г а р л а х в а ц к і. Вось вам, таварышы, наглядны ўрок. Так дзейнічае вораг. Увесь горад ведае, што ён вораг. Адусюль яго прагналі, апошні прытулак яго быў тут... дзякуючы маёй слабасці, прызнаюся. Але цяпер мы пакончым з ім адным ударам, бязлітасна скрышым яго ядавітыя зубы, каб яны нас больш ніколі не кусалі! (Стукае кулаком па стале.) Даволі цацкаліся! (Уваходзіць Вера.)

В е р а. Што такое? Тут нейкі скандал?

Л е в а н о в і ч. Гэта спрэчкі па дакладу таварыша Гарлахвацкага.

В е р а. Нішто сабе спрэчкі, калі да зубоў дайшло!

Л е в а н о в і ч. Прафесар Чарнавус... не згодзен з дакладчыкам.

В е р а. Дык за гэта ў зубы?

Г а р л а х в а ц к і (да Веры). Вы не ў курсе справы, дык і не ўмешвайцеся.

Л е в а н о в і ч. А прафесар Анікееў вельмі добра адзываецца аб гэтай працы. (Падае Веры паперку.)

Вера (глянуўшы на паперку). Таварышы! Гэта ж падлог, жульніцтва.

Л е в а н о в і ч. Што? Пісьмо фальшывае?

В е р а. Не, але гэта пісьмо паслана было прафесару Чарнавусу. Я прывезла копію. Вось, калі ласка!

Г а р л а х в а ц к і. А, змова супроць мяне! Таварышы, гэта ж Чарнавусава любоўніца! Таварыш Зёлкін гэта ведае.

Зёлкін замяўся і нешта прамармытаў.

В е р а (Гарлахвацкаму). Вы лгун і падлец!

Г а р л а х в а ц к і. Не, гэтага больш нельга цярпець! Я пазванюо, каб іх зараз жа прыбралі. (Працягвае руку да трубкі.)

Л е в а н о в і ч (кладзе руку на трубку). Не турбуйцеся, пазвонена ўжо.

Г а р л а х в а ц к і. Ты дагадаўся зрабіць гэта раней? Тым лепш.

Л е в а н о в і ч (рашуча ўстае). Я лічу, што гэту камедыю пара скончыць.

Г а р л а х в а ц к і. I скончыць так, каб яна для некаторых стала трагедыяй.

Л е в а н о в і ч. Так яно і будзе. (Да іншых.) Прашу прабачэння, таварышы, што заключнае слова замест дакладчыка прыйдзецца зрабіць мне. Мы толькі што заслухалі найцікавейшы даклад, падобнага якому не слухала, напэўна, ні адна навуковая аўдыторыя. У выніку гэтага даклада перад намі ва ўсёй прыгажосці ўстаў вобраз свінячага маманта. Гэта дапатопная жывёліна аказалася вельмі жывучай, і некаторыя яе экземпляры дажылі аж да нашага часу. Жывёліна гэта хоць і рэдкая ў нас, але надзвычай шкодная. Калі яе не ўзяць за жабры — добра, што якраз жабры ёсць у яе,— калі не ўзяць за гэтыя жабры, дык такі свінтус грандыёзус можа шмат шкоды нарабіць. Добра, калі ён адзін, а могуць за яго спінаю стаяць яшчэ больш клыкастыя. Баяцца іх, аднак жа, не трэба. Свінячыя маманты могуць жыць толькі там, дзе ім спрыяе клімат,— у атмасферы баязлівасці, разгубленасці, падхалімства, палітычнай слепаты, а там, дзе пануе мужнасць, чэснасць і бальшавіцкая пільнасць,— яны жыць не могуць і хутка выдыхаюць. Няхай жа ведаюць усе свінні — мамантавыя і немамантавыя: калі каторая з іх паспрабуе пакасціць у нашай савецкай навуцы, будзем біць проста па пятачку.

Гарлахвацкі раптам пачынае рагатаць. Усе глядзяць на яго са здзіўленнем.

З і н а. Які жах! Ён звар'яцеў!

Г а р л а х в а ц к і. Ха-ха-ха... Здорава ж я вас разыграў!

Т у л я г а (да Чарнавуса). Як гэта разыграў? Што ён такое гаворыць?

Г а р л а х в а ц к і. Даклад жа я чытаў не свой, а вось гэтага дзянікінца. (Паказвае на Тулягу.) Цяпер вы пераканаліся, што гэта за вучоны!

Ч а р н а в у с. Што такое?

З ё л к і н. Я так і думаў! Не можа быць, каб вы, Аляксандра Пятровіч, такую бязглуздзіцу напісалі.

Т у л я г а. Таварыш Левановіч, гэта ж выходзіць зусім наадварот. Выходзіць, што я...

Л е в а н о в і ч. Не хвалюйцеся, таварышы. Я ведаю, што гэта не яго даклад. (Паказвае на Гарлахвацкага.)

Г а р л а х в а ц к і (асекся і звяў). Ах, ты гэта ведаеш.

Л е в а н о в і ч. Я яшэ не гэта ведаю. Я ведаю, як вы спрабавалі разлажыць на Украіне адзін наркамат. Вам гэта не ўдалося. I тады вашы прыяцелі перакінулі вас сюды з фальшывым пасведчаннем. Тут, праводзячы сваю подлую работу, вы ашальмавалі прафесара Чарнавуса, тэрарызавалі таварыша Тулягу...

Г а р л а х в а ц к і (гаворыць, каб прыкрыць сваю разгубленасць). Гэта паклёп! Я не дазволю, гэта паклёп!

Л е в а н о в і ч. Цяпер, таварышы, вам ясна, што гэта за чалавек! Аб ім прыйдзецца пагаварыць заўтра больш грунтоўна. (Позірк у бок Зёлкіна.) А таксама і пра некаторых яго памочнікаў.

У с е разыходзяцца, выражаючы жэстамі і асобнымі выкрыкамі сваё абурэнне. Гарлахвацкі стаіць, абапёршыся рукамі аб стол і ўтаропіўшыся ў злашчасную костку. Т у л я г а з высока паднятай галавой праходзіць міма яго.

Н і ч ы п а р (падыходзіць да стала, паказвае пальцам на костку). Можна прыбраць?..

Г а р л а х в а ц к і (ачнуўшыся). Га?

Н і ч ы п а р. Я пытаюся, костка вам ужо не патрэбна?

Г а р л а х в а ц к і. К чорту!

Н і ч ы п а р (бярэ костку двума пальцамі і адчыняе фортку). Цюлік! ф'ю, ф'ю, ф'ю!.. На табе тваё дабро назад! (Кідае костку за акно.) Прывалок, воўчае мяса! Праз цябе толькі непрыемнасць чалавеку! (Хітра падморгвае цёці Каці, і абое выходзяць.)

К а н е ц

19З9

{jcomments on}