ЗДАРЭННЕ НА ВУЛІЦЫ

Вось па вуліцы дзяўчына,
Кудры — шапкаю;
Камуністкай быць павінна:
Бачыш — з папкаю.

Даганяю, зусім блізка
Падыходжу я:
Здэцца, й праўда —
Камуністка,
Дый прыгожая.

Падмігнуць хацеў ёй вокам —
Падабаецца,
А яна ўсё — бокам, бокам:
Ухіляецца.

Вось налева ад сабору
Купал высіцца,
Тут дзяўчына вочкі ўгору —
Бачу, хрысціцца.

Тры, чатыры, дзесяць, трыццаць...
Як не ўтоміцца!
Варта б ёй ужо хрысціцца
Пасаромецца.

Пасмяяўся тут з дзівачкі
Мімавольна я:
Каб цябе стапталі качкі,
Багамольная!..

Не хадзіць бы табе з папкай
«Бальшавічкаю»,
А сядзець бы табе з бабкай
За кантычкаю!

Слухаць казані кудлатых
I паклонамі
Чырваніць бы лоб у святы
Прад іконамі.

1923

{jcomments on}