К САБАЧАМУ РАЎНАПРАЎЮ

У ложах Дзяржаўнага тэатра
прыходзіцца бачыць сабак,
якія карыстаюцца такімі ж правамі,
як і грамадзяне

Зайшоў у тэатр раз і бачу я —
Нейкая морда сабачая
Сядзіць, выскаляецца ў ложы.
Валачашчая, думаю, можа,
Трэба прагнаць. Падыходжу я бліжай —
Бурчыць мой выжал.
«Ах! каб цябе, кажу, воўк!..»
Але тут жа змоўк,
Бо сядзеў у сабакі ззаду
Чалавек, займаючы вялікую пасаду.
Тады я хутчэй
Уцёк з яго вачэй.
Рабіць, думаю, больш тут няма чаго
(Стала нек страшна мне сябра сабачага).
Але ўсё ж мяне думкі ўзялі:
Што ж гэта робіцца на нашай зямлі!
Дзіўныя бачу справы я:
Мілорд у ложы сядзіць,
А Барбос у шчылінку глядзіць.
А дзе ж раўнапраўе?
Падняць бы пытанне ўжо аб дазволе
Уваходу і іншай жывёле,—
Як сабакам, так коням і козам.
З гэтым згодзіцца кожны, хто мае розум.
А можа, я надта гарачы!
Дык паслухаем, што скажа «сябар сабачы».

1923

{jcomments on}