ДЗВЕ КУМЫ

— Ну як жа, кумка, маецца? —
Кума ў кумы пытаецца.
— I не пытайся лепш, кума:
Цяпер жа, ведаеш сама,
Што дзень пражыў, то й дзякуй богу;
Не міла, кумка, нек нічога,
Нічога нек і не на ўме,—
Адказвае кума куме.
— Канчына свету, кажуць, блізка:
Вось, кажуць (чула ж, можа, й ты?),—
Радзіла чорта камуністка;
Ёсць рогі, хвост і капыты...
— Дык як не чуць? Я чула гэта,
Расказвала мне цётка Тэкля;
Казала, што за гэта лета
Чарцей было б тут, як у пекле,
Але таго бог не дапусціць —
Ён кару на людзей напусціць,
Тады народ увесь пагіне,
Мо толькі аднаго пакіне
На свеце бог ці двух, як Ноя...
Каб, здэцца, кумка, нас з табою.
— Хадзем маліцца хіба мы,
Каб бог грахі нам адпусціў,
Каб кары к нам не дапусціў,—
Сказалі разам дзве кумы.
Пайшлі ў царкву маліцца богу,
Таўкуць ілбамі аб падлогу,
Аж лоб трашчыць — лупцуюць цёткі,
Баяцца згінуць без пары.
А гэтым часам плеткары
Майструюць новыя ўжо плёткі —
Айцу «святому» заработкі.

1923

{jcomments on}