ВОСЬ ТАКІЯ ДАКТАРЫ ВЫМУЦЬ ДУШУ БЕЗ ПАРЫ

На газетную заметку
Не за сінімі марамі,
Блізка тут, не за гарамі,
Нехта з нашага жыхарства
Недзе шмат папаў лякарства
(Кажуць, цэлую павозку)
Ды давай лячыць ім вёску.
I «ачуньваюць», ёсць слухі,
Людзі хворыя, як мухі.
Дзядзьку хворага Сцяпана
Пасадзіў ён раз у ванну,
Паглядзеў і... што такое?
Ўсё зняло, нібы рукою,
Нават скуру, нават мяса...
Далей лечыць ён тым часам.
Вось другому дзядзьку Янку
Ён навёў лякарства шклянку;
Выпіў Янка — й фур за браму:
Зразу к праайцу Абраму
У нябеснае ён царства,—
Надта добрае лякарства!
Гэты доктар мацналобы
Ад жыцця і ад хваробы
Адратоўвае нямала;
Трэба, мусіць, трыбуналу
Прапісаць яму «мікстуру» —
Хай людзей не морыць здуру.

1923

{jcomments on}