ШТО Я БАЧЫЎ НА «ТРЭКУ»

Раскажу вам прастарэку,
Як я ўчора быў на «трэку»,
Нават грошы заплаціў —
Так бы «нэп» і не пусціў.

Давялося мне там бачыць,
У мяшках як людзі скачуць:
Два хлапцы залезлі ў мех
Ды валтузяцца — аж смех,

Так, як тыя парасяты,
Што вазіў калісь мой тата
У мястэчка на таржок,
Завязаўшы ў мяшок.

Як з таго парагаталі,
Дык паказвалі і далей:
Нейкі хлопчык, як смарчок,
Перыў палкаю гаршчок.

Завязалі яму вочы —
Стала цёмна, як уночы,—
Пакруцілі разоў пяць,
Потым стаў ён пападаць:

Гоп аб землю палкай з маху —
Людзі ў рогат: — «Ха-ха-ха!
Ах, каб ты, хлапец, прапаў:
I цяпер вось не папаў».

Больш нічога я не бачыў,
Дык сягоння чуть не плачу:
Ну, за што, каб хто спытаў,
Я «лімон» дарэмна даў?

Грошай больш на «трэкі» траціць
Я не буду, не — ўжо хваціць,
А, забраўшыся ў мяшок,
Завяжуся ды — скок, скок!

Потым жонка мех развяжа,
Хусткай вочы мне завяжа
Ды паставіць мне гаршчок,
А я палкай — шпок ды шпок!

Па гаршку цаляць не буду:
Я ж не дурань біць пасуду,
А каб нехаця не даць,
Буду трошкі падглядаць.

Будзе весела бясконца
Не адно мне, але й жонцы —
Гэтак вось святочным днём
Мы «культурна» адпачнём.

1922

{jcomments on}