Кандрат Крапіва (1896 - 1991)

Восенню 1917 г. малады афіцэр захварэў на брушны тыф. Хутка адбылася і Кастрычніцкая рэвалюцыя. Пачаліся значныя перамены: улады імкнуліся даць людзям адукацыю. Усе настаўнікі былі дэмабілізаваны. Дайшла чарга і да Атраховіча. У лютым 1918 г. ён вярнуўся ў родную вёску. А ў лістападзе 1918 года пачаў настаўнічаць у вёсцы Каменка.

У гэты ж час адбываецца даволі  значная падзея ў жыцці самога Кандрата: ён ажаніўся з дзяўчынай са сваёй вёскі, Аленай Махнач. Неўзабаве ў іх нарадзіўся сын, які пражыў зусім нядоўга. 

Праз невялікі час зноў мабілізацыя. На гэты раз у рады Чырвонай Арміі. Служыў у Мінску, у розных часцях, найбольш – у школе па падрыхтоўцы малодшага каманднага саставу. 

У 1921 г. Кандрат Кандратавіч зноў пачынае пісаць. Ён дасылае свае творы ў газету “Красноармейская правда”. Гэта былі нататкі, фельетоны, вершы ў гумарыстычным, сатырычным плане. Спачатку пісаў на рускай мове, а потым, прачытаўшы ў “Савецкай Беларусі” твор на беларускай мове, паспрабаваў напісаць. Атрымалася. Прынёс свой верш у рэдакцыю...

Менавіта з гэтага часу пачынаецца творчая біяграфія Крапівы.

У кастрычніку 1923 года скончыўся тэрмін службы ў Чырвонай Арміі. Зноў дэмабілізацыя. І перад Кандратам паўстае пытанне: “На што жыць?”

Кандрат вяртаецца на радзіму, у в. Нізок, маючы сталы намер асесці на зямлі. Але лёс вырашыў інакш: у бацькі Кандрата памерла другая жонка, і ён ажаніўся трэці раз. “Новая мачыха з усёй рашучасцю” пачала імкнуцца да таго, каб “выжыць” астатніх нашчадкаў. Восенню 1924 года Крапіва пакінуў непрыветлівую бацькоўскую хату і перабраўся ў суседнюю вёску Астравок, настаўнічаць, вучыць вясковых дзяцей грамаце. Спраў было шмат, і Крапіва амаль закінуў літаратурную дзейнасць. Але школьная праца не давала вялікага прыбытку, і Крапіва вырашыў перабрацца ў Мінск. Здарылася гэта ў маі 1925 года. Сябры-пісьменнікі дапамаглі яму ўладкавацца інструктарам Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інстытуце беларускай культуры. Гэта работа была вельмі карыснай для пісьменніка. Але сам Кандрат Крапіва адчуваў, што ведае ён яшчэ недастаткова, у ведах ёсць значныя прагалы. І ў 1926 годзе ён паступае ў БДУ, на літаратурна-педагагічнае аддзяленне.

Пісьменнік старанна вучыўся і адначасова займаўся навукова-даследчай працай. У 1930 г. ён заканчвае БДУ і атрымлівае дыплом. З гэтага часу Кандрат вырашае займацца літаратурай. Кола інтарэсаў акрэслілася даволі выразна: гэта сатырычныя вершы, творы, п’есы і, безумоўна, байкі. Менавіта ў гэтыя часы Кандрат Крапіва паспрабаваў сябе ў ролі драматурга. 

Да сярэдзіны 30-х гадоў, а дакладней – к 1934 г., калі з першай п’есай выступіў Кандрат Крапіва, беларуская савецкая драматургія дасягнула дастаткова высокага узроўню. Наша драматургія перастала быць набыткам толькі нацыянальнай культуры: пачынаючы з 20-х гг. беларускую п’есу можна было сустрэць на сцэнах тэатраў братніх рэспублік і нават за мяжой краіны.