Кандрат Крапіва (1896 - 1991)

Прыход Кандрата Крапівы ў драматургію быў абсалютна заканамерным. Але сам пісьменнік не выключае і момантаў выпадковасці. Ён успамінае: “Пачалося з таго, што мяне папрасілі перакласці на беларускую мову п’есу Д. Фанвізіна “Недаростак”. І мне, натуральна, было цікава паглядзець, наколькі ўдалым атрымаўся пераклад. У вуснах акцёра, справядліва думаў я, фальш аўтарскага слова, у дадзеным выпадку майго, павінна адчувацца асабліва. І я зачасціў на рэпетыцыі. Вось тут і “зачапілі” мяне, прапанаваўшы самому напісаць п’есу”. Да гэтага трэба дадаць і яшчэ адзін пабуджальны фактар: прыняцце Саветам Народных Камісараў Беларусі пастановы ад 28 мая 1933 года “Аб арганізацыі сярод пісьменнікаў і драматургаў БССР конкурсу на лепшыя драматургічныя творы”. Конкурс меў на мэце некалькі задач. Важнейшая з іх была, натуральна, задача папаўнення рэпертуарнай скарбонкі высокамастацкімі п’есамі. Але арганізатары конкурсу не абмяжоўваліся задавальненнем тоймінутных клопатаў, яны дбалі і пра будучае. Менавіта таму прыняццю пастановы папярэднічала беспрэцэдэнтна шырокая падрыхтоўчая праца, якая працягвалася звыш года. Гэты год газеты не без падстаў назвалі годам штурму драматургічных вышынь. У конкурсе спаборнічала звыш сямідзесяці п’ес, сярод аўтараў якіх “чыстыя” драматургі складалі менш адной трэці. Паэты, празаікі, публіцысты вырашылі далучыцца да штурму суседніх жанравых вышынь, бачачы ў гэтым свой грамадзянскі абавязак. Уся пісьменніцкая арганізацыя Беларусі цэлы год жыла адным клопатам, аднымі памкненнямі: праводзіліся спецыяльныя нарады з удзелам рэжысёраў і акцёраў, наладжваліся ўсебаковыя абмеркаванні лепшых драматычных твораў на сходах, на старонках часопісаў і газет. Апрача ўсяго іншага, упершыню за паслярэвалюцыйныя гады вялікая ўвага была ўдзелена матэрыяльнаму стымуляванню ўдзельнікаў конкурсу: устанавілі аж восем прэмій. Не дзіўна, што вынікі аказаліся вельмі прыемнымі: некаторыя конкурсныя творы вызначаліся не толькі разнастайнасцю тэматыкі і праблематыкі, але і высокім мастацкім узроўнем. Драма “Канец дружбы” першай прэміі не атрымала. Але яна была ўзнагароджана дыпломам другой ступені. Да таго ж, гэта п’еса стала пачаткам вялікай дружбы паміж драматургам і тэатрам. Упершыню на практыцы пазнаёміўшыся з законамі сцэны, Кандрат Крапіва зразумеў, што, як бы ні адрозніваліся яны ад прывычных і дастаткова засвоеных ім законаў белетрыстыкі, ён здолее пераадолець творчы бар’ер.

Самыя першыя крокі Кандрата Крапівы ў драматургіі былі пазначаны арыгінальнасцю, самастойнасцю, яго голас не згубіўся ў драматургічным хоры, а загучаў чыста, магутна, непаўторна. Яго адметны талент адразу ж быў заўважаны ўсесаюзнай грамадскасцю.

Драма “Партызаны” (1937)  атрымалася арыгінальнай, з усімі адзнакамі свежасці, нягледзячы на тое, што ў ёй няма амаль нічога новага ў параўнанні з іншымі творамі таго часу. І разгадку мы можам знайсці ў тым, што па-першае, у творы мы маем пэўныя накіды асноўных характараў п’есы, а па-другое – ужо ў самым пачатку дакладна пазначаны многія канфліктныя вехі, па якіх можна меркаваць пра сутнасць сутыкненняў і супярэчнасцей паміж героямі п’есы. Справа ў тым, што драматург, імкнучыся кампенсаваць недахоп арыгінальнага фактычна-гістарычнага матэрыялу, рашуча перавёў сюжэтныя сутыкненні ў рэчышча маральных калізій, якія ў творах яго папярэднікаў амаль не сустракаліся. Майстэрства драматурга к гэтаму часу было дастаткова высокім, каб справіцца з пастаўленымі задачамі.

Драматургічны талент Кандрата Крапівы мужнеў хутка. Першыя п’есы ўспрымаліся як пралог да нечага важкага, глыбіннага. Такі твор – бліскучая сатырычная камедыя “Хто смяецца апошнім” (1939). Гэта быў адзін з самых вялікіх поспехаў беларускай савецкай драматургіі. Кандрат Крапіва рашуча кінуўся дапамагаць умацаванню разумнага ў грамадскіх узаемаадносінах. Прага актыўнага ўмяшання ў жыццё была ўласціва Кандрату Крапіве яшчэ ў пачатку яго творчага шляху. І на гэты раз – пры напісанні камедыі “Хто смяецца апошнім” – яна адыграла сваю плённую ролю. Народны артыст СССР Леанід Рахленка, які з’яўляўся адным з пастаноўшчыкаў камедыі ўспамінаў, колькі намаганняў спатрэбілася аўтару і калектыву БДТ-1 для таго, каб камедыя “Хто смяецца апошнім” убачыла святло рампы. Шлях для дасягнення гэтай мэты быў абраны адзіна правільны: п’есу сталі прапагандавць на ўсіх узроўнях. Завяршылася кампанія чытаннем п’есы ў ЦК Кампартыі Беларусі, дзе канчаткова вырашыўся яе лёс: п’еса ўключалася ў рэпертуар. Больш таго, камедыю вырашылі паказаць на дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве.

З 1932 па 1936 г. Кандрат Крапіва працаваў у часопісе “Полымя рэвалюцыі” загадчыкам аднаго з раздзелаў.

І вось наступае пераломны для Беларусі 1939 год. Кандрат Крапіва зноў мабілізаваны. На гэты раз ён дапамагаў Заходняй Беларусі ўз’яднацца з Усходняй.

Зімой 1939 – 1940 г., марознай і жудаснай, пісьменнік прымае ўдзел у фінскай вайне. Пасля гэтага ён працуе ў рэдакцыі франтавой газеты “Красноармейская правда”.

1941 год... Пачатак другой сусветнай вайны.