Кандрат Крапіва (1896 - 1991)

Вайна патрабавала ад пісьменнікаў, паэтаў, мастакоў, кампазітараў змянення накірунку і зместу творчасці. Галоўнае месца пачала займаць тэма патрыятызму, адданай любові да радзімы, нацыянальнай годнасці савецкіх людзей. Ужо ў першыя дні вайны былі апублікаваны глыбока патрыятычныя вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Пятра Глебкі, Кандрата Крапівы, Пятруся Броўкі, Максіма Танка і інш. У тую суровую гадзіну беларуская проза і паэзія апраналася, без прымерак, у ваенныя шынялі.

Вялікая Айчынная вайна для Кандрата Крапівы была чацвёртай, на якой яму давялося быць. У першы ж дзень вайны ён знаходзіўся ў часці, да якой быў прыпісаны – на гэты раз у рэдакцыі франтавой газеты “Красноармейская правда”. “Мне давялося быць сведкам варварскай бамбардзіроўкі Мінска фашысцкімі вырадкамі, у выніку якой быў разбураны і дом, у якім я жыў. 25 чэрвеня з болем у сэрцы я пакінуў ахоплены полымем родны горад, не ведаючы нічога пра лёс сям’і, якая знаходзілася ў шасцідзесяці кіламетрах ад Мінска, з трывогай думаючы аб старшым сыне Барысе, які быў у арміі і к пачатку вайны знаходзіўся на савецка-польскай граніцы. Месяцы праз тры я даведаўся, што мая сям’я з некалькімі іншымі сем’ямі пісьменнікаў на выпадковай грузавой машыне паехала на Усход. Пасля кароткага прабывання ў Новых Бурасах, Саратаўскай вобласці, яна выехала ў Уральск, дзе ў той час знаходзіўся беларускі тэатр імя Якуба Коласа” – так прыпамінае свой ваенны час Кандрат Крапіва. Разам са звесткай пра сям’ю прыйшла і сумная вестка  пра смерць выдатнага беларускага пісьменніка Змітрака Бядулі, што памёр у цяплушцы па дарозе ў Уральск. 

У рэдакцыі “Красноармейскай правды” Кандрат Крапіва быў усяго некалькі дзён. Па рашэнні Палітупраўлення арміі пачала выдавацца франтавая газета “За Савецкую Беларусь”, адказным рэдактарам якой быў Міхась Лынькоў, а супрацоўнікамі – многія беларускія пісьменнікі і паэты: Ілля Гурскі, Пятро Глебка, Пімен Панчанка, А. Стаховіч, В. Барысенка. Пазней да іх далучыліся Пятрусь Броўка, Максім Танк, Алесь Кучар.

“Спачатку наша група – Міхась Лынькоў, Ілья Гурскі, Васіль Барысенка і я – выпускалі газету “За Савецкую Беларусь”. У нас была паходная друкарня, увесь тыраж круцілі ўручную, зрэдку ў гарадскіх друкарнях. Газеты адразу ж адпраўлялі на аэрадромы. Іх закідвалі ў тыл ворага. З фронту да нас заходзілі нашы чытачы (салдаты і афіцэры), радзей, але наведвалі і партызаны. Гэта падтрымлівала нас маральна, мы адчувалі, што робім важную справу.

У снежні 1941 года я стаў камуністам”.

У канцы 1941 года ўся група, якая выпускала газету, была адклікана ў Маскву. Некаторы час яны яшчэ выпускалі газету “За Савецкую Беларусь”, а ў канцы 1942 года Кандрат Крапіва з некаторымі іншымі таварышамі быў дэмабілізаваны і знаходзіўся ў распаражэнні ЦК КП(б)Б. Менавіта ў гэты час сям’я Кандрата Крапівы панесла вялікае гора: пад Сталінградам загінуў старэйшы сын Барыс. “Уцехай у гэтым цяжкім горы было толькі тое, што сын мой аддаў жыццё за святую справу вызвалення ад фашысцкай няволі”.

З сакавіка 1943 года і да канца вайны Кандрат Крапіва быў адказным рэдактарам сатырычнага выдання – газеты-плаката “Раздавім фашысцкую гадзіну”, якая да вызвалення Беларусі закідвалася ў нямецкі тыл на самалётах. Пісьменнікі Антон Бялевіч, Міхась Чавускі, якія працавалі разам з ім у газеце-плакаце  “Раздавім фашысцкую гадзіну”, сведчаць, што Крапіва ўвесь свой час аддаваў рэдакцыйным справам. “Работнікаў тады ў часопісе было вельмі мала, – пісаў Бялевіч, – даводзілася працаваць многа. А больш за ўсіх працаваў сам рэдактар Кандрат Крапіва. Ён шмат пісаў сам ды яшчэ дапрацоўваў усё тое, што трэба было даць у нумар”. Яго творчасць, як і творчасць іншых нашых пісьменнікаў у тыя гады, служыла адзінай мэце – наблізіць перамогу над ворагам.

Але што ж служыла матэрыялам для выдання, як  ён  арганізоўваўся? Крапіва на такое пытанне адказвае так: “Зводкі, а найчасцей расказы ўдзельнікаў падзей, партызан, якія знаходзіліся ў шпіталях, партызанскіх кіраўнікоў, якіх выклікалі ў Цэнтральны штаб партызанскага руху. Стараліся працаваць вельмі аператыўна. З друкарні газету-плакат, а таксама лістоўкі (мы іх таксама выпускалі) дастаўлялі адразу ж на аэрадром.

Вельмі шмат матэрыялаў з’яўлялася ў нас без подпісаў. Гэта хутчэй за ўсё калектыўныя творы. Мы часта так працавалі: садзіліся гуртам, перасмейваючы адзін аднаго, выбіраючы лепшыя варыянты. А “чым больш смеху, тым больш мудрасці”. Той простай жыццёвай мудрасці, якая ўласціва нашаму народу”.

Доўгія два ваенныя гады не даходзілі рукі Кандрата Крапівы да драматургіі. У гэты час ён амаль цалкам страціў сувязі з тэатрам: газетная работа паглынала ўвесь час да астатку. У 1943 годзе Кандрат Крапіва напісаў п’есу “Проба агнём”. Ставіў яе Другі беларускі дзяржаўны драматычны тэатр (цяпер Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр імія Якуба Коласа). Прэм’ера адбылася ў ліпені 1943 года ў горадзе Уральску.

Гэта п’еса пра мужнасць і воінскі абавязак. У барацьбе з ворагам праходзяць суровае выпрабаванне галоўныя героі драмы: камандзір палка маёр Караневіч, яго жонка Наталля, лейтэнант Перагуд; выпрабоўваецца сіла іх кахання, вернасці, дружбы.

У дні вайны Кандрат Крапіва абдумваў і пісаў другую сваю сатырычную камедыю “Мілы чалавек” (1945). Чытачу і гледачу яна стала вядома пасля заканчэння вайны (апублікавана камедыя ў вераснёўскім нумары часопіса “Полымя” за 1945 год, у верасні ж прайшлі першыя яе спектаклі ў тэатры імя Янкі Купалы).

Гэтая камедыя выклікала супярэчлівыя водгукі з боку крытыкаў. Большасць сходзілася на думцы, што “Мілы чалавек” – цікавы, востры сатырычны твор, праўда, складаны для сцэнічнага ўвасаблення. У некаторых арыкулах сцвярджалася, што ў камедыі быццам бы парушаны “рэальныя суадносіны паміж адмоўным і станоўчым”, занадта згушчаны чорныя фарбы, у выніку чаго яна ўспрымаецца як пасквіль на нашу рэчаіснасць, на савецкіх людзей.

У беларускіх выданнях ваеннага часу друкавалася многа сатырычных вершаў, баек, вершаваных фельетонаў, эпіграм. Акрамя Кандрата Крапівы, у гэтых жанрах выступалі Пятро Глебка, Максім Лужанін, Анатоль Астрэйка, Антон Бялевіч. Няхай не ўсё, што яны напісалі, зроблена дасканала, але тады гэтыя творы чыталіся, западалі ў памяць.

Трапна білі ў  дасціпныя, лаканічныя, ёмістыя подпісы Крапівы да сатырычных малюнкаў і карыкатур. Нямала, напрыклад, пацешыліся партызаны, атрымаўшы нумар газеты-плаката “Раздавім фашысцкую гадзіну”, дзе была змешчана серыя малюнкаў з яго подпісам – “Прыгоды Штумфа”.

Не меншы поспех мела і серыя карыкатур “Фрыцавы  трафеі” з подпісамі Крапівы. Яго поўныя сарказму вершы і эпіграмы давалі мастакам цікавыя тэмы для сатырычных малюнкаў і карыкатур.

Часта Крапіва ствараў подпісы да малюнкаў Віталія Букатага. Гэтага таленавітага юнака-карыкатурыста, вучня 4-й Гомельскай чыгуначнай школы, які ў першыя дні вайны маляваў антыфашысцкія плакаты (іх вывешвалі на самых людных вуліцах горада), забрала з сабой рэдакцыя газеты-плаката “Раздавім фашысцкую гадзіну”, ад’язджаючы з Гомеля. Яго малюнкі суправаджалі верш Крапівы “Мы аддзякуем” – сатырычны каментарый да праекта “зямельнай рэформы” ў Беларусі, распрацаванага гаўляйтэрам Кубэ. Прарочымі аказаліся заключныя радкі верша:

   О, мы геру Кубэ верым
   І аддзячыць зможам:
   Той праект мы разам з герам
   У зямлю паложым.

Баявыя, гнеўныя крапівінскія радкі стаялі пад серыяй сатырычных малюнкаў Букатага пра здраднікаў, якія пайшлі на паслугу да акупантаў: “Бандыт бандыта ўбачыў ды старастам назначыў”, “Ты служыў фашысту-кату, – атрымай спаўна расплату” і інш.

Вясной 1944 года рэдакцыя пераехала ў Гомель, а 7 ліпеня “я ўжо быў у толькі што вызваленым Мінску”.