"Хто смяецца апошнім" - Поўны змест

АКТ ДРУГІ

Вестыбюль. Ч а р н а в у с ходзіць ускудлачаны. Ён часамі жэстыкуліруе, нібы разважаючы сам з сабою.

Ч а р н а в у с (спыніўшыся ля цёці Каці). А ён не казаў, хутка прыйдзе?

Ц ё ц я  К а ц я. Не казаў. (Да Нічыпара, калі Чарнавус адышоўся.) Глядзець не магу, як ён мучыцца.

Н і ч ы п а р. Дзіва што мучыцца! Кожны б мучыўся. (Выходзіць.)

Цёця Каця моцна ўздыхае.

Ч а р н а в у с (спыніўшыся супроць цёці Каці). Што з вамі, Кацярына Іванаўна? Чаго вы так уздыхаеце? Няшчасце якое здарылася?

Ц ё ц я  К а ц я. Вас мне шкада, Аляксандр Пятровіч.

Ч а р н а в у с. Чаго ж па мне ўздыхаць? Я ж не памёр.

Ц ё ц я  К а ц я. Памёр чалавек, дык ужо адзін канец. Усе памром. А гэтага ж не дай бог нікому добраму.

Ч а р н а в у с. Ды нічога ж такога са мною не здарылася. Я ж вось і на працу прыйшоў.

Ц ё ц я  К а ц я. Не на ўме вам праца. Я ж бачу, не сляпая.

Ч а р н а в у с. Гэта ўсё ліхія людзі мне зрабілі. (Зноў ходзіць. З адных дзвярэй выходзіць Зіна і натыкаецца на Чарнавуса.)

Зіна (адскочыўшы ўбок). Вой. Выбачайце, Аляксандр Пятровіч.

Ч а р н а в у с. Чаго ж выбачаць? Вы ні ў чым не вінаваты.

З і н а. Не, я... Проста я спужалася... Я не думала, што сустрэну вас тут.

Ч а р н а в у с. Вы думалі, што больш мяне не сустрэнеце? Разумею... (Зноў ходзіць.)

З і н а. Усё роўна як нябожчыка сустрэла. Брр. (Прыкалола на дошку аб'яву.)

З ё л к і н (уваходзіць). Што гэта за аб'ява?

З і н а. Прачытай.

З ё л к і н (чытае). «...адбудзецца даклад дырэктара інстытута геалогіі А. П. Гарлахвацкага на тэму: «Новы від выкапня-жывёліны». Вось гэта вучоны! Адразу значны ўклад. Не тое што Чарнавус: дзесяць год усё нейкія гліны ды фасфарыты даследуе.

З і н а. Сланяецца вунь, як цень.

З ё л к і н. Не разумею, чаго Гарлахвацкі ліберальнічае. Даўно пара з ім развітацца.

З і н а. Шкадуе... Чулая душа ў Аляксандра Пятровіча.

З ё л к і н (раўніва). Асабліва да цябе.

З і н а. Зёлачка, ты зноў раўнуеш? Вось я скажу Аляксандру Пятровічу, дык ён цябе адвучыць.

З ё л к і н (грозна). Жарты гэтыя ты на сваёй спіне адчуеш.

З і н а захлопвае дзверы перад яго носам. Зёлкін падыходзіць да тэлефона, бярэ трубку і гаворыць, як бы нічога і не было.

З ё л к і н. Пеця?.. У нас хутка даклад цікавы... Пра новы від выкапня-жывёліны. Наш дырэктар Гарлахвацкі... Не ведаю добра... Нешта цікавае выкапаў... Чалавек ён салідны, ужо калі выкапае, дык выкапае... Вельмі цікава... Бывай... (Выходзіць.)

В е р а (уваходзіць). Ну як, Аляксандр Пятровіч, дасталі грошы на экспедыцыю?

Ч а р н а в у с. Мне не да экспедыцыі, Вера Міхайлаўна.

В е р а (здзіўлена). Чаму?

Ч а р н а в у с. Мяне, здаецца, у ворагі залічылі.

В е р а. Што ж гэта значыць? Як гэта сталася?

Ч а р н а в у с. Я і сам не ведаю, як гэта сталася. Учора лёг як чэсны савецкі грамадзянін, а сягоння ўстаў, бачу — нешта няладнае. Некаторыя знаёмыя не пазнаюць мяне, на другі бок вуліцы пераходзяць, калі сустрэнуцца.

В е р а. Можа, гэта ўсё вам здаецца?

Ч а р н а в у с. Сёння мне не дазволілі чытаць лекцыі на геафаку. Гэта ж мне напэўна не здаецца. Дэкан, які меў ласку гэта паведаміць, быў не здань, а самы рэальны дэкан, паважаны Міхаіл Дзянісавіч.

В е р а. Ды не можа быць!

Ч а р н а в у с. Можа быць, Вера Міхайлаўна. Я сёння ў гэтым пераканаўся. Кніжку маю не пусцілі ў друк. Таксама скажаце — не можа быць?

В е р а. Слухайце — гэта ж не жарты!

Ч а р н а в у с. Я думаю... Якія ж тут жарты?

В е р а. А прычыны? Вы спрабавалі даведацца, якія прычыны?"

Ч а р н а в у с. Спрабаваў... Нічога не выйшла. Пыкаюць, мыкаюць, вочы ўбок адводзяць... Нічога не разбяру. Адно мне выразна сказаў дырэктар выдавецтва: «Забярыце рукапіс, ён нам не патрэбен».

В е р а (стаіць разгубленая). Але ж вы за сабою ніякай віны не адчуваеце?

Ч а р н а в у с. Якая ж віна? Вось тут я сам, тут мая і праца ва ўсіх на віду.

В е р а. I сувязей у вас якіх-небудзь такіх ніякіх не было раней?

Ч а р н а в у с. Я ўжо сам стараўся ўспомніць. Не было...

В е р а. Чорт ведае, што такое! З гэтым жа трэба змагацца. Трэба знайсці вінаватага.

Ч а р н а в у с. А ён, падлюга, хітры — маўчыць і не адгукаецца. Як тут яго знайсці?

В е р а. А знайсці трэба.

Ч а р н а в у с. О, каб знайшоў! Я б яму, нягодніку, у вочы плюнуў.

В е р а. А ён бы ўцёрся ды зноў за сваё. Не, мы расправімся з ім больш жорстка.

Ч а р н а в у с. Але гэта ж трэба кінуць працу і заняцца гэтымі бруднымі плёткамі, траціць час, трапаць нервы. Мне гэта страшна пепрыемна!

В е р а. Праўда, я пра гэта не падумала. Вам трэба працаваць... Я сама за гэта вазьмуся, а вы працуйце.

Ч а р н а в у с. Вы?

В е р а. Так, я. Думаю, што вы дасце на гэта сваю згоду?

Ч а р н а в у с. Не дам.

В е р а. Чаму? Вам прыемна быць у такім становішчы?

Ч а р н а в у с. Непрыемна, але я не хачу, каб і вы трапілі ў такое становішча.

В е р а. Як гэта?

Ч а р н а в у с. Вас могуць абвінаваціць у сувязі з ворагам і выключыць з партыі.

В е р а. Дык вы ж не вораг.

Ч а р н а в у с. Але ж гэта, бачыце, трэба даказаць.

В е р а. Дык выходзіць, што, пакуль вы будзеце даказваць, я павінна стаяць убаку і спакойна глядзець, як чэснага савецкага чалавека топяць нягоднікі. Не, выбачайце!

Ч а р н а в у с (расчулены). Вельмі ўдзячны вам! Я рад, што каля мяне блізкі чалавек, які гатоў мне памагчы. Гэта мне вялікае маральнае падтрыманне. Бо я хоць і стараюся быць бадзёрым, а мне ўсё ж такі цяжка, Вера Міхайлаўна. Я вам яшчэ не ўсё сказаў. Вораг знайшоў самае балючае месца ў маім сэрцы — ён хоча з дачкою мяне разлучыць.

В е р а. А што такое з Тамарай?

Ч а р н а в у с. Прыйшла сёння з інстытута...

В е р а. Выключылі?

Ч а р н а в у с. Не выключылі, але, мусіць, нейкая размова была. Прыйшла ў слязах. Пытаецца, у якіх гэта я варожых справах заблытаўся. А гэта ж дачка, Вера Міхайлаўна. Паверце, што гэта не пустое слова. Нябожчыца пакінула яе маленькую ў голад і разруху. Я на руках яе насіў. Яе дзіцячы лепет жальбу маю разганяў. Я цешыўся, як яна расла, разумнела, станавілася свядомым чалавекам... (Змоўк узрушаны. Зёлкін высоўвае з дзвярэй галаву і падслухоўяае).

В е р а (кладзе Чарнавусу руку на плячо). Супакойцеся, Аляксандр Пятровіч. Супакойцеся, не гаруйце. Я пайду да Тамары, я ёй растлумачу ўсё. Я да вас буду часта прыходзіць. Вы не толькі не страціце дачкі, а ў вас будзе іх дзве: дазвольце і мне лічыцца вашай дачкой.

З ё л к і н (сам сабе). Палюбоўніцай.

Ч а р н а в у с. Вы даўно мне, як дачка.

В е р а. Працуючы разам з вамі два гады я прывыкла да вас, як да роднага, палюбіла вас.

З ё л к і н (сам сабе). Чэснага чалавека не знайшла палюбіць.

Ч а р н а в у с. Дзякую вам за сяброўскае слова.

Вера (жартаўліва). Дык прымаеце мяне за дачку?

Ч а р н а в у с. Ад усяе душы.

В е р а. Дык вашу руку, Аляксандр Пятровіч, і не будзем сумаваць.

Ч а р н а в у с. Вашу чэсную руку. (Горача паціскае і нечакана цалуе ёй руку. Вера сканфузілася.) Выбачайце, па шчырасці.

З ё л к і н (сам сабе). Стары распуснік!

В е р а. Дык вы куды цяпер?

Ч а р н а в у с. Думаю дачакацца Гарлахвацкага і з ім пагаварыць — можа, ён што ведае.

В е р а. Пачакайце, я сягоння пагавару з Левановічам, вось толькі ў лабараторыю зайду. Гэтага нельга адкладваць. Да Тамары зайду вечарам... гадзін у восем...

Ч а р н а в у с ідзе ў пакой, а В е р а да выхаду.

З ё л к і н (наўмысля трапляецца ёй насустрач). Добры дзень, Вера.

В е р а. Добры дзень. (Пайшла міма.)

З ё л к і н. Што ж вы... не хочаце, каб я паціснуў (падкрэслена) вашу чэсную руку?

В е р а (спыняецца). Падслухоўвалі?

З ё л к і н. А хіба ў вас сакрэты якія-небудзь з Чарнавусам? Я і не ведаў, што вы выбралі сабе такую давераную асобу.

В е р а. Ці не параіце мне вас выбраць!

З ё л к і н. Гэта справа вашага густу і... партыйнага сумлення.

В е р а. Вось як!

З ё л к і н. А як жа вы думалі?

В е р а. Добра. Мы яшчэ пагаворым аб гэтым. (Пайшла.)

З ё л к і н (адзін). Дзіва што пагаворым. Вылеціш з партыі, тады пагаворыш. Да Тамары яна пойдзе! Бачыў я, з якой Тамарай ты цалавалася.

З ё л к і н ідзе ў свой пакой. Уваходзіць Т у л я г а і спыняецца ля аб'явы.

Т у л я г а. Назначаны дзень мае ганьбы... Адзін падлец будзе публічна прысвойваць сабе працу другога, а другі падлец, праклінаючы ў душы, будзе яму апладзіраваць. Ганьба, ганьба!

Г а р л а х в а ц к і (уваходзіць). Ну, як мая праца?

Т у л я г а. Ваша праца пасоўваецца, Аляксандр Пятровіч.

Г а р л а х в а ц к і. А іменна?

Т у л я г а. Матэрыялы падбіраю.

Г а р л а х в а ц к і. Доўга капаецеся. Я ўжо дзень вызначыў. К гэтаму тэрміну павінна быць гатова.

Т у л я г а. Пастараюся. Толькі гэта ці не занадта смела: новы від выкапня?

Г а р л а х в а ц к і. Аб гэтым вы не турбуйцбся. Смеласць — гэта ўжо мая справа, а не ваша. Вы толькі зачэпку знайдзіце.

Т у л я г а выходзіць.

З ё л к і н (уваходзіць). Аляксандр Пятровіч, навіна!

Г а р л а х в а ц к і. Плётка ці праўда — прызнавайцеся.

З ё л к і н. За каго вы мяне лічыце?

Г а р л а х в а ц к і. За Зёлкіна.

З ё л к і н. Мне гэта нават крыўдна.

Г а р л а х в а ц к і. I цікавая навіна?

З ё л к і н. Пальчыкі абліжаце.

Г а р л а х в а ц к і. Ну, выкладвайце. Толькі хутка, бо часу няма.

З ё л к і н. Вера жыве з Чарнавусам.

Г а р л а х в а ц к і. Як гэта «жыве»? Я ведаю, што яна не памерла.

З ё л к і н. Ну, як вам сказаць...

Г а р л а х в а ц к і. Ды скажыце, як-небудзь...

З ё л к і н. Ну, скажам, як я з Зінай.

Г а р л а х в а ц к і. Гэта яшчэ не страшна.

З ё л к і н. Як гэта не страшна? Вы хочаце сказаць, што я... што мы...

Г а р л а х в а ц к і. Я хацеў сказаць, што гэта, мусіць, няпраўда.

З ё л к і н. Як гэта няпраўда? Я сам бачыў...

Г а р л а х в а ц к і. Дзе ж вы бачылі?

З ё л к і н. Тут у калідоры. Цалаваліся. Спатканне прызначылі ў яго на кватэры сёння ў восем гадзін, як Тамары не будзе дома.

Г а р л а х в а ц к і. Што, дык гэта праўда?

З ё л к і н. Праўда. Я лічу, што ёй у партыі не месца.

Г а р л а х в а ц к і. Строгі ж вы чалавек... А сам беспартыйны.

З ё л к і н. Выбачайце, тут цесная сувязь з ворагам, бытавое разлажэнне, распуста.

Уваходзіць Ч а р н а в у с, З ё л к і н знікае.

Ч а р н а в у с. Я вас даўно чакаю, Аляксандр Пятровіч.

Г а р л а х в а ц к і. Чым магу служыць, дарагі Аляксандр Пятровіч? Вельмі шкадую, што прымусіў вас чакаць. Важная нарада была, я не мог пакінуць.

Ч а р н а в у с. Я да вас з просьбай... Дапамажыце выйсці з цяжкага становішча, у якое я трапіў з нечае ласкі.

Г а р л а х в а ц к і. А што такое з вамі здарылася? Усё, што ад мяне залежыць, я зраблю.

Ч а р н а в у с. Я больш не чытаю лекцый на геафаку.

Г а р л а х в а ц к і. Чаму?

Ч а р н а в у с. Знялі, не давяраюць.

Г а р л а х в а ц к і. Ха-ха-ха... Жартуеце, калега.

Ч а р н а в у с. Мне зусім не да жартаў.

Г а р л а х в а ц к і. Значыць, вы сур'ёзна?

Ч а р н а в у с. Зусім сур'ёзна.

Г а р л а х в а ц к і. Дык гэта ж безабразіе!

Ч а р н а в у с. Я з вамі згодзен. Толькі гэта яшчэ не ўсё безабразіе: кніжку маю таксама не пусцілі ў друк.

Г а р л а х в а ц к і. Гэта ўжо зусім свінства. Якая ж прычына?

Ч а р н а в у с. У тым вось і справа, што я нічога не магу дабіцца. Усё гэта абкружана такой таямніцай, што яны і самі не ведаюць, у чым я вінаваты.

Гарлахвацкі. Дарагі мой, дык чаго ж вы маўчыце? Ганьбяць ваша чэснае імя, а вы маўчыце! Не, так нікуды не варта. Гэта сацыяльнае зло, з якім трэба змагацца. Так жа сёння вас, а заўтра мяне могуць ашальмаваць і вывесці са строю.

Ч а р н а в у с. Могуць.

Г а р л а х в а ц к і. I якая ж, выбачайце, сволач магла вам такую штуку ўстроіць?

Ч а р н а в у с. Сапраўды. Паглядзіш вакол, здаецца, усе людзі такія сумленныя, свядомыя... Няма на каго і падумаць.

Г а р л а х в а ц к і. А можа... Вы, Аляксандр Пятровіч, праверылі сябе як мае быць? Ва ўсім?

Ч а р н а в у с. Як гэта? Я не разумею.

Г а р л а х в а ц к і. Я ў тым сэнсе, што, можа, у вашай біяграфіі ёсць якая-небудзь зачэпка, ну самая такая пусцяковіна, якая магла паслужыць повадам для плётак. Вы мне

прабачце, Аляксандр Пятровіч, я проста па-сяброўску кажу.

Ч а р н а в у с. Дзесяць разоў перадумаў я ўсё сваё жыццё і магу сказаць, палажыўшы руку на сэрца, ні ў чым не вінаваты.

Г а р л а х в а ц к і. Я ў гэтым і не сумняваўся. Цяпер я зусім спакойны за вас і... за сябе. Бо вы самі разумееце, што і я тут рызыкую чым-нічым. Каб я быў такі самастрахоўшчык, як і іншыя, дык мог бы прапанаваць вам падаць заяву аб вызваленні ад працы. Але я далёка ад гэтай думкі. Мы з вамі будзем працаваць, нягледзячы ні на якія плёткі.

Ч а р н а в у с. Я высока цаню вашу велікадушнасць.

Г а р л а х в а ц к і (спыняецца ля аб'явы). Вось чакаю, што вы на гэта скажаце (паказвае на аб'яву). Спадзяюся, што вы мяне не ўгробіце.

Ч а р н а в у с. Думаю, што для гэтага не будзе ніякіх падстаў.

Г а р л а х в а ц к і. Ну, як ваша экспедыцыя, Аляксандр Пятровіч?

Ч а р н а в у с. Дык вось, бачыце, замінка выйшла.

Г а р л а х в а ц к і. А вы не звяртайце ўвагі. Непрыемна гэта ўсё, я сам разумею, але ж за працай і непрыемнасці забываюцца. Тым больш што ў вас такі мілы памочнік, вы з ёю ўсё гора забудзеце.

Ч а р н а в у с. Ёй, беднай, таксама непрыемна гэта ўсё, але трымаецца яна геройскі і мяне падбадзёрвае. Слаўная дзяўчына. Ну, дзякуй вам за падтрыманне. (Адыходзіць.)

Г а р л а х в а ц к і (адзін). Слаўная! Бач ты, стары чорт! Губа не дура. Ды цяпер табе не да дзяўчат будзе, даражэнькі.

Выходзіць. Уваходзіць Л е в а н о в і ч.

Л е в а н о в і ч (да цёці Каці). У якім пакоі Вера Міхайлаўна?

Ц ё ц я  К а ц я. Ідзіце вунь у тыя дзверы.

Л е в а н о в і ч. Яна там не адна?

Ц ё ц я  К а ц я. Не, там яшчэ ёсць людзі.

Л е в а н о в і ч. Вызавіце яе сюды. Скажыце, што сакратар парткома Левановіч просіць на хвілінку.

Ц ё ц я  К а ц я. Таварыш Левановіч, заступіцеся вы за нашага Чарнавуса. Шкада чалавека. Чуе мая душа, што дарэмна ўзвялі на яго гэту напасць. Не можа быць, каб гэтакі людскі чалавек ды супроць народа. Гэта нехта набрахаў на яго.

Л е в а н о в і ч. Будзьце спакойны, цёця Каця, чэсных людзей мы ў крыўду не дадзім. Разбяромся, у чым тут справа.

Ц ё ц я  К а ц я. Дык пазваць Веру Міхайлаўну сюды?

Л е в а н о в і ч. Ага, пазавіце.

Ц ё ц я К а ц я ідзе па Веру. Левановіч чытае аб'яву аб дакладзе. Уваходзіць В е р а.

Л е в а н о в і ч (паказвае на аб'яву). Што гэта за даклад? Ты не знаёма?

В е р а. Не. Ён яшчэ трымае ў сакрэце.

Л е в а н о в і ч. Не шкодзіла б пазнаёміцца.

В е р а. Ты для гэтага мяне і паклікаў?

Л е в а н о в і ч. Не, я хацеў запытацца, ці чула ты што-небудзь пра Чарнавуса?

В е р а. Чула, што на яго ўзвялі нейкі паклёп, і збіралася да цябе ісці.

Л е в а н о в і ч. Добра, калі паклёп.

В е р а. Што ж тут добрага?

Л е в а н о в і ч. Я хачу сказаць — добра, калі гэта ўсё — няпраўда.

В е р а. Што «гэта ўсё»? Яму ж нічога не гавораць.

Л е в а н о в і ч. Ходзяць чуткі, што нейкае шкодніцтва знайшлі ў яго працах.

В е р а. У якіх працах?

Л е в а н о в і ч. Мабыць, у апошніх.

В е р а. Я гэтыя працы ведаю. Яны напісаны на падставе тых матэрыялаў, у збіранні якіх я сама прымала непасрэдны ўдзел.

Л е в а н о в і ч. А калі ён і цябе вакол пальца абвёў?

В е р а. Што ж я, па-твойму, палена бярозавае? Ні цэ, ні бэ не разумею?

Л е в а н о в і ч. Якую ацэнку ў Маскве атрымала яго праца?

В е р а. Яшчэ няма адказу.

Л е в а н о в і ч. Можа, там знайшлі што-небудзь?

В е р а. А я табе дакажу, што ўсё гэта брахня. Заўтра ж паеду ў Маскву і прывязу водзыў.

Л е в а н о в і ч. Я цябе не пасылаю пакуль што.

В е р а. Сама паеду. (Запальчыва.) Што, не давяраеш? I мяне ў шкодніцтве падазраеш?

Л е в а н о в і ч. Ды не кіпяціся ты!

В е р а. Буду кіпяціцца. Абвінавачванне ў шкодніцтве — гэта не пусцяковіна.

Л е в а н о в і ч. Вось таму, што гэта справа сур'ёзная, трэба ў ёй спакойна разабрацца.

В е р а. Па-мойму — ты не з таго канца пачаў разбірацца. Трэба пацікавіцца, адкуль ідуць гэтыя плёткі.

Л е в а н о в і ч. Я хачу з двух канцоў адразу — хутчэй будзе. Вось даведаўся, што ты прымала ў гэтай працы ўдзел, і мне ўжо лягчэй стала. А чуткі адкуль ідуць — таксама даведаемся. У Маскву каму-небудзь сапраўды прыйдзецца паехаць. Аб гэтым мы яшчэ пагаворым. (Уваходзіць Чарнавус.) Добры дзень, Аляксандр Пятровіч. (Вітаецца за руку.) А мы з Верай Міхайлаўнай толькі што гаварылі пра вас. Значыць, і кніжку вашу не пусцілі ў друк?

Ч а р н а в у с. Не пусцілі.

Л е в а н о в і ч. Гэта аб чым ваша кніжка?

Ч а р н а в у с. Аб фасфарытах.

Л е в а н о в і ч. Вы можаце мне даць рукапіс на пару дзён? Я хацеў бы азнаёміцца.

Ч а р н а в у с. Калі ласка.

Л е в а н о в і ч. Вы, кажуць, і ў Маскву паслалі нейкую працу?

Ч а р н а в у с. Паслаў. Аб карысных выкапнях на тэрыторыі БССР.

Л е в а н о в і ч. Адказу яшчэ не атрымалі?

Ч а р н а в у с. Не. Даўно чакаю.

Л е в а н о в і ч. Дык вы і не ведаеце, адкуль на вас такая напасць?

Ч а р н а в у с. Не ведаю. Усё роўна, як снег на галаву.

Л е в а н о в і ч. А ў інстытуце вам працаваць не перашкаджаюць?

Ч а р н а в у с. Не, не магу паскардзіцца.

Л е в а н о в і ч. Якія ў вас адносіны з Гарлахвацкім?

Ч а р н а в у с. Самыя найлепшыя.

Л е в а н о в і ч Што ж, працуйце... Я думаю, што хутка гэтыя хмары рассеюцца. Высветлім, у чым тут рэч. А рукапіс, калі вам не цяжка будзе, прышліце мне заўтра ў суседні корпус, у шаснаццаты пакой.

Ч а р н а в у с. Я прашу, таварыш Левановіч, прыняць меры, каб гэта непаразуменне як найхутчэй было развязана. Справа ў тым, што на падставе маіх даных дзяржплан праекціруе пабудову новых заводаў. Калі праца астанецца скампраметаванай, будаўніцтва можа сарвацца.

Л е в а н о в і ч. Я гэта ведаю. Я буду прасіць, каб назначылі аўтарытэтную камісію, якая можа ўстанавіць каштоўнасць вашай працы і высветліць усялякія іншыя акалічнасці.

Ч а р н а в у с. Гэта лепш за ўсё.

Л е в а н о в і ч выходзіць на двор. Ч а р н а в у с і В е р а — у пакой. Уваходзіць н е з н амё м а я ж а н ч ы н а.

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а (да цёці Каці). Скажыце, дырэктар інстытута ёсць?

Ц ё ц я  К а ц я. У кабінеце.

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а. Кажуць, у вас ёсць халтурка для машыністкі?

Ц ё ц я  К а ц я. Запытайцеся, можа, і ёсць.

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а (ахарошваецца перад люстэркам). Ён у вас не вельмі строгі? Нічога, што я патрывожу?

Ц ё ц я  К а ц я. Нічога.

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а. Я-то крыху чула пра яго. (Падыходзіць да кабінета і намерваецца пастукаць. Дзверы адчыняюцца і высоўваецца Гарлахвацкі.) Можна, таварыш дырэктар? У вас, казалі, для машыністкі работа ёсць?

Г а р л а х в а ц к і. Выбачайце, у мяне неадкладная справа. Зайдзіце праз паўгадзіны. Цёця Каця, скажыце Зёлкінай, каб яна прыйшла да мяне з паперамі.

Ц ё ц я  К а ц я. Зараз. (Ідзе па Зёлкіну.)

Н е з н а ё м а я  жан ч ы н а. Зёлкіна... Гэта тая, Зіначка. Паглядзім, што за яна!

З ё л к і н а з паперамі праходзіць у кабінет дырэктара.

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а. Нічога асаблівага на ёй няма. Толькі слава, што Зёлкіна.

Да дзвярэй кабінета падыходзіць З ё л к і н.

З ё л к і н (цягне за ручку дзвярэй). Замкнёна.

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а. Ён заняты.

З ё л к і н. З кім жа ён заняты?

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а. З Зёлкінай. Не скора, відаць, вызваліцца.

З ё л к і н. Чаму вы так думаеце?

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а. Папер шмат панесла.

З ё л к і н. А вы ўпэўнены, што гэта Зёлкіна?

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а. Яе гэтак называлі. А так я не знаю. Чула крыху...

З ё л к і н. Што ж вы пра яе чулі?

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а. Глупства, не варта пераказваць.

З ё л к і н. Гавораць, мусіць, што яна з Гарлахвацкім гуляе?

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а. Можа, гэта і няпраўда. Ці мала што гавораць.

З ё л к і н. А муж тут працуе і нічога не ведае.

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а. Чаму не ведае. Ён, кажуць, такі шаптун і пляткар, што без яго ні адна плётка не абыходзіцца. Ведае, але зрабіць нічога не можа.

З ё л к і н. Гэта няпраўда. Каб ведаў, дык ён бы тут разнёс усё на свеце. Я ж яго знаю... Чым яны там заняты так доўга? (Нагінаецца і хоча паглядзець у замочную шчыліну.)

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а. Ну, ну! Вось гэтага я ад вас не чакала.

З ё л к і н (агрызаючыся). Чаго вы не чакалі?

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а. Каб вы ў шчыліну падглядалі!

З ё л к і н. А вам што да таго?

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а. Непрыгожа.

З ё л к і н. Цьфу ты, назола! Вось прыстала! (Адыходзіць.)

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а. А яшчэ мужчына! Трэба мець вытрымку, грамадзянін!

Уваходзіць А н н а П а ў л а ў н а і накіроўваецца да дзвярэй кабінета.

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а. Заняты, не прымае.

А н н а  П а ў л а ў н а. З кім жа ён так заняты?

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а. З Зёлкінай.

А н н а  П а ў л а ў н а. З Зёлкінай?

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а. Так.

А н н а  П а ў л а ў н а. I даўно ён заняты?

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а. Я мінут дваццаць ужо сяджу.

А н н а  П а ў л а ў н а. А што яна за асоба такая, што ён пры ёй не прымае?

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а. А вы хіба яе не ведаеце?

А н н а  П а ў л а ў н а. Адкуль мне ведаць? Я тут не працую.

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а. Жанчына, кажуць, прыемная.

А н н а  П а ў л а ў н а. Дык і што ж, што прыемная?

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а. А з прыемнай жанчынай прыемна час правесці.

А н н а  П а ў л а ў н а. Дазвольце! Але ж ён жанаты.

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а. Дык і што ж?

А н н а  П а ў л а ў н а. Дык у яго ж ёсць жонка. Нашто ж яму нейкая Зёлкіна.

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а. А жонка, кажуць, страшэнная ведзьма.

А н н а  П а ў л а ў н а. Гэта хлусня! Я чула, што яна досыць прыгожая жанчына.

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а. Кажуць, дзень і ноч яго пілуе. А ён як вырвецца, дык і шукае з другімі ўцехі.

А н н а  П а ў л а ў н а. Ах, паскуднік! Я яму такую ўцеху дам, што ён век не забудзе! (Кідаецца да дзвярэй.)

Н е з н а ё м а я  ж а н ч ы н а (усхопліваецца). Ай, што я нарабіла! Гэта ж жонка! (Выбягае.)

А н н а  П а ў л а ў н а (стукае кулакамі ў дзверы). Адчыні! Адчыні! Адчыні, сабачыя твае вочы! Усё роўна ж я да цябе дабяруся. (Стукае.) Дабяруся, ірад, нідзе ты не дзенешся! (Стукае ў дзверы з усяе сілы.)

Прыбягаюць ц ё ц я К а ц я, З ё л к і н і і н ш ы я с у п р а ц о ў н і к і.

Г а л а с ы. Што такое? Што здарылася?

А н н а  П а ў л а ў н а. Дайце ключ хутчэй! Няшчасце здарылася.

З ё л к і н. Цёця Каця, ключ ад французскага замка! Хутчэй ключ давайце!

Кабінет Гарлахвацкага.

Г а р л а х в а ц к і (мітусіцца па кабінеце). Ах чорт! Уліплі мы што называецца. Чуеце, як бушуе мая ведзьма?

З і н а. Можа, лепш адчыніць?

Г а р л а х в а ц к і. Баюся, што ад вашай завіўкі нічога не астанецца.

З і н а. Няўжо біцца будзе?

Г а р л а х в а ц к і. Можаце не сумнявацца. На гэта я ўжо маю практыку.

З і н а. Дык што ж рабіць?

Г а р л а х в а ц к і. А я, думаеце, ведаю? (Падыходзіць да акна.) У двары нікога няма... Паспрабаваць у акно выскачыць...

З і н а. Зімою ў акно?

Г а р л а х в а ц к і. У часе стыхійнага бедства людзі не разбіраюць, зіма ці лета, а ратуюцца, як хто можа.

З і н а. А я што буду рабіць?

Г а р л а х в а ц к і. І вы таксама.

З і н а (з жахам). У акно? Ні за што не палезу.

Г а р л а х в а ц к і. Дык аставайцеся, я адзін палезу. (Бярэ партфель і накіроўваецца да акна.)

З і н а (з жахам). Ні за што не астануся! Яна мяне з'есць. (Плача.)

Г а р л а х в а ц к і. Кіньце вы скуголіць. I без вас моташна. (Глядзіць у акно.) Чакайце! Вунь Туляга ідзе з лабараторыі. Мы, здаецца, выратаваны. (Адчыняе акно і крычыць.) Таварыш Туляга!.. Таварыш Туляга! Мікіта Сымонавіч! Сюды на хвілінку! Лезьце на падаконнік. Лезьце, лезьце, не саромейцеся! (Паказваецца галава Тулягі.)

Т у л я г а. У чым справа, Аляксандр Пятровіч?

Г а р л а х в а ц к і. Вы мне патрэбны, лезьце сюды ў пакой.

Т у л я г а. Дык нашто ж? Я ж магу праз дзверы.

Г а р л а х в а ц к і. Лезьце, я вам кажу.

Т у л я г а. Неяк няёмка, людзі глядзяць.

Г а р л а х в а ц к і. Я вам загадваю, гаспадзін палкоўнік! (Туляга паслушна ўлазіць у пакой.) Пабудзьце з гэтай жанчынай — вось і ўсё, што ад вас патрабуецца.

Т у л я г а (калоцячыся). Нічога не разумею, Аляксандр Пятровіч. Хоць зарэжце...

Г а р л а х в а ц к і. Вы былі з ёю. Мяне тут зусім не было. Зачыніце за мною акно. Цяпер разумееце?

Т у л я г а. Прызнацца, не зусім.

Г а р л а х в а ц к і (шыпіць). Гаспадзін палкоўнік!.. Не прыкідвайцеся дурнем!

Т у л я г а. Разумею, Аляксандр Пятровіч! Усё разумею.

Г а р л а х в а ц к і. Даўно б так. (Вылазіць праз акно на вуліцу. Туляга зачыняе за ім акно.)

Т у л я г а (разводзіць рукамі). Нічога не разумею. Растлумачце хоць вы, таварыш Зёлкіна.

З і н а (выціраючы слёзы). Зараз вас біць будуць.

Т у л я г а. Мяне? За што ж мяне біць?

З і н а. Вунь ужо дзверы адмыкаюць.

Шырока расчыняюцца дзверы. У кабінет урываецца А н н а П а ў-л а ў н а, за ёю а с т а т н і я. Усе на момант аслупянелі, убачыўшы Тулягу з Зінай. Потым гнеў Анны Паўлаўны змяніўся прыступам рогату.

З ё л к і н (да Зіны). Дык вось ты з кім, нягодніца!

З і н а. Адстань! (Адштурхоўвае яго і, лавіруючы між натоўпу, выходзіць.)

З ё л к і н. А з вамі, даражэнькі, я зараз расквітаюся! (Падступае з кулакамі да Тулягі.)

Т у л я г а (засланяе твар рукамі). Што вы да мяне маеце, таварыш Зёлкін?!

З ё л к і н. Я табе пакажу, стары распуснік! (Хоча ўдарыць. Уваходзіць Гарлахвацкі з партфелем.)

Г а р л а х в а ц к і. Што тут робіцца такое? У чым справа?

А н н а  П а ў л а ў н а (падбягае да яго). Ой, Шура, каб ты бачыў, што тут было!

Г а р л а х в а ц к і. Дык тут і цяпер безабразіе.

А н н а  П а ў л а ў н а. Зёлкіну вось з гэтым (паказвае на Тулягу) засталі тут.

Г а р л а х в а ц к і. Ах, якая брыдота! Другога месца но знайшлі.

А н н а  П а ў л а ў н а. А жанчына тут нейкая была ў калідоры ды выдумала, што гэта ты з Зёлкінай.

Г а р л а х в а ц к і. Што яшчэ за жанчына?

А н н а   П а ў л а ў н а. Ліха яе ведае, незнаёмая. Такая языкастая баба. Ды яна тут недзе. (Аглядаецца.) Не, уцякла ўжо.

Г а р л а х в а ц к і. Нічыпар, лаві яе там! Чорт знае што! З вуліцы зброд усялякі лезе ў кабінет. Пляткараць, распуснічаюць. (Да Тулягі.) Ну і вы таксама... Стары чалавек! Пасаромеўся б. Ва ўстанове, ды яшчэ ў маім кабінеце, дазваляць сабе такія рэчы!

Т у л я г а. Аляксандр Пятровіч... Гэта бязлітасна... Вы ж самі ведаеце...

Г а р л а х в а ц к і (грозна). Нічога я не ведаю, таварыш Туляга! Хаця мне і трэба было б ведаць, адкуль у вас такія прывычкі. (Туляга часта моргае вачыма і кусае губы.) Ды ладна, таварышы. Я думаю, што мы будзем велікадушнымі і даруем яму на гэты раз, узяўшы слова, што больш нічога падобнага ён сабе не дазволіць. Спадзяюся, што смецця з хаты выносіць вы не будзеце, каб гэта не лягло бруднай плямай на нашу ўстанову. Прашу спакойна разысціся і працаваць. (Крадком ад жонкі гаворыць Тулягу, які выходзіць апошнім). Спадзяюся, што ў вас хопіць розуму не балбатаць пра гэта. (Усе разыходзяцца. Астаюцца толькі Гарлахвацкі і Анна Паўлаўна.)

Г а р л а х в а ц к і (да жонкі, калі Туляга выйшаў). Ну што ты скажаш на гэта? Ха-ха-ха... (Рагоча ўсё больш і больш, паддаючы сабе ахвоты.)

А н н а  П а ў л а ў н а. Такі ціхоня, размазня! Хто б гэта мог падумаць!.. Ха-ха-ха.

Г а р л а х в а ц к і. Сівізна ў бараду, а чорт у рабрыну.

А н н а  П а ў л а ў н а. А тая пляткарка сказала, што гэта ты з Зёлкінай зачыніўся. Я чуць дом не разбурыла.

Г а р л а х в а ц к і. Ах, ах, ах! Як гэта нядобра! I заўсёды ж так. Напляце табе якая-небудзь баба, а ты, не праверыўшы, з кіпцюрамі на мяне кідаешся.

А н н а  П а ў л а ў н а. Ну, годзе, мір! (Абнімае яго за шыю і цалуе.)

Г а р л а х в а ц к і (ляпае яе па плячах). Бядовая ты ў мяне, Нюра.

А н н а  П а ў л а ў н а. Як твая навуковая праца?

Г а р л а х в а ц к і. Праца амаль што гатова. Вунь, глядзі, які ў мяне тут навуковы апарат.

А н н а  П а ў л а ў н а (пяшчотна). А як машына? Хутка будзе?

Г а р л а х в а ц к і. Чакай, пацярпі крыху. Будзе табе белка, будзе і свісток. (Стук у дзверы.) Зайдзіце!

Уваходзіць Л е в а н о в і ч.

Г а р л а х в а ц к і. А-а! Нарэшце і партыйнае кіраўніцтва ўспомніла пра нас, грэшных. Пара, даўно пара, а то мы без кіраўніцтва можам тут памылак парабіць. (Анна Паўлаўна выходзіць.) Ты чуў, якую штуку адмачыў Туляга?

Л е в а н о в і ч. Туляга? Па-мойму, ён не здольны ні на якія штукі.

Г а р л а х в а ц к і. І я так думаў. Адно ж сапраўды — у ціхім балоце чэрці вядуцца. Некалькі хвілін назад яго накрылі з Зёлкінай у маім кабінеце.

Л е в а н о в і ч. Ды што ты!

Г а р л а х в а ц к і. Вось табе і што ты!

Л е в а н о в і ч. Ні за што не паверу.

Г а р л а х в а ц к і. Запытай у людзей. Я тут яму пры ўсіх праборку даваў, а ён стаіць ды толькі вачыма моргае.

Л е в а н о в і ч. Не падазраваў у яго такіх здольнасцей.

Г а р л а х в а ц к і. У нас тут розных талентаў хапае.

Л е в а н о в і ч. Скажы, ты не ведаеш, што такое з Чарнавусам?

Г а р л а х в а ц к і. А я хацеў у цябе запытацца, што з ім такое.

Л е в а н о в і ч. Але ж ты чуў што-небудзь?

Г а р л а х в а ц к і. Ходзяць нейкія чуткі. Быццам шкодніцтва нейкае ў яго працах выявілі, зноў жа сувязі нейкія.

Л е в а н о в і ч. Ты не правяраў, адкуль гэтыя чуткі?

Г а р л а х в а ц к і. Гэта нічога не рабі, толькі правярай. А працу за мяне хто будзе пісаць? Туляга?

Л е в а н о в і ч. Дзіўная бесклапотнасць! Таго ўсюды з працы знялі, а яму хоць бы што.

Г а р л а х в а ц к і. Загадаеш і мне яго зняць? Я не самастрахоўшчык. Праверым, тады будзе відаць.

Л е в а н о в і ч. Як ты мысліш сабе гэту праверку?

Г а р л а х в а ц к і. Трэба назначыць аўтарытэтную камісію, якая павінна выехаць на месца, дзе ён рабіў геалагічныя доследы.

Л е в а н о в і ч. Хто, па-твойму, у гэту камісію павінен увайсці?

Г а р л а х в а ц к і. Баюся, што мне, як дырэктару інстытута, ад гэтага не выкруціцца. Ты ж мяне не вызваліш?

Л е в а н о в і ч. Дапусцім, што не. А яшчэ хто?

Г а р л а х в а ц к і. Можна яшчэ Зёлкіна. Ну і Тулягу.

Л е в а н о в і ч. I колькі ж часу зойме гэта праверка?

Г а р л а х в а ц к і. Каля года.

Л е в а н о в і ч. Што?!

Г а р л а х в а ц к і. У зімніх умовах рабіць нічога нельга, а за лета хаця б нам управіцца. Прыйдзецца ж бурэнне рабіць нанова.

Л е в а н о в і ч. Гэта значыць сарваць увесь план работы інстытута і трымаць цэлы год пад падазрэннем Чарнавуса.

Г а р л а х в а ц к і. Што ж ты зробіш! Давяраць яму асабліва не прыходзіцца. Няхай корпаецца тут пад маім наглядам.

Л е в а н о в і ч. Я гаварыў з Верай. Яна галавой ручаецца, што гэта паклёп.

Г а р л а х в а ц к і. На гэта яна мае свае прычыны.

Л е в а н о в і ч. Яна з ім разам працуе.

Г а р л а х в а ц к і. Больш таго — кажуць, што яна з ім жыве.

Л е в а н о в і ч (недаверліва глядзіць на Гарлахвацкага). Ты гэта праверыў?

Г а р л а х в а ц к і (смяецца). Вось дзівак! Як жа я магу праверыць?

Л е в а н о в і ч (дапытліва). А можа, гэта няпраўда?

Г а р л а х в а ц к і. Можа, і няпраўда. За правільнасць чутак не ручаюся. Урэшце, ты сам можаш пераканацца: сягоння ў восем гадзін вечара ў іх спатканне ў Чарнавуса на кватэры.

Л е в а н о в і ч. Адкуль у цябе такія весткі?

Г а р л а х в а ц к і. Весткі пэўныя, можаш не сумнявацца.

Л е в а н о в і ч. Тут у цябе такое творыцца, што сам чорт не разбярэ. Натыкаешся на сюрпрызы, дзе іх зусім не чакаеш.

Г а р л а х в а ц к і. Такую спадчыну я атрымаў. Чыстка патрэбна. З некаторымі работнікамі прыйдзецца развітацца.

Л е в а н о в і ч. А замяніць кім?

Г а р л а х в а ц к і. Заменім. У мяне ёсць на ўвазе добрыя работнікі, якія ахвотна пойдуць да мяне працаваць, калі ім забяспечыць належныя ўмовы. Вось я толькі ад працы крыху вызвалюся, тады мы з табой навядзём тут парадак. Мне не ўпершыню гэтым займацца.

Л е в а н о в і ч (у роздуме). Парадак тут сапраўды прыйдзецца навесці.

Г а р л а х в а ц к і. Між іншым, дваццаць другога я даклад чытаю на вучоным савеце. Прыходзь паслухаць.

Л е в а н о в і ч. Я ў тваіх мамантах нічога не разумею.

Г а р л а х в а ц к і. Я пішу, каб усім было зразумела. Для мас жа пішу. Гэта будзе пробны камень і для Чарнавуса. Магчыма, што ён паспрабуе зганьбіць маю працу і скампраметаваць мяне як савецкага вучонага. Тады мы яго і выкрыем.

Л е в а н о в і ч (убок). Вось ты куды гнеш! (Да Гарлахвацкага.) Думаеш, што ён асмеліцца на гэта?

Г а р л а х в а ц к і. Калі ён сапраўды вораг, дык прарвецца,— быць не можа.

Л е в а н о в і ч. А мы яго, шэльму, за вушка ды на сонейка!

Г а р л а х в а ц к і. Як міленькага!

Л е в а н о в і ч. А калі ён не прарвецца, а пахваліць твой даклад?

Г а р л а х в а ц к і. Ды я не сцвярджаю, што ён абавязкова вораг. Можа, і пахваліць.

Л е в а н о в і ч. А здорава ты прыдумаў! Гэта ж можа вельмі хораша выйсці. Цікава! Прыйдзецца прыйсці.

Г а р л а х в а ц к і. Дык прыйдзеш?

Л е в а н о в і ч. Абавязкова. Бывай! (Выходзіць.)

Г а р л а х в а ц к і (адзін). Правяральшчык знайшоўся! Я, брат, такія акуляры настаўлю, што табе і чорнае белым пакажацца. Не такіх за нос вадзілі!

З а с л о н а