РАК

Паважны чалавек адзін
З далёкіх і чужых краін
Прыехаў вандраваць па Беларусі.
Чаго — сказаць я не бяруся:
Ці то яго цікавіў Мінск, ці то Мазыр і Прыпяць,
А толькі ён зайшоў бутэльку піва выпіць.

— Што ў вас да піва ёсць? — пытае ён Слугу.
— Што загадаеце, падаць я вам магу,—
Адказвае Слуга.— Ёсць тараны, ёсць ракі.
— А гэта што такія за прысмакі?
Іх не чуваць у нашай старане.

Нясі, галубчык, мне якіх штук пяць на спробу.
Падаў Слуга. Паважная Асоба,
Абцерабіўшы раку шыю й клешні
(Не хоча з драбязой займацца ён, канечне),
Давай упісваць рэшту.

Ды вось не есца толькі нешта:
Расце, здаецца, ў роце рак.
Аж вочы плюшчыць дзядзька-небарак,
Але, запіўшы півам, лыкнуў.
«Давай яшчэ папробую, а мо й прывыкну
Да гэтых,— думае,— прысмакаў».
Але й з другім не лепей ракам:
Назад, здаецца, з рота ён паўзе.
— Паслухайце,— Асоба кажа тут Слузе,—
Што гэта ў вас за людзі?
I што ў людзей за густ?
Вось я ніяк прывыкнуць не магу
I ракам рот дарэмна запаскудзіў.
Слуга ў адказ: — Які вы, дзядзька, смешны!
Не дзіва мне, што не знайшлі вы смаку
У нашым раку:
У нас ядуць тут шыю і клешні,
А вы — жывот ды бруд усякі.
Калі трапляецца ў жыцці вам рак,
То, каб не каяцца нарэшце,
Уведайце наперад, дзе ў ім смак,
Тады ўжо толькі ешце.
Іначай знойдзеце ў лупіне,
Што кожны, плюнуўшы, адкіне.

1926

 

{jcomments on}