ФІЛОСАФ I РАКА

Блукаў Філосаф па зямлі.
Чаго блукаў? Мо праўды ён шукаў
I сцежак тых, што да яе вялі,
Мо вывучаў складанасць тых падзей,
Што выклікаюць у людзей
То радасць, то трывогі.
А толькі збіўся ён з дарогі,
Пайшоў да вёскі нацянькі
I апынуўся ля ракі.
Вось вёска ўся на відавоку,
Сям-там дымяцца каміны,
I смачны пах даносіцца здалёку:
Няйначай як пякуць бліны,
А можа, нават і мачанку
(Філосаф наш ад ранку
Не каштаваў ніякай стравы).
Ды вось бяда —
Наперадзе вада
I не відаць ніякай пераправы.
«Не будзем смутку наддавацца,—
Сказаў Філосаф наш, пачаўшы раздзявацца.—
Мне толькі варта зняць штаны,
I я паспею на бліны».
Аднак, раздзеўшыся, пачаў ён сумнявацца:
Ці то ў штанах, ці без штаноў —
Філосаф ёсць філосаф:
Паразважаць заўжды гатоў
Аб чалавечых лёсах.
«Які ж мяне самога лёс чакае?
Хоць розум мой глыбінь шукае,
Але ж вада тут чорная такая...
Таму адзначым: гэты глыб
Не для філосафаў — для рыб».
I тут, у гэтыя хвіліны
Сумненняў і разваг,
Пачуўся раптам роў асліны:
Асёл, прыспешыўшы хаду,
Імчаўся з берага ў ваду
(Відаць, усмаг).
Напіўшыся, стаяў, крапіў хвастом бакі
Аж на сярэдзіне ракі
(Аслу было тут па калені).
Філосаф зноў у задуменні:
«Чаму ж мы дна ў рацэ не бачым?
Даследуем і растлумачым:
Таму мы ў ёй не бачым дна,
Што ў вадаёме муць адна».
Так іншы твор са зместам цьмяным
Мы лічым ледзь не акіянам.

1963

 

{jcomments on}