МУРАШКА I ЖУК

Раз летнім днём цераз дарогу
Мурашка пруцік валакла
Ды прыпынілася была,
Чакаючы сяброўку на падмогу.
I гэтым часам
Пачуўся нейкі гук,
Як бы спяваў хто басам,
А з гукам сеў паблізу Жук.
Глядзіць Мурашка палахліва:
Што за дзіва!
Такі бліскучы ягамосць —
Наставіў вусы ці то рогі,
Ідзе паважна ўдоўж дарогі,
Пагардліва наўкола пазірае,
Адзенне тое лакам ззяе —
Ці не замежны госць?
— Ну што, малеча, цяжка
— Цягнуць такое на гарбе?—
— Прамовіў Жук, заўважыўшы Мурашку.
— А мы працуем на сябе.
— Ды чуў... Пра гэта ўсюды трубяць.
— Павага, слава, чэсць!
— Хто не працуе, той не есць.
— Давай, давай! Работа дурняў любіць.
— Без працы хіба можна жыць?
— Працуй. А мне на ліха праца?
— I без яе як мае быць
Магу я смачна есці, піць,
Па модзе апранацца,
А слава... Што мне слава!
— Ці-ка-ва.
— Калі цікава, дык хадзем,
Я пакажу ахвотна,
Дзе я жыву і што я ем,
Якім я водарам дышу,
Як час праводжу бесклапотна
I на гарбе цяжару не нашу.
I ты жыццё мо перайначыш,
Як гэта ўсё пабачыш.
Да мэты прасцяком
Паўзе Мурашка за Жуком:
Хоць вокам глянуць на той рай —
На Жукавы палацы.
Мо праўда ёсць на свеце край,
Дзе можна жыць без працы.
Жук важна крочыць перадом,
За ім Мурашка сціпла.
Жук ганарліва: — Вось мой дом!
I тут... Мурашка ўліпла,

Такі ж не мелюць языком,
А праўду кажуць людзі:
Як папаўзеш ты за Жуком,
Дык апынешся ў брудзе.

1964

 

{jcomments on}