ЛЯСНАЯ КАЗКА

У некаторых раёнах БССР план
нарыхтоўкі і вывазкі лесу знахо-
дзіцца пад пагрозай зрыву. Раён-
ныя кіраўнікі не прымаюць канк-
рэтных захадаў у дачыненні
да зрыўшчыкаў плана.
З газет

Лес высокі стаіць і гонкі,
Ды не ходзіць ён сам да чыгункі,
Растлумачвалі ж разоў дзвесце:
Трэба секчы яго ды везці.
Атрымаў Абібок заданне,
А ахвоты тае — анізвання:
Паглядзіць на лес ён здалёку,—
Моташна Абібоку.
Лесу многа, ды розных парод...
«Трэба, выходзіць, склікаць народ,
Чытаць з раёна паперу
Ды брацца-такі за сякеру
I махаць, і махаць да поту...
Выдумалі ж работу!
Трэба тут з сілай ды не малою,
А потым шоргай яшчэ пілою,
Так натрэш і мазоль часамі;
А потым — пніся, кладзі на сані
Ды цаліною тралюй да дарогі —
Тут памлеюць і рукі, і ногі.
Ды гэта ж не ўсё — лічы:
Да чыгункі яшчэ валачы.
Вось тут работка якая!
Няхай яна лепш пачакае,
Работа, як кажуць,
у лес не ўцячэ,—
Зробім яшчэ.
Не такая пільная рэч...»
I лёг жыватом на печ.
Тут начальнік з раёна прыскочыў:
— Чаго ж ты ляжыш, Абібоча?
— Чаму ж у лес ты не едзеш?
— Тлумачыць — язык навярэдзіш
(Патыліцу чухае, крэхча).
Ехаць — дык трэба ж каня запрэгчы,
А збруі ніяк не збяру я,
Па ўсім калгасе раскідана збруя:
Дуга у Івана, хамут у Рамана,
Аглобля адна у Сцяпана,
А другая аж у Дзямяна,
У Савасцяна недзе папруга,—
Вельмі прыйшлося мне туга.
Дык я вось ляжу ды гарую:
Як жа сабраць мне збрую?
— А ты загадай, каб знеслі.
— Ох, гэта доўгія песні!
— Паспявай — не пашкодзіць.
— Загадваў — ніяк не выходзіць:
— Панёс Іван дугу да Рамана,
А Раман хамут да Сцяпана,
Аглоблю Сцяпан да Дзямяна,
Той сваю да Савасцяна,
А Савасцян да Івана папругу,
Так і ходзяць яны па кругу,—
Не дагоніць хамут дугу...
— Дык хадзем, я табе памагу.
Ідзе Абібок па сяле
З начальнікам на чале.
Ад сядзібы ідуць да сядзібы,
Ад хаткі да хаткі —
Ліквідуюць усякія хібы
Ды арганізацыйныя непаладкі.
Узяўшы Івана, Рамана, Сцяпана, Дзямяна,
Павёў іх начальнік да Савасцяна,
А Савасцяну здалёк пагукаў,
Каб той стаяў ды чакаў.
Абібок дык аж дзівіцца тут:
— Сабраліся ў месца дуга і хамут!
Гэта штука, ядрона-мудрона!
Вось што значыць начальнік з раёна!
Шчыра дзякую за дапамогу!
— Запрагай жа цяпер і ў дарогу.
Абібок ад такога загаду
Заклапочана чухае ззаду:
— Запрагаць тут, начальнік, цяжка:
Адарвана ў папрузе пражка,
I няма ў хамуце супоні,
I някормлены яшчэ коні,
I дуга, ліха ёй, наламана,
I наогул ужо нярана,
Ды дарога ў лес не працёрта,
Ды ваўкоў жа ў лесе да чорта:
Туды ехаць — шукаць сабе згубы:
Пападзіся ім толькі на зубы!
Глянуў начальнік сярдзітым вокам:
Што ты зробіш з такім Абібокам?
Не выконвае ён загаду,—
Трэба ехаць склікаць нараду.
Пацелі раённыя цёці ды дзядзі
На раённай нарадзе,
Гаварылі тры дні і тры ночкі,
Нагаварылі сорак тры бочкі,
Разглядалі пытанне зблізку,
Наскідалі акуркаў міску,
Спісалі рулон паперы —
Намячалі ўсялякія меры,
Каб як Абібока да лесу прывесці.
А лес, як і быў, на месцы —
Высокі стаіць ды гонкі
I сам не ідзе да чыгункі,
Бо даведзена ўжо вякамі,
Што лес не сякуць языкамі.

1947

{jcomments on}