ДВА ПАРАДЫ

I. Парад крыжаносцаў
За Брусель і за Парыж,
За Белград і за Афіны,
За пажары, за руіны
Начапіў ім Гітлер крыж.
(Крыж жалезны — ганьбы знак,
Чорны, як душа фашыста.)
Цешыў ён сваіх сабак,
Абяцаў ім урачыста,
Што за лета, да зімы,
Будзем знішчаны і мы.
З крыкам — гох! пад гукі маршаў
Рушылі яны на Ўсход,
Стаў зямлю Радзімы нашай
Дратаваць фашысцкі бот.

II. Парад крыжоў
Гневам, помстаю гарачай
Іх сустрэў герой-народ:
Смерцю чорнаю сабачай
Тут палёг фашысцкі зброд.
За пакуты, кроў і слёзы,
За разбой і грабяжы
Ім драўляныя, з бярозы,
Забяспечаны крыжы.
Хай ім сыпле Гітлер ласкі,
Хай ім Гебельс бае казкі
Хоць у сотню языкоў —
Мы прынялі іх па-наскі:
Засталіся толькі каскі
Ад арыйскіх чарапкоў.

1942

{jcomments on}