ЛІСІ ХВОСТ I ВОЎЧЫ КЛЫК

Воўк прыкінуўся лісой
Перад беларусам:
«Не палохайся, я — свой,
З ласкай, не з прымусам.

Фюрэр наш — твой лепшы друг,
Вось — чытай паперку:
Каб надняць твой паўшы дух,
Шле табе цукерку.

Ён не можа бачыць слёз,
Постаці панурай
I прышле яшчэ абоз
Вам з мануфактурай.

Мы баронім твой жа край
Ад тваёй жа ўлады;
Зробім тут фашысцкі рай —
Будзеце вы рады...»

Байкі тыя беларус
Слухае з аглядкай,
Сам матае ўсё на вус:
«Брэшаш, ды не гладка.

Ёсць вас гэткіх брахуноў
Загаворваць зубы:
Гітлер ходзіць без штаноў,
Нам жа шые шубы;

Абяцае: боты дам,
Дам мануфактуры...
Ён пашыў бы боты нам,
Толькі... з нашай скуры;

Прызнаецца ўсё ў любві,
Спакушае раем,
Лапы ж брудныя ў крыві,
У чыёй — мы знаем.

Пад усмешкай воўчы клык,
А цукерка з ядам...
Падрыхтуем востры штык
«У падзяку» гадам».

1941

{jcomments on}