ПЛАЧ АБЫВАЦЕЛЯ

Вялікіх дзён не будаўнік,
Не рад ні сонцу, ні вясне,—
Ён цэлы дзень, як дзень вялік,
У камізэльку плача мне:

«Хаджу пануры між людзей,
I кроў цячэ з балючых ран;
Гляджу на шэрагі падзей,
Як абагулены баран.

Пакутных думак чарвякі
Мазгі расточваюць парой:
Ды хто ж, урэшце, я такі?
Ці абывацель, ці герой?

Не ўбачыць хіба мо сляпы
Напорных трактарных калон,
Але ж — малюсенькі, скупы
Наборнай кніжыцы талон.

Пяком калгасы, як бліны,
I ліквідуем кулака,
А тут працерліся штаны,
I рад бы каплі малака.

З скаромным праца йдзе спарней,
I сала з'еў бы я кусок,
Дык абагулілі свіней,
I вось — падцягвай паясок.

Калгасны рух штодзень шырэй,
А ные ўсё ж душа мая:
Як абагуляць і курэй,
Як буду без яечні я?

Вялікі шлях наш у жыцці,
I не папросіш — «падвязі».
А як не еўшы тут дайсці?
Ды без галёшаў па гразі?»

Яму ж сярдзіта я ў адказ:
«Цягніся, дзядзечка, ў хвасце:
Нічога вы — мільён хоць вас —
Для будаўніцтва не дасце».

Ад абывацельскай нуды
Ў вачах — кругі, на сэрцы — муць,
I я спяшаюся тады
Паветра чыстага дыхнуць.

1930

{jcomments on}