ХЛЕБ I «ВАТА»

«...іжа ясі на небясі,
Хлеб наш насушны схавай нам днесь».
— Дзядзька, можа здасі?
— Таварыш, дальбог жа, ўвесь.
(У «дзядзькі» наўмысле плаксівая міна.)
Паверыш, ну хоць бы асміна!
Сам патурбуйся, прайдзі да свірна.

Свіран, вядома, даўно пусты,
Збожжа, вядома, пайшло ў кусты.
Ды ўрэшце «таварыш» настроены мірна:
Ласку баіцца страціць навек,
Да «дзядзькі» плаксівага повен спагады:
«Што ні кажы ты, а і ён — чалавек,
Хоць і «цвёрдазады».
Мяккі «таварыш», проста як вата,
Хоць куды хочаш яго запіхай.
Развітваецца вінавата:
«Неяк жа будзе... няхай...
Як з яго возьмеш, калі ж ён божыцца?»

Падаўся «таварыш» па гладкай дарожачцы,
I хрысціць кулак мазгаўню цвёрдалобую:
«Ну, адкаснулася нячыстая сіла.
Дзякаваць богу! Мяйца і сына...
Хлеба яму... а трасцы з хваробаю!»

Лагодны «таварыш», быццам на шпацыры,
А ўслед яму — шротам кулацкія пацеры,
А ўслед яму шчэрыцца жоўты ікол.
Запісвай, «таварыш», сабе ў пратакол
Словы цягучыя з шэрае ваты:
«Захады ўсе прыняты».

Нам гэта «вата» абходзіцца дорага!
Яна ад удараў захоўвае ворага;
Яна прыкрывае пудоў мільёны
I хлеба, і мяса, і лёну,
Заўсёды гатова прыгрэць сваяка,—
Люба і куму, і брату, і свату
Стуліцца за гэтую «вату».
Ды нешта ж пра «вату» сказаў ЦК?

У бойцы за справу сацыялізма
Ударце па ваце апартунізма.
Каб аж ушчэнт расхвастаць,
Каб востраю зброяй працяць навылёт,
Каб аж норку пад ватай дастаць,
Дзе рыецца сёння кулацкі крот!

1932

{jcomments on}