СВІННІ НА ДАПАМОГУ

З працы ў складзе выязной брыгады «Звязды»
ў свінагадоўчым саўгасе «Банонь»

У сотні галасоў заложна — рох ды рох! —
Свінарнік абвясціў трывогу.
Схапіўшы на бягу шматок пякучых строф,
Спяшаюся свінні на дапамогу.

1. Дух цяжкі ў саўгасе

У свінагадоўчым саўгасе «Банонь»
праз недагляд за час з 1 студзеня
па 1 чэрвеня 1931 года здохла
1480 парасят.

Пахваліцца надта
Сёння тут няма чым:
Валачэцца шмат хто
У хвасце свінячым.

Глуха заклік гасне,
Гінуць свінні марна,
Дух цяжкі ў саўгасе —
У свіной трупярні.

А я тут не госцем,
А мне тут не есца:
Трэба ўзяць кагосьці
За такое месца,

Каб аж ён завойкаў
Ды адчуў, нягоднік:
Пачалася бойка
За свінню сягоння.

Трэ сказаць — даволі!
Прыпыніць злачынства,
Каб свіней паболей
Ды паменей свінства.

2. Дзядзя здельшчыны баіцца

На адной тэхнічнай нарадзе загадчык 
Бяздзедавіцкага аддзялення
саўгаса «Банонь» Бернштэйн 
заявіў, што для пераходу на здзельшчыну 
ў яго не хапае рабочай сілы.

На тэхнічнай на нарадзе
Быў адзін «разумны» дзядзя.
Дзядзя здзельшчыны баіцца,
Дзядзю здзельшчына «дваіцца».

«А на ліха,— кажа,— мне!
Тут і так рабочых мала,
Як яна ж апанавала,
Трэба болей удвайне».

Як жа мне тут пастарацца
Разжаваць — ды дзядзю ў рот?
Ўсюды здзельшчына для працы,
А ў яго — наадварот.

За прыгожыя мо вочы
Любіць здзельшчыну рабочы?
Я тут штосьці... ніт фарштэйн,
Паважаны Бернштэйн.

Вашы гэтыя развагі
Заслугоўваюць увагі,—
Вы ў саўгасе — гаспадар:
Ваша гэткая «памылка»
Гэта здзельшчыне магілка,

Па вытворчасці удар.
А мы вас — на белы свет,
Да рабочай масы тварам,
I ўжо ўдарым дык ударым,
Па-ударнаму, як след.

3. Дарогу сустрэчнаму плану

Той самы Бернштэйн на той самай
тэхнічнай нарадзе заявіў, што ён
не дазволіць сустрэчнага плана ў
доглядзе за свіннямі, бо тут пагоня
за колькасцю пойдзе на шкоду
якасці.

Дарогу!
Дарогу
сустрэчнаму плану!
З гэтакім лозунгам
хто ж
не згодзіцца?
Дазвольце,
я ўсё ж такі
гляну,
Як у жыцці ён
на месцы
праводзіцца.
Іду я дарогай
з сустрэчным планам:
Дзень добры —
рабочым!
Дзень добры —
сялянам!
Калгаснікі нас сустракаюць,
брыгады;
Усюды вітаюць,
усюды нам
рады.
Ды сэрца зноў
чагосьці ў трывозе,—
Той самы Бернштэйн
і тут
на дарозе:
Бровы насупіў
ды грозны такі
Стаў супроць нас,
скамячыў кулакі
(Аж сэрца
ад страху
сціскаецца болем):
«Сустрэчнага плана,—
крычыць,—
не дазволім!
З сустрэчным тут
нажывеш яшчэ
пакасць:
Сустрэчны — за колькасць,
а я —
за якасць».
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Годзе,
таварыш,
глупства пароць!
Ваш гэты довад
зусім
недарэчны.
Вы за якасць?
А хто ж супроць?
Ды хіба ж без якасці
гэта
сустрэчны?
А ўрэшце,
што мне спрачацца
з вамі,
Вы — «вучоны», вы — «падкаваны»,—
Няхай вам пакажуць ударнікі
самі,
Што такое
сустрэчныя планы.
Яны не прывыклі
ў хвасце
абы-як
паўзці,
Да апартунізму,
як вы,
не скоцяцца:
I аб колькасці,
і аб якасці
Напэўна
паклапоцяцца.

1931

{jcomments on}