ТАК ЖЫЛА МІЖ ІМІ ЗГОДА

Раскажу я тут пра тое,
Як зямлю каморнік мераў:
Меў ён справу з беднатою,
А ў кулачкі меў кватэру.

На калгас зямлі нястача,
А ў кулачкі нават лішкі,
Толькі ён таго не ўбачыў
Праз яечню ды кілішкі.

На спатканне ласка ласцы:
Ён кулацкага — ні пядзі;
Толькі дзівяцца калгасцы,
Як каморнік з бабай ладзіць.

«Што ж ён, сволач, не абрэжа?..
I зважаць на нас не хоча!
Хіба так пітво ды ежа
Засланілі яму вочы?»

А каморніку тут ясна,
Што — «дарэмна ў вочы лезуць.
У жанчыны у няшчаснай —
Што ж ты знойдзеш тут абрэзаць?»

Тэрмін досыць некароткі
Так жыла між імі згода:
Ля кулацкай цёплай цёткі
Аціраўся ён паўгода.

Ад густой кулацкай пары
Хлопцу вочы засляпіла,
Толькі, кажуць, акуляры
РСІ яму купіла.

1929

{jcomments on}