ЦІ Я НАД ЯСЛЯМІ СУМУЮ

Дзякуючы кулацкай агітацыі і га-
лавацяпству некаторых устаноў за
адзін снежань месяц 1928 г. па
БССР зарэзана 35 000 коней.
З газет
 

Ці я над яслямі сумую,
Ці йду гуляць на паплавы,—
Адной вось думкі не ўтаймую,
Яе не выгнаць з галавы.

Ці параконны плуг сустрэну —
На сэрца сум наводзіць ён:
Не дачакацца мне на змену
Сталёвых трактарных калон.

Ці лёгкі ветрык ледзь павее —
Тугу нагоніць шэптам лес:
Мне не вазіць на рум бярвення,—
Мяне рыхтуюць на зарэз.

I хоць аблупленаму мясу
Ўсё роўна, дзе ні дагніваць,
Бліжэй да роднага калгасу
Я ўсё ж хацеў бы спачываць,—

Кіраўніку застацца другам
I ўзвесяліць маркотны дух,
Як гэты друг мой саматугам
Пацягне параконны плуг.

Цяпер жа мне не дапаможа
Ні мора выплаканых слёз,
Ні стан здаровы ды прыгожы —
Адзін мяне чакае лёс:

Галавацяпы заўтра здуру
Тут пагуляць дадуць нажу,
I за сваю гнядую скуру
Апошні раз я задрыжу.

I горка чэрап выскаляцца
Пачне з таго, што гаспадар,
Хлусні паслухаўшы кулацкай,
Мяне на скуру запрадаў.

I галавой кіўну з магілы,
Калі ўжо буду нежывы:
Скурсіндыкат, жыві, мой мілы!
Хоць цяжка жыць без галавы.

1929

{jcomments on}