МІКІТКА

Носік бурачковы
Пасінелы трошкі,
Портак шарачковых
Выцерты калошкі,

Латаны кажушак
Ці такая ж світка,
Лапці па сем вушак —
Вось які Мікітка.

Як бяжыць у школу,
Без канца вясёлы,
Як бяжыць са школкі,
Весялей ў тры столкі.

Прынясе трасянкі,
Дасць вады Рагулі,
А пасля за санкі
I пайшоў на гулі.

Яго «бот» лыковы
Скуратом падшыты,—
Не дагнаць нікому,
Не злавіць Мікіты.

Калі ж вёска ў змроку
Гляне бляскам вокан,
Для хлапецкай песні
Свет, здаецца, цесны.

Перад вамі, дзеці,
Скрозь яснеюць далі,
Жывяце на свеце
Вы без «анамалій».

З вамі напрадвесні
Я, салідны дзядзя,
Пеў бы, здэцца, песні
Ў піянератрадзе.

1926

{jcomments on}