УСТАРЭЛА ТЭХНIКА

Кінь, Ілья, пустое дзела!
Твая тэхніка ўстарэла.
Ну якая ў тым патрэба,
Што калоціш часам неба?

I каго спужаць ты хочаш,
Калі моцна загрукочаш?
Слаба, брат! зусім жа слаба,—
Не баіцца нават баба.

Часам ты махнеш маланкай,
Як падпасак дратаванкай,—
Гэта быў мо цуд калісьці,
А цяпер дык без карысці.

Вунь у нас калі маланка!
Свеціць з вечара да ранку,
З гулам, з грукатам страшэнным
Яна рухае машыны.

Хутка бегае па дроце
(Не па ўласнай хоць ахвоце),
Асвятляе горад бляскам,
Прэ людзей вагоны з ляскам,

Што не справяцца і коні,
Паслугуе ў тэлефоне,
За сто вёрст тваю размову
Перакажа слова ў слова,

Тэлеграмы носіць шпарка,
Варыць есці, як кухарка.
Ці паветра там, ці мора —
Усё роўна ёй не гора:

Прэ без дроту па паветры
На шмат тысяч кіламетраў...
Дык вось кінь, Ілья, хваліцца
Сваім громам, бліскавіцай:

Твая тэхніка — старая,
У архіў даўно пара ёй.

1925

{jcomments on}