АПАНАСАВА СВЯДОМАСЦЬ

Я знаў Апанаса «марксіста».
Пад свой светапогляд адразу
Падвёў ён «марксісцкую базу»
I заўжды казаў урачыста,
Сустрэўшы мяне, той ягомасць:
— Быццё вызначае свядомасць.
Калі ж пры бутэльцы сам-насам
Пабудзеце вы з Апанасам,
То як дыялектык нядрэнны
Ён зробіць у формуле змены:
— Што ж, вып'ем за нашу знаёмасць,—
Піццё вызначае свядомасць.
А стрэнецца з думкаю з новай,
Што шчэ не прайшла цыркулярам,
Дык скажа з нахмураным тварам
Да аўтара іншаю мовай:
— Па храпе дастанеш, ягомасць,—
Біццё вызначае свядомасць.

1929

{jcomments on}