ФІГА НА ТАЛЕРЦЫ

Шмат цяжкой работы
Панству-дыпламатам,
Скажам, тыя ж ноты,
Той жа ультыматум:
Надзяюць вам путы,
Але ўсё «з пашанай».
Колькі тут атруты
З цукрам размяшанай!
Колькі тут фатыгі,
Колькі мёду ў перцы!
Вось узорчык фігі,
Фігі на талерцы.

Калі вашу кніжку
Пахвалілі ў друку
За паперу крышку,
А пра змест — ні гуку,
Дык пры чым тут кніга?
Вы ўжо мне паверце —
Перад вамі фіга,
Толькі на талерцы.

Або, скажам, знялі
Вас з якой пасады,
Вам па шапцы далі
Ды за вас жа й рады:
Вечар развітання,
Выпіўка і тосты.
Значыць, тут пытанне
Зноў жа не так проста,—
Веселы вы й самі,
Але што на сэрцы?
Разыгралі з вамі
Фігу на талерцы.
Калі вам часамі
Закідаюць вуду
(Хто? Глядзіце самі,
Я казаць не буду),
Хваляць на ўсе коркі,
Хоць жадаюць смерці,—
Гэта зноў жа толькі
Фіга на талерцы.

Вы калісьці елі,
А цяпер «не есца»,
Бо вы службу мелі,
А цяпер без месца.
Падалі заяву —
Просяць вас прысесці,
А сваячка «зава» —
Шасць — і ўжо на месцы:
Браму не праз тую,
Праз другія дзверцы,—
Гэта вас частуюць
Фігай на талерцы.

Ў вылучэнскім стане
Вам такая ўвага!
«Маё шанаванне»
Ад самога «зага».
Вас цікавіць справа? —
«Кіньце клапаціцца!
Мо ці не пара вам
Ехаць падлячыцца?»
Лёгкія здаровы,
Нічагуткі ў сэрцы...
Маеце адно вы —
Фігу на талерцы.

Аблажыў псеўдонім
Вас учора ў друку,
А сапраўдны сёння
Паціскае руку
Ды ляпеча штосьці,
Лезе цалавацца,—
Вам тады ад злосці
Як не разарвацца!
Так рука і просіць
Трэснуць па манерцы:
Гэта ж ён падносіць
Фігу па талерцы.

Калі пры спатканні
З важным бюракратам
Прыкідацца стане
Вельмі ён занятым,
Да другога разу
Пачакаць вас просіць,—
Тут відаць адразу,
Што ён вам падносіць.

Колькі амбарасу
Каля гэтай справы!
Болей тут акрасы,
Як тае патравы:
Фіга мокне ў ласцы,
Ласку льюць без меркі...
Хай жа ім аддасца
Проста, без талеркі!

1927

{jcomments on}