ЦІ ТО ЗДОЛЬНЫ ПЯСНЯР, ЦІ ТО МОДНЫ ПЛЯТКАР?

Каму прысвячаецца,
дык той здагадаецца

Ад зары да зары
Ўсё сядзяць песняры —
Пішуць песні свае «пралетарскія».
Каб жа іх зразумець,
Тлумача трэба мець —
Без яго яны нам, як татарскія.

Не мажэ ні адзін
Зразумець селянін
Гэтай песні, таксама й рабочыя.
Ці то — здольны пясняр,
Ці то — модны пляткар,
Зразумець не магу, кажу ў вочы я.

Песні ўсё не для мас:
Іх чытаць — трэба час,
I чытаюць іх толькі аматары.
Яны скажуць падчас:
«Вось дык сплёў выкрутас!
Ну і штучна ж пляце, ліха матары!..»

Згвалчан вобразам змест,
Заяўляе пратэст
I ў людзей-чытачоў просіць помачы,
А як возьме чытач,
Дык тут зноў — хоць ты плач! —
Абалдзее зусім, голаў ломячы.

1925

{jcomments on}