РАГУЛIНА ПРАМОВА ДА СВАЙГО ГАСПАДАРА

Я, сялянская карова,
Прашу слова. Дайце слова!
Ну, за што цярплю я здзек
Праз увесь каровін век?

У хляве — гуляй у жмуркі,
Толькі свецяць трохі дзюркі,
Ў ім, па праўдзе вам кажу,
Я ўсю зімачку дрыжу.

Ем жа я адну салому,
Дык вядома і малому,
Што не дам шмат малака,—
Трэба сена ды мука.

Як саломы я не выем,
Дык ты перыш мяне кіем
Па спіне ды па баку,—
Дзе ж таму быць малаку?

Калі бегаць зажадаю,
Дык заўсёды вось што маю:
Проста жабу, не быка,—
I прыводжу «пацука».

Дай ты добрага мне мужа,
Ды кармі, каб была дужа,
Прынясу тады прыплод,
Што не выкінеш за плот.

Не ўзбівай мне кіем спіну,
А давай лепш канюшыну,
Бі больш рэпай, бураком,
Тады будзеш з малаком.

1924

{jcomments on}