З ТЫСЯЧНЫМ НУМАРАМ

Прысвячаецца газеце «Савецкая Беларусь»

Пажадаю жыць газеце
Тысяч тры гадоў на свеце
I не страціць добры гумар,
Святкаваць мільённы нумар,
Каб і я з мільён і першым
Прывітаў патомкаў вершам.
Каб рэдакцыя шаноўна
Матэр'ялу мела поўна,
А для «лішняга» прыпыну
Мела большую карзіну;
Пажадаю пры астачы
Зачыніць «Куток дзіцячы»...
Выпускаючы каб дату
Помніў так, як свайго тату,
А карэктару — чатыры
Вочы вытарашчыць шырай,
Не прыйшлося каб ніколі
Замест «волі» чытаць «болі».
Ўсім падпісчыкам вясковым
Ужываць прасцейшай мовы
I за месяц ганарару
Атрымаць рублёў хоць пару,
На бутэлечку чарніла
I па пер'я каб хапіла,
I пісаць (не лішне, ў меру)
На адным баку паперы.
Вось мае тут пажаданні
Выліў я ўжо ўсе дазвання,
А з каго мо не даволі,—
Хай жадае сабе болей.

1924

{jcomments on}