ЦІТ ЗАВОДЗІЦЬ НОВЫ БЫТ

Паглядзіце вы па Ціта —
Вынес ён у хлеў карыта
I падсвінкаў, і свіней
Выгнаў з хаты і з сяней.

Ўзяўшы дзетак на падмогу,
Палажыў сяк-так падлогу,—
Не на жарты, мусіць, Ціт
Стаў заводзіць новы быт.

На ўсю зіму вось на гэту
Ціт наш выпісаў газету —
Хоча ведаць, як відаць,
Што на свеце дзе чуваць.

Перад дочкамі й сынамі
Ціт не лаецца «па маме»,
Не лупцуе жонкі Ціт —
Ён заводзіць новы быт.

На папа глядзіць Ціт коса,
А ў царкву не ткне і носа,—
Ну, і з богам, значыць, квіт,
Бо заводзіць новы быт.

Не з апошніх Ціт і ў полі —
Перайшоў на мнагаполле,
Сее рэпу, буракі...
А растуць жа — як гаршкі!

Быў узгорак, так як бубен,
Але Ціт насеяў лубін,
Дык (ці веры вы дасце?),
Як чарот, жытцо расце.

Тодар, Ян, Язэп, Мікіта!
Чым вы горшыя за Ціта?
Дык пачніце ж, як і Ціт,
Вы заводзіць новы быт.

1923

{jcomments on}