У ТАКУ

Раз за разам гоп ды гоп:
Над гарохам грэю лоб;
Як маланка, біч мільгае,
Трохі й жонка памагае.

Б'ю з-за вуха, з-за пляча,
Не шкадуючы біча:
Біч дубовы не паб'ецца,
Жонка зноў — не астанецца.

Ты не чхай ад пылу, нос,—
Не ў палацах жа мо рос,
Бо за гэту вось прывычку
Зараз ты заробіш пстрычку.

Змалачу, прадам гарох,
Панясу аддам налог,—
Не хачу быць вінаватым,
Хоць зусім я небагаты.

Дык гучней жа гопай, біч,
Сябрукоў да працы кліч,
Бі, падскаквай аж пад страху
Ды дражні па гумнах рэха!

1923

{jcomments on}