КУЛАК

У краўцовага Ігната
Барада — нібы лапата,
Нібы тое памяло,—
Над усё, браткі, сяло;

Шапка — цэлая авечка,
Нібы буслава гняздзечка,—
Адно дзівіцеся вы,
Як не зверне галавы;

А кажух! — аўчын мо з восем
(Мы такіх, браткі, не носім),
Паўаршына той каўнер —
На кулацкі ўсё манер;

Тыя боты як уздзене,
Дык халявы па калені,
А як пойдзе, дык рыпяць —
Варты мо чырвонцаў з пяць.

А прыхільны ж ён да ўлады!
Як сабака палцы рады,
I наровіць заўжды, гад,
Абысці каб як загад.

Калі ўзяць, дык — надта хітры,
Калі даць, дык — «носік вытры».
Увільне не сяк, дык так,
Бо нашто ж бы быў кулак?

1923

{jcomments on}