НЕ ДА «БЖУХУ» СТРАВА

Кускі смачныя цалком
Пан глытае век-вяком,—
Так жа вось вайной мінулай
Польшча «Крэсы» праглынула.
Толькі гэтакі кусок
Каб не вылез ёй праз бок:
З ёю дрэнна нешта справа
(Не да «бжуху», мусіць, страва),—
Дактароў усіх рэцэпты
I бабулек розных шэпты ,
Не памоцны хворай тут,
Не памог і пан Тугут.
Ужо каркаюць вароны...
Шчыра просячы «аброны»,
Ждуць з надзеяй паны ўсе —
Можа бог дасць, пранясе.
Але Польшчы, як здаецца,
Пастагнаць тут давядзецца.

1924

{jcomments on}