У СУШНІ

За паклонамі б'юць церніцы паклон,
За ручайкаю ручайку грызуць лён,
А з-пад церніцаў кастрыца — быццам снег,
Трэплюць бабы языкамі, дык аж смех,
Перабралі ўжо ўсю вёску мо не раз:
Як пабіўся сёння з жонкаю Тарас,
Як аладак дрэнных Тэкля напякла,
Як учора Манька ўпрочкі уцякла,
Як нядобра накладаюць прадналог,
Як на ўсіх людзей загневаўся ўжо бог,
Бо і людзі ўжо забылі пра яго,
Як Марыля загрубела й ад каго,
Як Тадора шмат нацерла ўчора льну
I як Польшча абвясціла нам вайну...
Так у сушні ў нас вядзецца век-вяком,
Там найболей бабы трэплюць языком,
I пакуль натрэ дзесятак які льну,
Дык абрэша дзесяць раз адна адну.

1923

{jcomments on}