ПРАБОРКА МУЗЕ

Лаяў сёння сваю музу я:
«Ах ты,— кажу,— галапузая!
(Ды абазваў яшчэ сякою-такою).
Што ты,— кажу,— не даеш супакою
Мне ні ўдзень, ні ўночы,
Хоць плюй табе ў вочы:
Па вуліцы за мною цягаешся,
Над усімі выскаляешся,
Не зважаеш ні на кога ні крышку,
Часамі зачэпіш і важную шышку.
А ты,— кажу,— муза-дура,
Не касіся на пуза саўбура,
Не сачы падазрона вачамі
За нэпачамі,
Не чапляйся гэтак заўзята
Да бюракрата
Ды згінайся ў пашане ямчэй,—
Ці не будзе мне крышку лягчэй».

1923

{jcomments on}