ХТО ЗА НАМІ?

Да пабудовы самалёта
«Савецкая Беларусь»

Хлопцы! Янка, Сцёпка, Петра!
Хто за намі па паветра?
Хто ахвотнік неба мераць,
Дык выходзь сюды наперад.
Ну, а ты што крывіш губы?
Ці табе лятаць не люба?
Ці ты поўзаць толькі здольны?
Гэй, у неба птахам вольным
На спатканне навальніцам!
Ты ўжо мерышся садзіцца?
Пачакай — яшчэ, брат, рана,
Бо няма ж аэраплана:
Калі ты лятаць адважны,
Дык памацай свой бумажнік,
I твая капейка трэба,
Каб узняцца нам пад неба.

1923

{jcomments on}