НА «КРЭСАХ УСХОДНIХ»

Да прамовы пана Сікорскага

Пан клапоціцца на «Крэсах».
Аб чыіх жа інтарэсах?
Можна бачыць і сляпому —
Не аб нашых жа, вядома.
Воўчы зуб не памагае,
Дык палітыка другая
У яго як бач паспела —
Хвост пусціць лісіны ў дзела;
Ходзіць, губкамі мыляе,
Канстытуцыяй віляе,
Мякка сцеле, гладзіць вусы
Украінцу й беларусу:
«Мы вас любім, мы вам рады,
То чыноўнікі ўсё, гады,
Вас там крыўдзілі дагэтуль —
Мы пакажам ім за гэта.
Вось вам цацак (папяровых),
Вось вам школы, вось вам мовы...»
Ходзіць пан лісой-хітрушкай
Перад крэсаваю птушкай.
Беларус, глядзі не каркай,
Бо адчуеш сваім каркам,
Чаму пан такі стаў добры:
Кось-кось-кось — пакуль ў аглоблі,
Потым па баку дугою
Ды ў жывот яшчэ нагою.

1923

{jcomments on}