ПЛЕТКАРЫ

Знае ён усё на свеце,
Вестак больш, як у газеце,—
Чуў — не чуў, а навіну
Скажа вам, ды не адну;
Што і чуў, дык пераверне,
I пайшла пісаць губерня,
Бо даўгі яго язык
Да спакою не прывык.
«Вой, сястрыца! Чула дзіва?
Кажуць, сёння нарадзіла
Жонка Сцёпкі Карася
Не дзіця, а парася».
«А я чула ад Аўдолі,
Што папы дзесь раскалолі
Ўсю царкву напапалам —
Частка тут, а частка там».
«На Германію ж, казалі,
Рэпарацыі напалі,
Многа знішчылі дабра...
Гэта, кажуць, машкара.
Так жарэ, што не дай божа:
Есць траву, жывёлу, збожжа,
Лес паела дзе-нідзе,
Пераходзіць на людзей».
Вы, зязюлькі мае, цёткі,
Што за смак вам плесці плёткі?!
I мазоліць языкі
Вам, саколікі-дзядзькі?
Час і сілу дарма траціць?
Плеткарам жа мо не плацяць?
Толькі й платы бедаку,
Што мазоль на языку.

1922

{jcomments on}