ДАВЯЛОСЯ СВІННІ НА НЕБА ГЛЯДЗЕЦЬ...

Жыла-была адна Свіння.
Паслушная сваёй прыродзе,
Яна ў гнаі капалася штодня
Ды рылася ў гародзе.
Часамі нават на лугу альбо на полі
Бываць прыходзілася ёй,
Але што ў небе ёсць, над галавой,
Свіння не бачыла ніколі.
Яна хоць чула нейкія гаворкі
Пра сонца, месяц і пра зоркі,
Ды гэта ўсё нічога ёй не гаварыла.
З-пад лапушных сваіх вушэй
Яна і глянуць не магла вышэй
Свайго свінога рыла.
Аж неяк раз Свіння хацела ўлезці
У моркаву суседскую ў гарод,
Узбілася дубка на плот
Пярэднімі нагамі ды грудзьмі
I... неба ўбачыла як мае быць, нарэшце.
— Дык вось яно, хвалёнае людзьмі! —
Захрукала расчаравана.—
Ні лужыны, ні яміны, ні калдабана,
Ніводнай нават кучы гною!
А выхваляюць жа — прастор ды прыгажосць!
Аж проста разбірае злосць,
Што кормяць нас такой маною!
Ну, шырыня, раўніна, гладзь...
Ну дык і што ж? За што іх выхваляць?
Якая мне карысць ад гэтай сіні?
Што неба роўнае — няма чаго дзівіцца:
Каб там было чым пажывіцца,
Яго б даўно парылі свінні.
А сонца ж вунь! Пра хараство яго
Нямала людзі языкамі клепюць,
А тут і хараства ўсяго,
Што вочы толькі слепіць.
Ну вось, пабачыла... Цяпер я з небам квіта.
Няхай туды імкнуцца праз вякі
Энтузіясты-дзівакі,
А мне мілей маё карыта.

1938

 

{jcomments on}